Чым захапляецца ксёндз Віктар Захарэўскі

10:07 / 22.05.2020
Два тыдні назад у касцёле Святога Юрыя варнянцы сардэчна віталі новага пробашча – ксяндза Віктара Заха­рэў­скага. 

З якімі думкамі ён распачынае душпастырства на Астравеччыне, як і калі адчуў пакліканне, чым захапляецца – пра гэта і многае іншае мы пагутарылі са святаром. 

76.jpg


– Напачатку, ксёндз Віктар,  дазвольце павіншаваць вас з прызначэннем. Як вы ўспры­нялі перавод з Раготны ў Варняны? 

– Астравеччына – не чужы для мяне край, даводзілася бываць тут неаднойчы. У Міхалішках у касцёле Святога Міхала Арханёла працуе мой родны брат, ксёндз Анатоль. У Варнянах па запрашэнні былога пробашча ксяндза Здзіслава Пікулы падчас Вялікага посту неяк праводзіў рэкалекцыі. Два гады быў вікарыем у астравецкай парафіі Святых Космы і Даміяна…

Год назад ва ўрачыстасць святога Юрыя – патрона варнянскага касцёла – біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пацікавіўся ў мяне, ці хачу працаваць у Варнянах. Гэта пытанне было нечаканым: я адказаў так, як ёсць, – што ўжо прыжыўся ў Раготне і прывык да мясцовых людзей.

Наступны раз такое ж пытанне ў мой адрас прагучала падчас асвячэння касцёла ў Любчы, што на Навагрудчыне. Пазней на ўрачыстасці ў тракельскім санктуарыі біскуп ізноў зага­варыў са мной пра Варняны. Але так склаліся абставіны, што маё прызначэнне расцягнулася яшчэ амаль на год. 

Было шкада пакідаць край і людзей, якія за няпоўныя сем гадоў майго душпастырства на Дзятлаўшчыне, сталі роднымі, але ў Варняны прыехаў з адкры­тымі сэрцам і душой. 

– Вы і ваш брат выбралі дарогу служэння Богу і людзям. У якіх сем’ях нараджаюцца святары? 

– Родам я з парафіі Гальшаны. Мая бабуля Гераніма была вельмі пабожнай жанчынай. Дзядуля з праваслаўя перайшоў у каталіцызм і да канца жыцця быў прыкладам веруючага чалавека. Мы з Анатолем не адзіныя святары ў родзе: стрыечны брат дзеда быў бацюшкам, яго сын таксама. 

Хрысціў мяне, як і старэйшых братоў Анатоля і Яна, пробашч парафіі Віншнева знакаміты ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі – ён пераклаў Біблію і катэхезіс на беларускую мову і да людзей падчас імшы звяртаўся на прос­тай, зразумелай мове. 

Свайго касцёла ў нашай вёсцы не было. Бабуля вазіла мяне ў Трабы, дзе працаваў светлай памяці ксёндз Антоній Юсель. Памятаю, расказаў святару ўсе пацеры, якія ведаў, ён пагладзіў мяне па галаве і сказаў, што я замалы, каб прыступаць да камуніі. Праз год у мяне ўсё ж была першая споведзь. 

Калі ў Гальшанах адчынілі касцёл, пробашчам прыслалі айца-францішканіна Людвіка Бартошака. Я папрасіўся ў яго быць міністрантам – ксяндзу тады паслугавалі толькі мужчыны. А ён, глянуўшы на мяне, васьмігадовага, толькі паціснуў плячыма: «Дзетка, дзе я вазьму комжу твайго памеру?» Я прапанаваў даць мне вялікую – мама перашые! У гальшанскай парафіі я стаў першым хлопчыкам, які паслугаваў пробашчу. 

Праз месяц падчас імшы ўжо спяваў псальм, праўда, па-польску, не разумеючы сэнса: бабуля Гроня ўголас чытала тэкст, а мама рускімі літарамі занатоўвала мне ў блакнот. Запісаўся ў школьны гурток па вывучэнні польскай мовы – усе словы сталі зразумелымі. 

У дзяцінстве мы адпачывалі ў Польшчы, я хутка знаходзіў агульную мову з гаспадарамі, дарэчы, і сёння з імі падтрым­ліваем стасункі. 

З васьмі гадоў да гэтага часу ў нядзелю не прапусціў ніводнай імшы. Памятаю, як бацькі мяне хворага, з высокай тэмпературай, пакінулі дома – для мяне гэта была вялікая трагедыя. 

– А ў падлеткавым узросце не было адыходу ад веры? Многія дзеці ў гэты час становяцца некіруемымі і яршыстымі…

– Не, не было. Напрыклад, з 9 па 11 клас я не ганяў мяч на школьным стадыёне, а разам са старэйшымі жанчынамі хадзіў на пахаванні спяваць – мне гэта падабалася. Жалобныя псальмы і пахавальныя песні  паказваюць, што нас чакае ў будучыні. Бабуля ўспамінала, што палову спеўніка я ведаў на памяць. Як казаў святы Аўгусцін, той, хто спявае, моліцца двойчы. 

На летніх канікулах кожны дзень ездзіў на ровары ў касцёл. А нядзеля – гэта ўвогуле Божы дзень. У трынаццаць гадоў – самы малодшы! – з дазволу пробашча атрымаў сакрамэнт біжмавання. У старэйшых класах вырашыў, што буду ксян­дзом, як і брат Анатоль, які ўжо вучыўся ў духоўнай семінарыі, – але не ведаў, як пра гэта сказаць бацькам. 

Дапамог выпадак. Да нас у госці прыехаў тагачасны пробашч міхалішкаўскай парафіі ксёндз Леанард Чухонь­скі, я расказаў яму, што хачу быць святаром. Гэту размову чуў мой старэйшы брат Ян – і паведаміў бацькам, што «малы пойдзе на ксяндза». Мама і бабуля спакойна адрэагавалі, а бацька яшчэ доўга абураўся – напэўна, толькі калі ўбачыў мяне ў сутане, змірыўся. 

У Гродзенскай духоўнай вышэйшай семінарыі на нашым курсе вучылася дванаццаць чалавек – усе мы прынялі першую ступень святарства. Практыку ў якасці дыякана праходзіў у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі – сёння гэта санктуа­рый Езуса Журботнага – у  Ваўкавыскім раёне. Перад пасвячэннем два месяцы быў дыя­канам ў Жалудку Шчучынскага раёна. А 16 лістапада 2006 года з рук біскупа Гро­дзенскага Аляксандра Кашкевіча атры­маў святарскія пасвячэнні. Міхалішкі, Тракелі, Гродна, Жалудок, Астравец… Памятаю, не паспеў пайсці ў адпачынак, як мне тэлефануе ксёндз Юзаф Багдзевіч – я тады быў дапаможным ксяндзом у астравецкай парафіі Святых Космы і Даміяна – і паведамляе, што біскуп выдаў дэкрэт аб маім прызначэнні пробашчам парафіі ў Раготне і адміністратарам парафіі ў Стараельні Дзятлаўскага раёна. 

Пра гэты край я нічога не ведаў. Адшукаў у інтэрнэце здымкі касцёла – і яны мяне, прызнацца, не ўзрадавалі: святыня была заімшэлай, выглядала недагле­джанай. Але рашэнне біскупа я прыняў з пакорай.

Святыні ў Раготне і Стараельні я абслугоўваў амаль сем гадоў, парафію Божага Цела ў Дварцы – чатыры. 

4.jpg



– Што вы лічыце сваім самым вялікім дасягненнем за час душпастырства на Дзятлаўшчыне?

– Тое, што ў мяне атрымалася згуртаваць людзей – шчырых і самаадданых. Я не будаўнік па адукацыі, але разам з вернікамі мы змаглі адрамантаваць пля­банію і касцёл, прывесці ў належны стан тэрыторыю ля яго. Я ўдзячны Богу, што даў мне магчымасць працаваць у такім цудоўным краі, дзе жывуць чулыя і дружныя людзі. 

– З якія думкамі і задумамі распачынаеце служэнне ў Варнянах?

– У гэты няпросты час, калі вірус змяніў жыццё большасці людзей на планеце, зазіраць далёка ў будучыню не хочацца. З парафіянамі буду маліцца аб здароўі ўсіх людзей на Зямлі, каб, нарэшце, мінула гэтая навала і ўсё вярнулася на кругі свае: каб людзі без страху за сваё здароўе і жыццё блізкіх людзей маглі хадзіць у храмы. Там, дзе ёсць малітва,  супольнасць – а касцёл – гэта не столькі храм, колькі вернікі, – тады ўсе задумы можна ажыццявіць.

Хочацца, каб варнянскі касцёл і варонская капліца выглядалі прыстойна, каб у парафіі было больш малітоўных гуртоў, каб больш дзетак хадзіла на заняткі па рэлігіі… Не мной сказана, што адзін у полі не воін. Я заўсёды адкрыты да людзей. 

– А які вы святар?

– Калі прыйшоў у Раготну, вернікі чамусьці доўга пры­глядаліся да мяне і казалі, што я сур’ёзны пробашч. (Усміхаецца.) Люблю, каб ва ўсім быў парадак. Мяне засмучае, калі некаторыя дазваляюць сабе ў храме размаўляць ці не выключаюць тэлефон. Падабаецца, калі ў касцёле шмат дзяцей. Некаторыя бабулькі часам хочуць уціхамірыць малое, а я кажу, каб не чапалі. Дзіцятка – гэта анёлак Божы, і ён моліцца сваім спосабам, бегаючы па касцёле ці махаючы ручкамі. 

– Ці ёсць у вас любімы святы ці святар? Ці здараліся выпадкі, што вы асабліва яскрава і моцна адчувалі яго застуніцтва?

– Найбольш блізкія святыя сучаснасці – айцец Піо з П’етрэльчыны і Ян Павел ІІ. Айцец Піо служыў праўдай і верай людзям і Богу: у 28-гадовым узросце ў яго з’явіліся стыгматы – раны, як у Езуса Хрыста. Ён быў цудоўным спаведніком і містыкам. А святы Ян Павел ІІ быў першым Папам Рымскім неітальянскага паходжання – ён быў прыкладам людской дабрыні і ўсёпрабачэння – тых якасцяў, якіх нам не хапае ў паўсядзённым жыцці.

– Раскажыце пра свае заха­п­ленні. 

– Збіраю прыміцыйныя абра­зікі святароў, якія вучыліся ў Гродзенскай вышэйшай духоў­най семінарыі, – думаю, што каля 90 працэнтаў ужо ў маёй калекцыі. Напрыклад, на маім прыміцыйным абразіку ёсць заклік: «Той, хто мяне паслаў, – са мной і не пакіне мяне аднаго». Гэта выказванне ўзята з Евангелля з кнігі святога Яна Багаслова. 

Вельмі люблю жывёл. У мяне ёсць акварыум з рыбкамі. Разводжу дэкаратыўных кур, галубоў, канарэек і амадзінаў.  

5.jpg



– Ксёндз Віктар, што вы скажаце вернікам Астравеччыны і сваім новым парафіянам са старонак газеты?

– Кожная парафія, дзе праходзілі мае вікарыят і душпастырства, блізкія мне. Многіх людзей, з якімі зводзіла жыццё, помню і ўспамінаю добрымі словамі да гэтага часу. 

Для нас усіх жадаю, каб хутчэй скончылася пандэмія, каб людзі ізноў з радасцю хадзілі на працу і ў храм, усміхаліся і былі шчаслівымі.

– Дзякуй за цікавую гутарку – і няхай у вас усё атрымліваецца з Божай і людской дапамогай!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: