Лёс прывёў Любоў Шапуру з Сібіры ў Беларусь
12:43 / 26.05.2020
Восенню падчас раённага свята аграрыяў падводзяцца вынікі сельскагаспадарчага года і вызначаюцца пераможцы спаборніцтваў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Некалькі гадоў запар сярод малочна-таварных комплексаў раёна ІІІ месца ў вытворчасці малака займае МТК «Рымдзюны», прапускаючы наперад толькі гудагайскія «Германішкі» і «Малі». Малочная «бронза» – заслуга калектыву, якім кіруе Любоў Шапура.
Дарога ў Беларусь
– У сельскую гаспадарку трапіла выпадкова, але ні аб чым не шкадую, – прызнаецца жанчына.
– Бацька быў ваенным і служыў у Навасібірску. Мама працавала ў друкарні. Нараджаць мяне яна паехала на сваю радзіму, у Беларусь. Расла я ў ваенных гарадках – за восем гадоў змяніла дзевяць школ. Было вельмі складана: толькі завядзеш сяброў, прывыкнеш да новага ўкладу жыцця – зноў трэба пераязджаць, і ўсё пачынаецца спачатку. Але, відаць, сібірскія марозы з дзяцінства загартавалі мой характар. Праўда, у гадоў дзесяць дала сабе слова, што мае дзеці будуць вучыцца толькі ў адной школе.
Затое летам для Любы было раздолле: канікулы яна праводзіла ў бабулі на Мсціслаўшчыне. Водар сырадою і свежаскошанай травы, суніцы памерам з пазногаць – дзяўчынка адпачывала душой.
– Бабуля працавала даяркай, але на ферму мяне, гарадскую, з сабой не брала, – узгадвае Любоў Аркадзьеўна. – Узяла толькі тады, калі захварэла. Палавіну кароў з яе групы я падаіла сама. Бабуля зразумела, што я не зломак!
Развал Савецкага Саюза для многіх стаў сімвалам няўпэўненасці ў заўтрашнім дні: на сямейным савеце бацькі Любы вырашылі вярнуцца ў Беларусь – спынілі выбар на Оршы.
– Я паступіла ў мясцовы чыгуначны тэхнікум. Пасля яго заканчэння мяне размеркавалі ў Беняконі. Там пазнаёмілася з будучым мужам, – працягвае жанчына. – Калі пачалі закрываць граніцы Беларусі з Літвой, мы пераехалі ў Варняны. Знайшлі хатку і пачалі паціху абжывацца. Кожны дзень едзіць у Гудагай я не магла, таму з думкамі пра працу на чыгунцы давялося развітацца – пайшла ў калгас імя Чапаева.
Першы раз – у калгас
Любоў Шапура з кагорты тых жанчын, якіх не палохаюць жыццёвыя цяжкасці. Ёсць сілы працаваць – будзе і хлеб надзённы.
– Пачынала даяркай, потым загадвала малочна-таварнай фермай «Варняны», пазней – «Кярняны». Хоць у мяне не было спецыяльнай адукацыі, тагачасны старшыня калгаса Уладзіслаў Эдвардавіч Рук прапанаваў пасаду заатэхніка-селекцыянера. Падвучылася, з’ездзіла на курсы – і ўсё атрымалася! Хоць самы лепшы настаўнік – гэта жыццё, – разважае начальнік МТК «Рымдзюны». – Адзінаццаць гадоў назад мне прапанавалі перайсці ў КСУП «Гервяты».
Любоў Аркадзьеўна ўзначальвае МТК «Рымдзюны» з дня яго стварэння. Год жанчына штодзень ездзіла на работу з Варнян у Рымдзюны, потым праўленне калгаса выдзеліла ёй жыллё ў аграгарадку – да комплексу рукой падаць.
– Комплекс запускалі 28 жніўня 2011 года. Мяне папрасілі папрацаваць каля месяца, пакуль не знойдуць чалавека на месца начальніка. Гэты месяц расцягнуўся на дзесяць гадоў, – хаваючы ўсмешку, расказвае жанчына. – Спачатку было складана: сфарміраваць групы і прывучыць кароў да даільнай залы, арганізаваць работу людзей… У мяне не было ні памочніка, ні селекцыянера. Літаральна днявала і начавала на рабоце: у пяць раніцы выязджала з дому, вярталася пасля адзінаццаці вечара. Два гады давялося памучыцца, пакуль не адладзілі сістэму.
У любой справе важна не толькі дасягнуць пэўнага выніку, але і ўтрымаць яго. У рымдзюнскіх жывёлаводаў гэта атрымліваецца. Сярэднесутачны надой ад каровы тут складае 23,4 кілаграмы малака – гэта больш на 1,4 кілаграмы, чым у мінулым годзе. Сярод рагуль ёсць каля сямідзесяці рэкардсменак, якія за дзень даюць пад 40 кілаграмаў. Усё рымдзюнскае малако, якое ідзе на перапрацоўку, мае выключна гатунак экстра.
Цікаўлюся ў начальніка комплексу, як атрымліваецца з году ў год нарошчваць вытворчасць і паляпшаць якасць малака.
– Сакрэт – у людзях. У мяне цудоўны калектыў! З першага дня аператарамі машыннага даення на комплексе пазменна працуюць два сямейныя падрады: родныя сёстры Ларыса Гілевіч і Алена Дземідовіч і сямейная пара – Ганна з Іванам Праўлуцкія. Хоць у дойным статку больш за шэсцьсот галоў, яны кожную карову ведаюць па вымені і могуць падаіць з заплюшчанымі вачыма. Шмат гадоў здароўем жывёлы займаецца ветэрынарны ўрач Валянцін Лаўрыновіч. Добра сябе зарэкамендавалі Алена Валынец і Ніна Шакірава – дарэчы, мясцовая дзяўчына. Дзякуючы штодзённай самаадданай працы гэтых людзей, мы пяць гадоў запар уваходзім у тройку лепшых малочна-таварных комплексаў раёна. У чым мая заслуга? – перапытвае жанчына і на хвіліну задумваецца. – Адзінае, што я зрабіла, – гэта ўтрымала людзей і захавала калектыў. У пэўнай ступені я не толькі начальнік комплексу, але і псіхолаг – у кожнага чалавека розныя характары, бывае дрэнны настрой ці праблемы – і да любога працаўніка трэба знайсці свой падыход. Я рэдка павышаю голас і сваруся – так, у міры і спакоі, і дзяцей сваіх гадавала.
Мастацтва жыць
Быць шчаслівым, калі жыццё табе ставіць падножкі ці даводзіцца нешта пачынаць з нуля, – гэта мастацтва.
– Толькі цяпер злавіла сябе на думцы, што я шчаслівы чалавек, – прызнаецца Любоў Аркадзьеўна. – Мы з мужам пабудавалі вялікі дом у Варнянах – цяпер там сын з сям’ёй жыве, выгадавалі траіх дзяцей. Магчыма, у свой час я не дадала ім увагі – работа на ферме забірала шмат часу, – але яны выраслі працалюбівымі людзьмі, з дзяцінства ведалі, што грошы з неба не падаюць і кожную капейчыну трэба зарабіць сваімі потам і мазалём. Я была шчаслівая ў сямейным жыцці, хоць з мужам нашы дарогі разышліся. Люблю сваю работу. Калі іду ў адпачынак, больш за пяць дзён не магу дома сядзець – цягне на комплекс.
У Любові Аркадзьеўны ёсць адно захапленне, якое на роўных з дзецьмі і ўнукамі, любімай работай, робіць яе шчаслівай, – гэта падарожжы.
– Кожны год разам з малодшай дачкой Вольгай, якая працуе ў КСУП «Гервяты» бухгалтарам, стараемся некуды выбірацца. Аб’ездзілі ўжо ўсю Беларусь, – прызнаецца жанчына. – Нашы падарожжы заўсёды спантанныя. Захацелі – паехалі ў Віцебск на «Славянскі базар», іншым разам махнулі ў Магілёў. Мне цікава паглядзець не столькі на архітэктурныя помнікі ці іншыя адметнасці горада, а на людзей… Па вялікім рахунку мы ўсе падобныя – нам аднолькава баліць, хочацца любіць і быць любімымі. Але ў той жа час мы ўсе розныя…
Мне шмат не трэба – як ёсць, так і добра. І яшчэ: я ніколі не апускаю рукі. Відаць, у дзяцінстве характар загартавалі сібірскія маразы…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.