Паміраюць вёскі, знікаюць буслы…

08:42 / 19.05.2020
296
Бусел, ці бацян, – крылаты сімвал Беларусі. Кожны дзясяты ў свеце бусел гняздзіцца ў нашай краіне і спрадвеку  ахоўваецца людзьмі. 

12.jpg

Фота Ганны МІЛАШЭВІЧ


Белага бусла здаўна лічылі сімвалам шчасця і дабрабыту, захавальнікам і распарадчыкам ураджаю. Ён звязвае неба і зямлю, аберагае дом ад маланкі і пажару. 

Да нашых дзён захаваліся павер’і і прыкметы, звязаныя з гэтай птушкай. Усе ведаюць легенду, што буслы прыносяць дзяцей. Добрым знакам лічылі, калі белакрылы птах сяліўся побач з домам, а калі саўе гняздо на страсе, то хата будзе абаронена ад пажару, маланкі і многіх бед.

Яшчэ бусел сімвалізаваў шанаванне бацькоў: адна з легенд сцвярджае, што буслы-дзеці кормяць сваіх бацькоў, калі тыя не могуць паклапаціцца пра сябе. А жывуць буслы ў сярэднім да 20 гадоў.

Ёсць шмат паданняў пра паходжанне гэтай птушкі. Адно з іх расказвае, як Бог сабраў у мех усіх змей, завязаў і сказаў чалавеку, каб той панёс і ўтапіў у балоце, але нізавошта не развязваў. Жонка ж прыступілася, каб мужык паказаў, што ў меху, ды так прыстала, што той вырашыў зрабіць маленькую дзірачку і паглядзець. А як толькі развязаў, гады распаўзліся хто куды. За тое Бог зрабіў чалавека птушкай і сказаў: «Будзеш хадзіць па балоце, пакуль не збярэш усіх!» Ад сораму ў чалавека пачырванелі нос і ногі. Так і ходзіць ён па балоце па сённяшні дзень.  

Ёсць яшчэ паданні пра скупога пана, які варыў слугам жаб, а чараўнік за гэта ператварыў яго ў бусла; пра касца, які не адказаў на прывітанне Хрыста – і за гэта застаўся без штаноў, у  белай кашулі і чорнай камізэльцы. 

І ўсе паданні сведчаць, што бусел – гэта  ператвораны ў птушку чалавек: лічыцца, што птушка мае душу, разумее чалавечую мову, моліцца Богу і плача слязьмі. Таму і селяцца буслы побач з чалавечым жытлом і гняздзяцца толькі побач з добрымі людзьмі. 

А людзі дапамагалі птушкам будаваць гнёзды: зацягвалі барану або кола на спілаваны ці паламаны бурай верх дрэва, засцілалі чым-небудзь, некаторыя клалі капейку. Пра тое, каб зрабіць гняздо ўтульным, клапаціліся ўжо самі буслы. Служыць яно ім многа гадоў, нават не аднаму пакаленню, як і хаты ў людзей. Плацяць буслы людзям тым, што паядаюць гадзюк, мышэй, пацукоў, саранчу, мядзведак, кратоў.

Буслы, як і людзі, спраўляюць вяселлі і моцна прывязаны да сваіх дзяцей. Калі гарэў Клюшчанскі касцёл, людзі завіхаліся, спрабуючы патушыць полымя, – а бусел, гняздо якога з птушанятамі было на суседнім будынку былой плябаніі, у адчаі то кружыў над дахам, абпальваючы крылы, то падаў на гняздо і целам, распрастанымі крыламі закрываў, ратаваў дзетак. 

За дапамогай буслы ідуць да лю­дзей. Ванда Шурпіцкая расказвала, як аднойчы ранняй вясной да Ярашоў у вёсцы Кісялі  нехта пастукаў у дзверы. Адчынілі – і ўбачылі бусла. Ён тут жа павярнуўся і пайшоў па сцежцы, азіраючыся, каб пабачыць, ці ідзе за ім гаспадар. Аказалася, што звалілася гняздо. Гаспадар паклікаў суседзяў – і буслянку зацягнулі на месца. 

Пра другі выпадак расказвала знаёмая. Неяк вясной снегу выпала ледзь не па калена, і пара буслоў прыйшла ў вясковую хату пагрэцца. Гасцявалі яны ў сенцах дні тры, а як снег растаў, паспяшаліся па сваіх справах.

Існуюць прыкметы на тое, якім чалавек убачыць першы раз бусла. Калі бруднага – лета будзе мокрым; нерухомага – да болю ў нагах; стаячага – вырасце высокі лён; у пары – дзеўка замуж пойдзе; калі ў кішэні ў той момант ёсць грошы  або ключы  – да багацця, а як кішэня пустая – да страт. Каб пазбегнуць сустрэчы са змеямі, трэба, убачыўшы першага бусла, узяць з-пад нагі зямлі і кінуць у ваду, затым гэтай вадой апырскаць дом, сябе і жывёлу.

Спрадвеку ў людзей існуе непісаны закон: не чыніць шкоды буслам, не разбураць іх гнёзды – гэта лічыцца цяжкім грахом і абяцае крыўдзіцелю вялікія няшчасці, нават смерць яго самога ці родных. Не так даўно ў нашым краі мужчына, што палез на дах скідваць буслянку, зваліўся са страхі і забіўся насмерць, хоць вышыня была зусім невялікая. А найбольш распаўсюджаная кара за разбурэнне бусліных гнёздаў – пажар: бусел помсціць крыўдзіцелю, высякаючы агонь дзюбай, ці прыносіць галавешку і кідае на страху.

…Раней увесну, як толькі сонейка блісне ранішнім промнем, птушкі залі­валіся рознымі галасамі, ды так, што сэрца замірала ад радасці! І сярод гэтага рознагалосся чуўся магутны клёкат буслоў: адзін пачынае, а ў розных канцах вёскі рэхам адклікаюцца суродзічы. 

А цяпер буслоў з кожным годам усё меней, як і іх гнёздаў, і людзей, без чыёй дапамогі буслу цяжка змайстраваць сабе хатку. Няўжо Беларусь перастане быць краінай буслоў?

Іаланта Валуевіч




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений