Вёска Дайлідкі: гісторыя і людзі, што яе стваралі (обновлено)
12:14 / 06.06.2020
– Вы робіце вялікую справу, калі пішаце пра гісторыю паселішчаў Астравеччыны – нават тых, што ўжо зніклі ці знікаюць. Хацелася б, каб і пра нашы вёскі ўспомнілі – гісторыю, людзей, якія тут жылі і працавалі, пра іх справы. Я сорак гадоў збіраў звесткі пра Дайлідкі і навакольныя вёскі – хацелася б, каб гэтая памяць засталася не толькі ў маіх нататніках, – з гэтымі словамі Казімір Станіслававіч падаў 30 рукапісных аркушаў.
Пасля напружанай працы яны пераўтварыліся ў нарыс пра гісторыю Дайлідак і навакольных вёсак і жыхароў гэтых мясцін.
Чытаем «Даўкшышкі», разумеем – Дайлідкі
Для людзей прышлых (да якіх адношу і сябе) часам незразумела, чаму мясцовыя жыхары, асабліва старэйшыя, гаворачы пра Дайлідкі, узгадваюць Даўкшышкі. І нават усёвед інтэрнэт, падаючы фотаздымак дайлідскага касцёла Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, у дужках пазначае «Даўкшышкі» – ці наадварот.
А блытаніна гэтая ўзнікла з-за таго, што да 1949 года існавалі асобныя вёскі: Даўкшышкі, Дайлідкі, Андрэеўшчына (Вагісы), Каралюны, якія затым былі аб’яднаны ў адну вёску з назвай Дайлідкі.
З гісторыі
Кніга «Памяць. Астравецкі раён» сведчыць, што першы пісьмовы ўспамін пра Дайлідкі адносіцца да 1546 года. Гэтая назва ўзгадваецца як сяло з людзьмі, уласнасць віленскіх гаспадарскіх зямян Яна Ерыковіча, Шымка Андрэевіча і Бортка Янавіча Свіркаў.
У 1549 годзе вёска ўжо ўласнасць віленскага гаспадара баярына Паўла Юражыча, праз год – Якуба Янавіча Свіркі, які прыкупіў да маёнтка землі ў навакольных зямян. У запісах 1558 і 1559 гадоў успамінаецца маёнтак, уласнасць гаспадарскага двараніна Шымка Андрэевіча.
У 19 стагоддзі вёска ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні ў складзе маёнтка Даўкшышкі, валоданне памешчыка Лашкевіча. Акрамя маёнткаў паноў Лашкевічаў у Даўкшышках і Валярыне, паблізу былі землі і сядзібы генерала Качана і пана Гутаровіча.
У 1870 годзе вёска належала Сольскай гміне і адносілася да Даўкшышскай сельскай грамады. У 1897 годзе тут налічвалася 18 гаспадарак, 102 жыхары і хлебазапасны магазін. Напачатку 20 стагоддзя Дайлідкі належалі Сольскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.
Вёска моцна пацярпела падчас Першай сусветнай вайны, бо паблізу праходзіла лінія фронту. Насельніцтва было адселена ў глыб Расіі, у Чалябінск. Пасля вайны, у 1920 годзе, некаторыя вярнуліся ў разбуранае, разрабаванае паселішча, а многія вяскоўцы засталіся ў Расіі.
Да 17 верасня 1939 года Дайлідкі, як і ўся тэрыторыя Астравеччыны, знаходзіліся ў складзе Польшчы. У 1938 годзе ў вёсцы налічвалася 23 двары і 114 жыхароў.
У багатых свае забавы
Пан Уладзімір Лашкевіч, адчуваючы хуткі прыход Саветаў, прадаваў землі, а грошы клаў у варшаўскія банкі. І вёў разгульны лад жыцця. Расказвалі, некаторыя вяскоўцы знарок чакалі, калі падпіты Лашкевіч будзе выходзіць з карчмы: таму, хто падаваў яму паліто і капялюш, даваў шчодрыя чаявыя.
Пан Гутаровіч, едучы ў прыгожай брычцы, любіў кідаць грошы дзецям, што беглі ўслед; тыя шукалі іх у дарожным пыле, біліся і сварыліся – пана гэта весяліла.
Паны Качаны жылі ў Варшаве, за іх домам прыглядвала прыслуга. Перад прыходам Саветаў пані прыехала ў свой маёнтак на аўтамабілі, загадала слугам адкапаць у склепе скрынку і забрала яе з сабой – больш Качаноў у вёсцы не бачылі. А дом іх пасля 1939 года разабралі і перавезлі ў Астравец.
(З успамінаў старажылаў, запісаных Казімірам Варановічам.)
Улада мяняецца…
Прыход савецкай улады ў 1939 годзе мясцовым жыхарам запомніўся тым, што ў маёнтку паноў Лашкевічаў размясцілася конніца і чырвонаармейцы. Але прабылі яны тут нядоўга: хутка іх адправілі на карэла-фінскую вайну. Зіма ў 1940 годзе была лютая, маразы дасягалі 40 градусаў, вымерзлі сады. Цяжка сказаць, ці вярнуўся хто з той незразумелай вайны. Жонка камандзіра коннага войска жыла на кватэры ў Карвэцкіх каля Тракеляў – перад прыходам немцаў яна выехала ў Расію.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, некаторых мужчын забралі на фронт – каго паспелі. Неўзабаве прыйшлі немцы. Асаблівых турбот мясцовым жыхарам яны не дастаўлялі, адзінае, што гаспадароў з коньмі адпраўлялі на шараварку – будаваць дарогу. А ноччу прыходзілі партызаны, якіх трэба было некуды адвезці. І часта здаралася, што, не звёўшы ноччу вокам, гаспадар ранкам ехаў на работу.
З 20 верасня 1944 года ў Дайлідках аднавілася савецкая ўлада. Вёска ўвайшла ў склад Дравяніцкага сельскага Савета Астравецкага раёна Маладзечанскай вобласці.
Не абмінуў мясцовыя вёскі «чорны варанок» – так называлі машыны, якія вывозілі людзей у нікуды. Казімір Варановіч расказвае, што ў тыя гады забралі і вывезлі былога падсолтыса Баляслава Сяргея – больш пра яго ніхто не чуў. У Карэлію на лесапавал адправілі Івана Матусевіча – у 2014 годзе яго ўнучка, прафесар медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу, адшукала магілу дзеда і прывезла ў Дайлідкі яго костачкі, каб пахаваць на роднай зямлі.
Хто забіў Калгушкіна?
Мікалай Калгушкін (унізе злева), Яраслаўль, 1934 г.
У пасляваенны час на гэтых тэрыторыях дзейнічала некалькі банд – з Баяроў, Свіршчызны, Снігян. У іх было сваё адзенне, дакументы, свая ўлада. Асаблівай жорсткасцю вызначаліся снігянскія бандыты.
Расказвалі, што яны прыйшлі на вяселле ў вёску Солы і забілі бацьку маладой: маўляў, не вяселле будзеце спраўляць, а пахаванне!
Пахаванне Калгушкіна і Ушакевіча
І намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Калгушкіна са старшынёй сельсавета Іванам Ушакевічам, пра якіх неаднойчы пісала «Астравецкая праўда», па сведчанні мясцовых жыхароў, забілі не члены банды Вікенція Карвэцкага, а снігянскія.
(З успамінаў старажылаў, запісаных Казімірам Варановічам.)
Пасля забойства Калгушкіна і Ушакевіча за «лясных братоў» узяліся ўсур’ёз і хутка ліквідавалі ўсе банды. А ў раёне пачалася масавая калектывізацыя.
З «Іскры» разгарэўся «Рассвет»
У снежні 1949 года ў Дайлідках стварылі калгас «Іскра», старшынёй якога абралі Міхаіла Філіпавіча Бекіша. У вёсцы Даўкшышкі ў 1950 годзе арганізавалі калгас «Полымя», старшынёй яго стаў Ігнат Францавіч Рзун. У Тракелях з’явіўся калгас «8 Сакавіка», старшыня – Барыс Іванавіч Усціновіч.
Першы старшыня калгаса Ігнат Рзун з жонкай Марыяй
А 18 сакавіка 1951 года гэтыя гаспадаркі аб’ядналі ў адну з цэнтрам у вёсцы Дайлідкі. Узбуйненаму калгасу дасталіся дайлідскія назва – «Іскра» і старшыня – Міхаіл Бекіш.
Першымі калгаснікамі, акрамя старшыні, былі Лука Собаль, Іосіф Александровіч, Марыян Страцэўскі – вучань каваля, якога паранілі ў перастрэлцы, калі забілі Івана Ушакевіча і Мікалая Калгушкіна.
У лістападзе 1951-га старшынёй калгаса стаў камуніст Пётр Сцяпанавіч Зарубін, якога прыслаў райкам партыі. Як сведчаць дакументы, тагачасны першы сакратар Астравецкага райкама Іван Мацюшаў і Пётр Зарубін у гады вайны ваявалі ў адным партызанскім атрадзе на тэрыторыі Асіповіцкага раёна.
У 1951 годзе ў калгасе было толькі два камуністы: старшыня Пётр Зарубін і яго намеснік Іван Ваўчок. У 1953 у партыю ўступіла яшчэ двое: В.С. Дзедзенка і А.Ф. Фёдараў, што дазволіла стварыць пярвічную арганізацыю, сакратаром якой абралі Фёдарава.
Першымі камсамольцамі сталі Баляслаў Матусевіч, Леанарда Матусевіч (мусіць, брат і сястра), Іван Ушакевіч (той самы старшыня сельсавета, які загінуў ад бандыцкай кулі), Васіль Атосін, Васіль Цімошын – ён з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі.
Баляслаў Сяргей
На 1 студзеня 1952 года ў калгасе налічвалася 207 двароў, у пяці брыгадах працавала 418 чалавек. Мелася грузавая аўтамашына, сенакасілка, конныя граблі, збожжавая сарціроўка, набор конных прылад. Пасяўная плошча збожжавых складала 300 гектараў, бульбы – 76 гектараў.
Пётр Зарубін узначальваў калгас «Іскра» да 1 верасня 1955 года. Ён стварыў дзве будаўнічыя брыгады, цесляроў і муляраў. Праз два гады ў калгасе з‘явілася свая электрастанцыя, у 1953 годзе пачалося будаўніцтва радыёвузла. Узвялі дзве стайні на 100 галоў, кароўнік на 80 галоў, свінарнік на 150 галоў, льносушылку.
Пасля таго як у 1955 годзе Пятра Зарубіна перавялі старшынёй у калгас «Чырвоная зара», «Іскру» ўзначаліў галоўны аграном Астравецкай МТС Віктар Паўлавіч Паваротны. Пры ім у калгасе пабудавалі кароўнік на 127 галоў, цялятнік на 100 галоў, кармасховішча. Павялічыўся статак буйной рагатай жывёлы да 184 галоў, пагалоўе свіней склала 184 галавы, коней – 141 галаву. Пасля ліквідацыі МТС калгас купіў сваю тэхніку: пяць трактароў, чатыры аўтамашыны ГАЗ-51. Мінімум працадзён для мужчын у той час складаў 250 выхадаў, для жанчын – 180, для падлеткаў – 50.
У 1961 годзе Віктара Паваротнага з падзякай за добрую працу перавялі на іншую работу, а старшынёй калгаса «Іскра» абралі Івана Арсенцьевіча Лісіцына.
У снежні 1962 года Астравецкі раён расфарміравалі і падзялілі паміж Ашмянскім і Смаргонскім. Калгас «Іскра» ўвайшоў у склад Ашмянскага раёна. Там ужо быў калгас з такой назвай, таму дайлідскі назвалі «Рассвет».
Ад росквіту да заняпаду
Віктар Ярмак з жонкай
13 снежня 1962 года калгас зноў увайшоў у склад Астравецкага раёна, і 10 лютага 1966 года яму далі імя Калініна. Івана Лісіцына ўзнагародзілі медалём «За працоўную доблесць». З 26 чэрвеня 1965 года Дайлідкі ўвай шлі ў склад Ізабелінскага сельскага Савета.
У 1970 годзе да дайлідскага калгаса далучылі калгас імя Якуба Коласа, ва ўзбуйненую гаспадарку ўвайшлі вёскі Вялікія, Малыя і Новыя Якентаны, Ажуройсці, Баяры, Юзуліна, Дайлідкі, Тракелі, Свіршчызна, Падпруддзе, Мілайшуны, Міжаны.
На той час у Дайлідках было 373 жыхары. Асушаліся балоты, сельскагаспадарчыя ўгоддзі павялічыліся да 5 000 гектараў, з’явілася моцная кармавая база.
Іван Лісіцын працаваў старшынёй калгаса амаль 17 гадоў. Яго змяніў Мікалай Галай. Новы старшыня пабудаваў комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы на 2 000 галоў, пашыраў і прыводзіў у парадак землі, разам з калгаснікамі ачышчаў палі ад камянёў.
Пасля Галая пэўны час гаспадарку ўзначальваў Генрых Захарэвіч.
А найбольшага росквіту калгас імя Калініна дасягнуў у 80я гады, калі старшынёй працаваў Віктар Ярмак.
Калінінскія мільёны
У Дайлідках адкрылі падсобны цэх па вырабу прадукцыі з пластмасы, якая карысталася вялікім попытам. У калгасе ў той час працавала 700 чалавек, у тым ліку 200 – у падсобным цэху. Штодзень аўтобусы прывозілі ў вёску па 50-60 рабочых з Вільнюса. Кіраваў цэхам Уладзімір Шостак, а з 1987 года – намеснік старшыні па прамысловай вытворчасці Міхаіл Клусевіч. Рабочыя ў падсобным цэху зараблялі на 300-400 рублёў – для параўнання, аклад калгасных спецыялістаў у той час складаў 110-140 рублёў, галоўных – 250.
Калгас зарабляў на пластмасе вялікія грошы. На рахунку гаспадаркі знаходзілася па пяцьшэсць мільёнаў рублёў – тых, савецкіх, не сённяшніх! Нават знакамі таму расійскаму аўтама більнаму гіганту «КамАЗу» дайлідскі калгас пазычаў грошы. І на дабрачыннасць праўленне сродкаў не шкадавала: на дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі калгас пералічыў мільён рублёў, дапамог аднавіць вернуты вернікам касцёл у Дайлідках, пабудаваць праваслаўную царкву ў Астраўцы.
Але не толькі падсобным цэхам жыла гаспадарка – вялікая ўвага надавалася развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці. На жывёлагадоўчым комплексе ўтрымлівалася ад 2 500 да 3 000 галоў буйной рагатай жывёлы. Яшчэ 2 000 галоў размяшчаліся на фермах «Тракелі», «Ажуройсці», «Якентаны». Працавала свінаферма на 200 галоў, звераферма, дзе вырошчвалі нутрый, – ёй загадваў Станіслаў Савіцкі.
Вялікі ўклад у развіццё калгаса ўнеслі спецыялісты, кіраўнікі сярэдняга звяна, радавыя працаўнікі. Добрым словам успамінаюць вяскоўцы Крысціну Захарэўскую, шматгадовую загадчыцу дайлідскай фермы. Шмат зрабілі для развіцця жывёлагадоўлі Алег Кузьміцкі, Алёна Шубінская, Ірына Полугадкова, Ганна Александровіч, Валянціна Лобач, Марыя Алітойць, спецыялісты заатэхнічнай службы Іосіф Рыбак, муж і жонка Казімір і Валянціна Каляды. У Тракелях фермай і вытворчым участкам загадвалі Леанід Гацко, Людміла Скарульская, у Якентанах – Станіслаў Слюжэль, Галіна Рагавец, Віктар Раткевіч.
У калгаснай ветэрынарнай службе плённа працавалі муж і жонка Уладзімір і Леакадзія Гаранскія, Крысціна Сасаева, Генавефа Круйша, Яўгенія Венедзіктава, Тамара Заблоцкая, Яўген Круць, Святлана Гайдановіч, Казімір Варановіч – апошні, дарэчы, з’яўляўся ветэрынарным урачом больш за 30 гадоў.
У земляробстве шмат зрабілі Уладзімір Ігнатовіч, Леанід Гацко, Іван Балтрукевіч, Уладзімір Козіч, Тарэса Шафрановіч (Захарэў ская), Уладзімір Грэгуш, Станіслаў Пячкоўскі, Леанід Міжыгурскі, Анатоль Шашкоў, Яўген Тварагаль.
На ўборцы бульбы
Антон Рабчун, Франц Гарду кевіч, Станіслаў Субаткевіч, Іван Янкойць, Віктар Кармаза, Вацлаў Бабойць, Віктар Лазоўскі, Віктар Алёхна ўнеслі істотны ўклад у развіццё інжынернай галіны.
Многа добрых спраў на рахунку калгаснай будаўнічай брыгады, якая працавала пад кіраўніцтвам Мар’яна Козіча, Эдуарда Баніцэвіча, прарабаў Валерыя Яхімовіча, Валерыя Раждзествіна.
Старанна працавалі спецыялісты эканамічнай і бухгалтарскай службаў Данута Ёч, Данута Клусевіч, Галіна Мікліс, Тамара Страцэўская, Марыя Алітойць, Іван Азевіч, Марыя Сяргей, Яніна Гродзь, Таццяна Лотах, Гелена Анімуцкая.
На жаль, з развалам Савецкага Саюза пахіснуўся і дабрабыт калгаса імя Калініна і яго працаўнікоў. Інфляцыя хутка з’ела ўсе грошы, падсобны цэх закрыўся.
Віктар Ярмак працаваў старшынёй калгаса да 1998 года, а затым быў абраны старшынёй Астравецкага сельсавета, у склад якога ўвайшлі і Дайлідкі. На пасадзе старшыні праўлення яго змяніў Валянцін Далговіч, затым гаспадарку ўзначальвалі Уладзімір Мароз, Казімір Каляда, Ігар Маркун.
Пажар на тарфяніках
У 2005 годзе ля Дайлідак дзеці-рыбакі, а ў Якентанах пастухі запалілі сухую траву на балоце. Пачалі гарэць тарфянікі. Пажар ніхто не тушыў: раённыя выратавальнікі спасылаліся, што гэта павінен рабіць калгас, а ў абяднелай гаспадарцы не было грошай на паліва. Агонь падступаў усё бліжэй да вёскі, людзі задыхаліся ад дыму. Невядома, чым бы ўсё закончылася, але каля вёскі праязджаў міністр па надзвычайных сітуацыях, які абурыўся становішчам і загадаў тэрмінова патушыць пажар. Тады з Ліды прыслалі пажарную станцыю, спецыяльныя аўтамабілі штодня прыязджалі не толькі з Астраўца, але і з навакольных раёнаў. Пажар ліквідавалі.
У 2004 годзе калгас імя Калініна перайменавалі ў СВК «Дайлідкі», а ў 2009 годзе далучылі да СВК «Гервяты», Дайлідкі і навакольныя вёскі ўвайшлі ў склад Гервяцкага сельсавета. Да таго часу з 80 калгасных машын засталося 26, з 74 трактароў – 36.
Мы ўсе вучыліся патроху...
Першы выпуск Дайлідскай СШ
Яшчэ напачатку 20га стагоддзя сяляне былі непісьменнымі, нават распісацца не маглі – ставілі крыжык. Вучыліся толькі паны, яны наймалі настаўнікаў, каб падрыхтаваць сваіх дзяцей да паступлення ўгімназію.
У Даўкшышках дзяцей з 1922 па 1939 гады вучылі ў вялікай хаце Міхаіла і Мар’яна Страцэўскіх – яны здавалі свой дом у арэнду для школы. Настаўнікам працаваў Уладзіслаў Гродзь.
Наступная школа таксама дзейнічала ў прыватным доме – братоў Тамаша і Іосіфа Аўгустыновічаў. Настаўнічала Станіслава Дэкуўна з Польшчы, якая выйшла замуж у Тракелі за Уладака Дыбрыяновіча і
неўзабаве памерла з родаў. Пасля ў школе працавала настаўніца з Ашмян Гелена Пашэлюўне. Яна прыняла ў спадчыну не толькі пасаду сваёй папярэдніцы, але і яе мужа: таксама пайшла замуж за таго ж
пана Уладака Дыбрыяновіча.
Дзеці вучыліся на польскай мове. У час вайны школа не зачынялася. Была спроба арганізаваць вучобу панямецку, але першы ж дыктант паказаў, што гэта марная справа, і зноў вярнуліся да польскай.
Пасля вайны, у 1945 годзе, у маёнтку Лашкевічаў адкрылі пачатковую школу. Дзяцей вучылі на рускай і беларускай мовах. Дырэктарам быў Леанід Спірыдонавіч Самахвал, настаўніцай працавала Ніна Аляксандраўна Лятун, якая выкладала ўсе прадметы. Далей дзеці, хто хацеў і меў магчымасць, працягвалі вучобу на станцыі Ашмяны ў Дакурнішскай школе.
У 1952 годзе ў Дайлідках адкрылі базавую школу. У 1958 годзе яе дырэктарам стаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Потым на гэтай пасадзе працавалі Зінаіда Рыгораўна Іванова, Ніна Юльянаўна Ігнатовіч.
З 1985 па 2002 гады дырэктарам Дайлідскай школы з’яўлялася Валянціна Валяр’янаўна Ярмак. Дзякуючы яе старанням базавую школу рэарганізавалі ў сярэднюю. За сваю працу Валянціна Валяр’янаўна адзначана званнем «Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Затым школу пяць гадоў узначальвала Аліна Францаўна Балтрукевіч. У 2007 годзе дырэктарам стала Валянціна Зыгмундаўна Лаздоўская.
У 2013 годзе Дайлідскую СШ зноў пераўтварылі ў базавую, а праз год закрылі, настаўнікі і вучні перайшлі ў астравецкую СШ №1.
За час дзейнасці Дайлідскай сярэдняй школы з яе сцен выйшла 115 выпускнікоў, 13 з іх былі ўзнагароджаны залатымі, чатыры – сярэбранымі медалямі. Кожны год каля 70% выпускнікоў паступалі ў
вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
Тры нараджэнні святыні
Касцёл у Дайлідках
Гістарычна так склалася, што пачуццё абавязку, патрыятызму, гонару і годнасці, сумлення выхоўвалася ў храме.
Драўляны касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, які да 1949 года насіў назву Даўкшышскі, пабудаваны на землях паноў Лашкевічаў у 1809 годзе пад кіраўніцтвам ксяндза-каноніка Яўхіма (Антоні) Сулістроўскага і яго сястры (па іншых звестках – маці) Брыгінды Сулістроўскай.
Падчас Першай сусветнай вайны храм згарэў. Але парафіяне з дапамогай ахвярадаўцаў – паноў Уладзіміра і Гэлены Лашкевічаў, Качана і Гутаровіча – адбудавалі святыню. Узвядзенне новага будынка пачалі ў 1924 годзе, а ў 1929-м касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.
Пры храме існаваў Штандар Рыцарскі – былі рыцары і рыцаркі з моладзі, якія насілі блакітнае адзенне.
Касцёл у Дайлідках дзейнічаў да 1949 года. Калі памёр ксёндз Аляксандр Пясляк, яго зачынілі.
Расстраляны крыж
Старшыня дайлідскага калгаса «Іскра» Пётр Зарубін, які ўзначальваў гаспадарку ў пасляваенны час, быў ідэйным камуністам і шчыра змагаўся з рэлігіяй – «опіумам для народа». Ён вывез з касцёла і здаў на металалом усе металічныя рэчы, а святыню прыстасаваў пад збожжасклад. Хацеў збіць крыж на касцёле, страляў па ім з пісталета некалькі разоў і нават пацэліў – але крыж застаўся стаяць: на ім і сёння відаць сляды адкуль.
Жонка старшыні Марыя з касцёльных абрусаў і адзення ксяндза стала шыць уборы сабе, дзецям, мужу. З вэлюму, якім ксёндз бласлаўляў найсвяцейшым сакрамэнтам, пашыла сабе і дачцэ шалікі. З фігуркамі ад шопкі Пана Езуса забаўляліся старшынёўскія дзеці.
Потым Зарубіны выехалі ў Смаргонь. Лёс іх сям’і склаўся трагічна: дачка Тамара трапіла ў аўтамабільную аварыю; трагічна загінуў сын Мікалай; маці страціла розум, яе адвезлі ў псіхіятрычную бальніцу ў Жодзішкі. Пётр Зарубін выехаў у Маладзечна, дзе неўзабаве і памёр.
(З успамінаў старажылаў, запісаных Казімірам Варановічам.)
У 1989 годзе касцёл вярнулі вернікам, і ён пачаў дзейнічаць ужо як дайлідскі. У аднаўленні храма вялікую дапамогу аказаў калгас імя Калініна. А калі вырашалася пытанне з жыллём для ксяндза, дапамаглі тагачасны старшыня калгаса Уладзімір Мароз, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Валянцін Далговіч і дэпутат парламента Роберт Часнойць, да якога звярталіся вернікі.
Хто лячыў і як
У даўнія часы людзі проста лячыліся зёлкамі. Паны Лашкевічы падказвалі сялянам, якую траву ўжываць пры той ці іншай хваробе. Але не кожную хваробу вылечыш траўкамі. Шмат людзей памірала, асабліва жанчыны падчас родаў, бо нараджалі дома, у полі. Не выжывалі і слабейшыя дзеці.
Дзікунства
Падчас Першай сусветнай вайны ў Еўропе лютавалі смяротна небяспечныя хваробы: брушны тыф, халера, іспанскі грып. Нехта навучыў жыхароў вёскі Субялі, як пазбавіцца ад эпідэміі, – і яны схапілі вясковую 17-гадовую дзяўчыну-сірату і жывой закапалі яе ў магіле на могільніку ў Малых Якентанах – на тым месцы цяпер невялікая каплічка.
(З успамінаў старажылаў, запісаных Казімірам Варановічам.)
Шпіталь быў у Ашмянах, але там лячылі пераважна багатых, бо за суткі знаходжання трэба было заплаціць два пуды жыта (пуд – 16 кілаграмаў), адзін каштаваў два злотыя – хто мог сабе такое дазволіць?
Звычайна ў лякарню везлі толькі тых, хто ўжо не мог галавы ўзняць. Расказвалі, што завезлі ў Ашмяны чалавека з апендыцытам, а праз суткі ён памёр, бо адзіная дапамога, якую яму аказалі, – зрабілі ўкол, бо аперацый у шпіталі не праводзілі.
Пасля вайны ў доме Яніны Сухлабовіч адкрылі фельчарска-акушэрскі пункт, у якім першую медыцынскую дапамогу вяскоўцам аказвала Тамара Сянюць, жонка тагачаснага ўчастковага Эдварда Сенюця. Санітаркай працавала гаспадыня хаты Яніна Сухлабовіч.
У 60-х гадах ФАП размясціўся ў драўляным доме – цяпер яго адкупіла пад летнюю кухню сям’я Алега Максімава. Практычна ўсё жыццё загадчыцай ФАПа ў Дайлідках працавала Галіна Салаўёва, граматны спецыяліст і цудоўнай душы чалавек. Быў выпадак, калі ў жонкі Франца Масейкі з вёскі Міжаны ноччу пачаліся роды. Муж конна прыімчаў да фельчаркі з просьбай дапамагчы. Галіна Лаўрэнцьеўна села на каня, паскакала да парадзіхі і ўратавала жанчыну і дзіця. І гэта далёка не адзіны прыклад, калі Салаўёва ратавала жыццё і здароўе людзей.
Галіна Салаўёва (справа) і Вікторыя Шышло
Санітаркай на ФАПе тады працавала Сабіна Каспяровіч.
Напачатку 90-х гадоў у Дайлідках пабудавалі новы ФАП, у якім стала працаваць Ірына Алёхна, а санітаркай – Тарэса Алітойць.
Культура ў масах
Калі зачынілі касцёл, у ксяндзоўскай плябаніі размясціліся сельсавет, калгасная кантора і магазін. А танцы моладзь ладзіла па хатах. Толькі ў 1958 годзе пачалі, а ў 1960-м закончылі будаўніцтва будынка канторы і клуба.
Добрым культурным арганізатарам была Фаіна Паваротная, якая працавала ў калгасе аграномам і адначасова загадвала клубам. Яна стварыла танцавальны, драматычны і харавы калектывы. Актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці былі Леакадзія і Сабіна Страцэўскія, Зянон Пілецкі, Альбіна Васільева. Дайлідскія калектывы выступалі на раённай і абласной сцэнах.
Калгас набыў сваю кінаўстаноўку. Кіно паказваў І.І. Мацкевіч. Пазней кінамеханікамі працавалі Мар’ян Сташкевіч і Гелена Анімуцкая.
У 1946-м пры Якентанскім сельсавеце была арганізавана першая бібліятэка, дакладней, хата-чытальня. У 1949 годзе ў яе фондзе налічвалася 200 кніг і было зарэгістравана 35 чытачоў – людзі тады ў большасці сваёй былі неадукаваныя, а калі хто ўмеў чытаць і пісаць, то пераважна на польскай мове, на якой кніг у бібліятэцы не было. У 1949 годзе кнігафонд «дарос» да 500 экзэмпляраў, а колькасць чытачоў – да 100. У 1960 годзе бібліятэку перанеслі ў новы клуб, тады ў ёй налічвалася ўжо 1219 асобнікаў, якія чыталі 203 чалавекі. Існавалі кнігаперасоўкі ў вёскі Мілайшуны, Міжаны, Тракелі, Юзуліна.
Працяглы час загадчыцай клуба ў Дайлідках і завадатарам культурнага жыцця з’яўлялася Станіслава Максімава. Потым клуб узначаліла Валянціна Гайдуль. Бібліятэкарам працавала Тамара Страцэўская, затым – Дзмітрый Максімаў.
Дзмітрый Максімаў
У 2009 годзе дайлідскую гаспадарку далучылі да СВК «Гервяты». У 2014-м у вёсцы закрылі школу, клуб, бібліятэку. Жыццё тут паступова замірае. Адзінай грамадскай установай застаўся касцёл.
Вяскоўцы дзякуюць старшыням Астравецкага раённага і Гервяцкага сельскага Саветаў за новы асфальт у Дайлідках – гэта, бадай што, адзіная абноўка за апошнія гады. Не хацелася б думаць, што апошняя…
(па матэрыялах, прадстаўленых Казімірам Варановічам)