Журналісты пісалі гісторыю раёна – і стваралі гісторыю газеты

08:19 / 29.05.2020
У праекце «Гісторыя газетным радком» мы спрабуем, гартаючы пасляваенныя падшыўкі раённай газеты, расказаць пра падзеі, што адбываліся на Астравеччыне, узгадаць людзей, якія жылі і працавалі ў той час; чытаючы сціслыя радкі на пажоўклых старонках, а часам – і схаванае паміж імі, убачыць і прааналізаваць жыццё нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў.

І разам з тым па крупінках аднаўляем гісторыю раённай газеты. Бо журналісты, як той шавец без ботаў, занатоўваючы на старонках газеты больш ці менш значныя падзеі, лічылі залішнім ці нясціплым пакінуць наступным пакаленням сведчанні сваёй працы і жыцця. І хоць з моманту першага выхаду «раёнкі» мінула не так шмат часу, у яе гісторыі нямала «белых плям», якія мы цяпер імкнёмся запоўніць. Немагчыма ў невялікім аглядзе расказаць пра амаль 80-гадовую гісторыю газеты – паспрабуем успомніць хоць бы некаторыя даты, падзеі, імёны.

«Большэвіцкі арганізатар»

Бальшавiцкi_арганiзатар 4 - 194106071.png



Астравецкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года. А першы нумар раённай газеты  «Большэвіцкі арганізатар», органа Астравецкага РК КП(б) Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Вілейскай вобласці, выйшаў у свет 29 мая 1941 года – сёння ў нас ёсць нагода павіншаваць родную газету з 79-м днём нараджэння. 

Да пачатку вайны выйшла сем нумароў «Большэвіцкага арганізатара» за подпісам адказнага рэдактара С.Е. Грышчанкі. Апошні ўбачыў свет 19 чэрвеня 1941 года.

Даваенных нумароў няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы, і доўгі час мы задавальняліся звест­камі, што паве­даміў Адам Мальдзіс, які яшчэ ў савецкія часы адшукаў ва Усесаюзнай Ленінскай бібліятэцы ў Маскве некалькі нумароў даваеннай астравецкай «раёнкі» і расказаў, што сабой уяўляла тагачасная  газета.

Але цуды здараюцца! Мы ўжо расказвалі («АП» №96 ад 10 снежня 2019 г.), што дзякуючы дапамозе мінчаніна Уладзіміра Захаранкі, атрымалі копіі даваенных нумароў «Большэвіцкага арганізатара». Каб адчуць радасць і хваляванне сённяшніх супрацоўнікаў, якія ўзялі ў рукі жывое сведчанне гісторыі, уявіце, што вы знайшлі дакументы і здымкі пра сваіх продкаў, звесткі пра якіх лічылі беззваротна страчанымі. 

Перадваенная астравецкая «раёнка» выходзіла на чатырох старонках фармату А3 на беларускай мове. Друкавалася ў мястэчку Астравец – дакладны адрас не ўказаны. Адзін экзэмпляр каштаваў 10 капеек, а падпіска на месяц – 85 капеек. Выходзіла яна два разы на ты­дзень, у чацвер і нядзелю. На яе старонках змяшчаліся не толькі паведамленні ТАСС і БелТА, але і ўласная інфармацыя, і нават крытычныя матэрыялы, якія тычыліся добраўпарадкавання раённага цэнтра, нязручнага графіку работы магазінаў, недахопаў у сталоўцы, пры­пісак на цагельным заводзе,  неэканомнага расходавання электра­энергіі для вулічнага асвятлення.

«Сталінская праўда»

Сталиснская прауда.jpg



У час вайны газета не выхо­дзіла. Выпуск яе аднавіўся ў 1944 годзе пад назвай «Сталінская праўда».

На жаль, ніводнага экзэмпляра газеты, выдадзенага ў 1944 годзе, адшукаць не ўдалося – спадзяёмся, яшчэ знойдзецца энтузіяст кшталту Уладзіміра Захаранкі, які дапаможа нам у гэтых пошуках. 

У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца архіў «Сталінскай праўды», пачынаючы з 1945 года, прычым не з першага нумара, а з дзявятага, з нарастаючым – з 39-га. Гэта дае падставы меркаваць, што ў 1944 годзе выпушчана 30 (альбо 23 – калі ўлічваліся першыя сем «Бальшавіцкага арганізатара») нумароў астравецкай раённай газеты.

Адноўленая «раёнка» моцна страціла ў параўнанні з перадваеннай папярэдніцай: яна істотна «схуднела» – аб’ём зменшыўся ў чатыры разы: з чатырох палос А3 засталося дзве фармату А4. Выдавалася на рускай, малазразумелай мясцоваму насельніцтву, мове. Моцна пагоршылася і якасць друку: калі ў перадваеннай газеце былі разнастайныя шрыфты, сустракаліся клішыраваныя маляўнічыя загалоўкі і рубрыкі, якія замянялі фотаілюстрацыі, то пасляваенная нагадвала хутчэй лістоўку: адзін аркуш, запоўнены шэрым тэкстам, надрукаваны адным шрыфтам, разбіты крывымі лінейкамі. Нават па газеце відаць, як далёка назад адкінула краіну вайна!

Адказным рэдактарам – так у той час называлася пасада кіраўніка рэдакцыі – пасляваеннай «Сталінскай праўды» быў М.І. Гарбаценка, яго намеснікам доўгі час працаваў Мікалай Сяргеевіч Беркутаў, які, мяркуючы па колькасці падпісаных ім нумароў і па яго бойкіх, разнастайных па жанру і тэматыцы журналісцкіх артыкулах, з’яўляўся фактычным кіраўніком газеты. У склад рэдакцыі ўваходзіла і друкарня, працавалі журналісты, наборшчыкі, друкары ў адным будынку – пасля вайны ён знаходзіўся на месцы двухпавярховага дома побач з пракуратурай па вуліцы Ленінскай.

Беркутов.jpg

Мікалай Беркутаў


У 1947 годзе М.С. Беркутава прызначылі адказным рэдактарам. Цяжка сказаць, наколькі гэта ўзаемазвязана, але ў тым жа 1947  годзе «Сталінская праўда» стала выходзіць на беларускай мове і вярнулася да даваеннага аб’ёму – дзве старонкі фармату А3. Такі фармат  і аб’ём раённая газета захоўвала да 1956 года.

Смеласці і востраму пяру тагачасных журналістаў іх сённяшнія калегі, і не толькі з «раёнкі», могуць толькі пазайздросціць. Рэйды, фельетоны, крытычныя артыкулы, усе – з указаннем прозвішчаў і пасад, даволі высокіх у межах раёна, часам з дабаўленнем прама ў загалоўку азначэнняў кшталту «п’яніца», «хуліган», «узятачнік», «прайдзісвет» з’яўляліся на ста­ронках газеты рэгулярна. Часта пасля такіх публікацый адказных работнікаў здымалі з пасады ці нават аддавалі пад суд – пра гэта таксама паведамляла «раёнка». Большасць крытычных матэрыялаў належалі пяру адказнага рэдактара Мікалая Беркутава – хоць і не прынята тады было кіраўніку газеты падпісваць свае артыкулы сапраўдным прозвішчам, але красамоўныя псеўданімы – Н. Бярозаў, Н. Сяргееў, а галоўнае – адметны стыль дазваляюць беспамылкова вызначыць аўтара.

Пакуль мы не можам сказаць, з-за чаго Мікалай Беркутаў, папрацаваўшы адказным рэдактарам усяго год, пакінуў рэдакцыю і раён – ёсць падазрэнне, што віной таму стала адна з публікацый, у якой ён пакрытыкаваў райвыканкам. Але гэта ўсяго толькі меркаванне. 
 
У 1948 годзе адказным рэдактарам «Сталінскай праўды» стаў Пётр Суткаленка, таксама таленавіты журналіст. Працаваў ён нядоўга – неўзабаве быў пераведзены на пасаду загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі ў абласную газету, а пазней узначаліў  аддзел партыйнага жыцця ў газеце «Советская Белоруссия» (сённяшняя «СБ. Беларусь сегодня»). Пётр Андрэевіч быў выбітным публіцыстам свайго часу, яго матэрыялы часта  друкаваліся ў цэнтральнай партыйнай газеце «Правда».

У «Сталінскай праўдзе» зрабіў першыя крокі ў прафесію і будучы прафесар Адам Мальдзіс. Яшчэ школьнікам ён актыўна дру­каваўся на старонках «раёнкі», прычым гэта былі не толькі інфармацыйныя паведамленні пра школьныя падзеі, але і крытычныя артыкулы – адзін з іх, які тычыўся кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі, як успамінаў Адам Восіпавіч, каштаваў яму залатога медаля. Тым не менш, ён паспяхова паступіў на факультэт журналістыкі Белдзярж­універсітэта, пасля заканчэння якога працоўную дзейнасць пачынаў у Радашковіцкай раённай газеце. А з Мікалаем Беркутавым, які прыцягнуў разумнага таленавітага юнака да супрацоўніцтва з газетай, падтрымліваў стасункі і пасля таго, як той пакінуў Астравец і працаваў дырэктарам школ у Лепелі і Крупках. Адам Мальдзіс  быў адным з першых чытачоў яго кнігі ўспамінаў пра партызанскае мінулае «Ой, бярозы ды сосны», прысутнічаў на пахаванні, калі Беркутава не стала.

«Астравецкая праўда»

12.jpg



З 1 снежня 1956 года раённая газета, да таго часу ўжо «Астравецкая праўда», стала выходзіць на чатырох старонках фармату А3. Рэдагаваць яе прызначылі франтавіка Аляксандра Рыго­равіча Хілько. У тых, хто пра­ца­ваў пад яго кіраўніцтвам, заха­валіся ўспаміны пра чалавека добрага, вясёлага, таварыскага – і разам з тым патрабавальнага ва ўсім, што тычылася газеты. 

У той час касцяк калектыву складалі Уладзімір Іосіфавіч Ца­рэвіч, Васіль Сямёнавіч Шкаеў, Валянціна Паўлаўна Налі­вайка, Ірына Юр’еўна Палер, Яўген Мікалаевіч Кулакоў.

бывшие_работники.jpg

Былыя супрацоўнікі «АП»: злева направа Уладзімір Царэвіч, Валянціна Налівайка, Іван Граблеўскі 



Пасля Хілько «Астравецкую праўду» нядоўгі час рэдагаваў Аляксандр Рыгоравіч Таранда. 

У 1962 годзе пасля рас­фар­міравання Астравецкага раёна закрылі і раённую газету. Нейкі час выходзілі перадачы раённага радыё, якія вёў Яўген Кулакоў. 

Аляксандр Хілько і Васіль Шкаеў  пасля расфарміравання Аст­ра­­вецкага раёна ў 1962 годзе і ліквідацыі рэдакцыі пераехалі ў Вілейку Мінскай вобласці і ўсё астатняе жыццё працавалі ў мясцовай раённай газеце, кожны ў свой час з’яўляўся яе рэдактарам. Цяпер, на жаль, абодва ўжо нябожчыкі, пахаваны ў Вілейцы. 

Пасля аднаўлення раёна ў 1965 годзе рэдактарам газеты прызначылі Леаніда Іосіфавіча Ламеку. У 1966 годзе яго змяніў Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч, а ў 1969 годзе рэдактарам стаў Аляксандр Пятровіч Сыч, які працаваў на гэтай пасадзе 23 гады. 

Рэдактар газеты Астравецкая праўды з 1967 па 1992 г. А. П. Сыч.jpg



Пасля таго, як у маі 1992 года Аляксандр Пятровіч заўчасна пайшоў з жыцця, калектыў рэ­дак­цыі ўзначаліла Ніна Аляк­сееўна Рыбік – яна працавала галоўным рэдактарам «Астравецкай праў­ды» да красавіка 2019 года.

Шмат зрабілі для газеты, яе станаўлення  светлай памяці Леанід Ламека, Іван Мельнікаў, Іван Граблеўскі, Яраслаў Хаткевіч, Ала Ражко, Васіль Бондар, Часлаў Івашка, Артур Цяжкі, Іван Странчанка, Павел Мартынаў, Леанід Гацкі, Яўген Кулакоў, Уладзімір Кувалдзін, Янка Замара, Віктар Куркуль –  цяжка пералічыць усіх супрацоўнікаў рэдакцыі, хто за час існавання газеты пакінуў глыбокі след на яе старонках і ў сэрцах людзей і адышоў у іншы свет – памяць пра іх беражліва захоўваецца ў рэдакцыйным калектыве.

Запомніліся чытачам артыкулы і фотаздымкі таленавітых журналістаў, якія ў розны час працавалі ў «Астравецкай праў­дзе»: Ліліі Місуны, Рычарда Карачуна, Станіслава Звяровіча, Канстанціна Клебана, Святланы Мурынай, Інэсы Багдзевіч, Га­ліны Францкевіч, Мар’яна Вян­г­­роўскага, Іны Дужык, Уладзімі­ра Томчыка, Таісы Сямёнавай, Ганны Чакур, Наталлі Мяшковай, Акцябрыны  Завадскай, Аляксанд­ра Сенюця, Андрэя Дашкевіча, Эдуарда Сві­рыда, Андрэя Па­мецькі, Вольгі Шоўкун, Антона Мальшэўскага, Івана Петрыка, відэасюжэты Рыгора Рэвакі і Роберта Іванчыка.

Дапамагала зрабіць газету лепшай, а жыццё калектыву – больш камфортным адказная работа тэхнічных супрацоўнікаў Людмілы Сцяфанчык, Антаніны Кун­цэвіч, Марыі Бруйко, Люд­мілы Ярмаловіч, Галіны Саўко, Ліліі Анімуцкай, Івана Сенюця, Іосіфа Саладухі, Мікалая Кішкеля, Юрыя Ярашэвіча, Га­ліны Свірыд, Аксаны Пупінскай і іншых. Прабачце, калі ўспомнілі і наз­валі не ўсіх – гэта проста немагчыма!

За сваё жыццё газета «Астравецкая праўда» змянілася не­па­знавальна: ад першай дзвюх­палоскі памерам са стандартны аркуш, набраны ўручную буйным шрыфтам, – да сённяшняй, аб’ёмам 24-32 старонкі на ты­дзень, з сайтам, суполкамі ў сацыяльных сетках, тэлепраграмай «ТВА. ТВой Астравец» і радыёпраграмай «Гарадок». 

Але нязменным застаецца галоўнае прызначэнне нашага шматпрофільнага СМІ: быць патрэбным, цікавым і карысным для  чытачоў, гледачоў, слухачоў. 

І мы па-ранейшаму кожны дзень пішам гісторыю – усёй Аст­равеччыны і трошкі – свайго калектыву.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик