Леанід Ламека: партызан, рэдактар, журналіст
10:07 / 29.05.2020
Юнацтва, апаленае вайной, – гэта і пра яго, Леаніда Ламеку. Яму споўнілася сямнаццаць, калі выбухі бомб і снарадаў перакрэслілі мару, і новаспечаных курсантаў лётнага вучылішча па падрыхтоўцы тэхнічнага персаналу па абслугоўванні самалётаў адправілі па хатах.
Потым была акупацыя. У лясах з’явіліся партызаны – у атрад пайшоў старэйшы брат Іосіф, а ўслед за ім у лістападзе 1942 года – і Лёнік.
Пра тое, як ваяваў Леанід Іосіфавіч, сведчыць медаль «Партызану Айчыннай вайны І ступені» і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Ва ўзнагародным лісце адзначаецца, што ён удзельнічаў у разгроме гарнізона ў вёсцы Навасёлкі, у дыверсіі, падчас якой была знішчана нямецкая аўтамашына, у засадах.
Пасля вызвалення Беларусі ад немцаў многіх былых партызан адправілі ў заходнія раёны для аднаўлення савецкай улады. У іх ліку апынуўся і камсамолец Леанід Ламека, якога накіравалі на работу ў Свірскі райвыканкам. Гэта таксама была вайна, толькі з нябачным праціўнікам: у лясах хаваліся бандыты, якія забівалі актывістаў, камуністаў і камсамольцаў. Небяспека падсцерагала на кожным кроку.
Для работы ў кіруючых органах улады патрэбна была вышэйшая адукацыя. Леанід Іосіфавіч паступіў у вышэйшую партыйную школу. І пасля яе заканчэння рэзка змяніў сферу дзейнасці: партыя накіравала… у рэдакцыю. У розны час Леанід Іосіфавіч працаваў рэдактарам Карэліцкай, Свіслацкай, Бераставіцкай раённых газет.
А ў 1965 годзе, калі вышэйстаячыя зразумелі, што прынятае ў 1962 годзе рашэнне аб ліквідацыі Астравецкага раёна было памылковым і вырашылі аднавіць яго, Леаніда Ламеку накіравалі рэдактарам раённай газеты ў Астравец.
Захавалася кніга загадаў. Пачынае яе першы, датаваны 1 красавіка 1965 года, напісаны роўным бісерным почыркам загад, які сведчыць: «Сего числа вступаю в должность редактора районной газеты «Астравецкая праўда». І подпіс – Л.І. Ламека.
Другім загадам ад таго ж 1 красавіка ствараўся калектыў рэдакцыі: Іван Мельнікаў быў прыняты на работу загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, Яраслаў Хадкевіч – загадчыкам аддзела пісьмаў, Арнольд Кулакоў – карэктарам, Тамара Лычкова – лінатыпістам, Алена Мелешка – прыбіральшчыцай. Брыгадзірам друкарні і адначасова наборшчыкам ІV разраду прынялі на работу Калініна Дзянісава, наборшчыцамі – Людмілу Даўляш і Ганну Дубіцкую, друкарамі – Альберта і Сабіну Сыс. На дапамогу астравецкім друкарам і наборшчыкам прыязджалі калегі са Смаргонскай друкарні Сяргей Бычкоў, Марыя Даўляш – Марыя Антонаўна, якую ў Астраўцы ведаюць як Кувалдзіну, хутка перайшла на пастаянную работу ў астравецкую друкарню і працавала тут усё жыццё.
Не так проста было аднавіць разваленае, стварыць калектыў, здольны выконваць пастаўленыя задачы – працэс гэты працягваўся ўвесь красавік, ды што там – практычна ўвесь год! Адказным сакратаром рэдакцыі стаў працаваць Яўген Кулакоў, які ў ліквідаваным раёне выпускаў перадачы астравецкага радыё. Бухгалтарам узялі Вольгу Буранкову, якую ўжо ў чэрвені змяніў Іван Странчанка. Тады ж у калектыве з’явіліся літсупрацоўнік у будучым – вядомы журналіст Рышард Карачун, фотакарэспандэнт Міхаіл Шунько.
Да таго часу ў Леаніда Іосіфавіча ўжо была сям’я: жонка Станіслава Лявонаўна і сыны, Васіль і Валерый, якіх бацька назваў у гонар праслаўленых лётчыкаў Васіля Сталіна і Валерыя Чкалава – гэта была даніна сваёй няспраўджанай мары. Калі ім выдзелілі жыллё, сям’я пераехала з Бераставіцы ў Астравец. Жыць сталі ў першым астравецкім шматкватэрным «доме партактыву» – крайняя справа двухпавярхоўка па вуліцы Карла Маркса і цяпер нагадвае пра тыя часы. Усе «зручнасці», ад вады да прыбіральні, у тым «элітным доме» партнаменклатуры знаходзіліся на вуліцы – затое жылі дружна і весела!
Леанід Ламека з жонкай і сынамі
Леанід Іосіфавіч узначальваў рэдакцыю нядоўга, менш года: ужо 11 студзеня 1966 года яго змяніў на гэтай пасадзе Уладзімір Царэвіч. А Ламека стаў працаваць намеснікам рэдактара – і заставаўся на гэтай пасадзе да выхаду на пенсію, а пасля таго яшчэ восем гадоў працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў.
– Самым прадуктыўным часам для бацькі былі позні вечар і ноч, – успамінае яго сын Валерый. – Днём ён сустракаўся з людзьмі, збіраў інфармацыю, а вечарам, калі мы клаліся спаць, садзіўся пісаць – часам далёка за поўнач гарэла святло над яго сталом.
У той час журналісты не вельмі ахвотна падпісвалі свае артыкулы сапраўдным прозвішчам, у кожнага быў псеўданім, часам нават не адзін – а перадавыя артыкулы, якія лічыліся вянцом журналісцкага майстэрства, увогуле не падпісваліся. Леанід Ламека выбраў сабе паэтычныя, нават знакамітыя псеўданімы: падпісваўся як Святлоў ці Крыніцкі.
…Не злічыць, колькі за гэты час было спісана аркушаў паперы, колькі выйшла артыкулаў, пра колькі калектываў і іх працаўнікоў расказаў у газетных артыкулах Леанід Іосіфавіч. Калі б сабраць усе яго публікацыі і выцягнуць іх у адну газетную калонку – напэўна, можна было б дастаць да Месяца ці апаясаць Зямлю па экватары, магчыма, нават не раз.
…Сыны не ажыццявілі бацькаву мару – ніхто з іх не стаў лётчыкам. І не пайшлі ў журналістыку. Абодва ўнаследавалі матулін матэматычны склад розуму. Васіль і Валерый неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых алімпіяд па фізіцы і матэматыцы, абаранялі гонар раёна ў вобласці. Пасля школы старэйшы звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, пэўны час працаваў старшынёй калгаса «Чырвоная зара». А малодшы падаўся ў педагогіку: амаль усё жыццё выкладаў у школах раёна матэматыку.
А вось унукі, хоць і не сталі журналістамі, перанялі пэўныя здольнасці дзеда. Сяргей Васільевіч – гісторык, калі працаваў у Гудагайскай школе, плённа супрацоўнічаў з «Астравецкай праўдай», мы нават «сваталі» яго ў рэдакцыю, але ён застаўся верным педагогіцы. Наталля Літвін, дачка Валерыя, – цудоўны музыкант, кіравала ў свой час варнянскім «Світанкам». А яго праўнучка Вікторыя Радчык пераняла яшчэ адзін нерэалізаваны талент прадзядулі – яна цудоўна малюе.
І, як спяваецца ў песні, ідуць унукі-праўнукі далей, ажыццяўляючы няспраўджаныя мары сваіх дзядоў-прадзедаў і дасягаючы новых вышынь. І гэта цудоўна – думаю, Леанід Іосіфавіч мог бы ганарыцца не толькі тым, што зрабіў за сваё жыццё, але і сваім працягам на гэтай зямлі.
Ніна АЛЯКСЕЕВА