Валяр’ян Валадзько: «Ад сябе не ўцячэш»

08:49 / 15.05.2020
450
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў фізічнай культуры і спорту, якое будзе адзначацца заўтра, мы пазнаёмім чытачоў з тымі, хто арганізоўвае спаборніцтвы і прапагандуе здаровы лад жыцця ў нашым раёне, – работнікамі Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба. 

І як сапраўдны капітан, які добра ведае курс свайго карабля, пра дзейнасць сваёй установы расказаў дырэктар Валяр’ян Валадзько.  

54.jpg


– Абрэвіятуру ФСК чулі, напэўна, усе, але нямногія ведаюць, што яна азначае і чым клуб займаецца – раскажыце пра гэта.   

– Асноўная задача Астравец­кага фізкультурна-спар­тыў­нага клуба, ці ФСК, – арга­ніза­цыя спартыўна-маса­вай, фізкуль­тур­на-аздараў­лен­чай і турыстычнай дзейнасці для насельніцтва нашага раёна. Прасцей кажучы, мы адказваем за правядзенне разнастайных спаборніцтваў, распрацоўваем пешыя ці веламаршруты па Астравеччыне, даём у пракат спартыўны і турыстычны інвентар.   

– Структура немаленькая. Як з усім спраўляецеся?

– Калі я ўзначаліў ФСК у 2016 годзе, тут працавала 16 чалавек, цяпер жа ў спартыўнай сферы задзейнічана 92 работнікі, у жніўні чакаем яшчэ некалькі маладых спецыялістаў. Інфраструктура горада развіваецца хутка, за апошнія два гады астраўчане атрымалі новы стадыён і САК – спартыўнае жыццё завіравала з падвоенай сілай. Работы хапае, але яна прыносіць задавальненне, бо пастаянна знаходзішся ў руху, тым больш што я не з тых, хто любіць доўга знаходзіцца ў кабінеце. (Усміхаецца.) У нас зладжаны калектыў, дзе кожны добрасумленна  адказвае за свой участак і выконвае свае абавязкі. 

– З-за каронавіруса спартыў­на-масавыя мерапрыемствы ў раёне прыспынены, але ж планы на будучыню ніхто не адмяняў. Ёсць цікавыя задумкі?

– Канешне, і не адна! Плануем развіваць экстрэмальны актыўны адпачынак. У лесапарку ўжо працуе вяровачны гарадок, а за стадыёнам можна зрабіць байдарачную базу з пірсам, як у Нарачы. Там інструктар будзе вучыць, як абыходзіцца з байдаркай, а для жадаючых можна арганізаваць 2-3-дзённыя паходы з пераправамі. Думаю, такі адпачынак будзе карыстацца папулярнасцю. 

На базе «Імпульса» ўжо працуюць дзіцячыя секцыі па баскетболе і футболе. Пазней хочам набраць групы па валейболе, плаванні і настольным тэнісе – пры ўмове, што знойдзем адпаведных спецыялістаў. А яшчэ ёсць ідэя пры падтрымцы актывістаў-шахматыстаў арганізаваць шашачна-шахматны клуб – спачатку для дзяцей, а затым, магчыма, і дарослыя падцягнуцца. Планаў хапае – спадзяюся, зможам іх ажыццявіць.

– Бачу, спорт для вас не толькі работа, але і захапленне.  

– У нашай сферы не можа быць інакш! (Усміхаецца.) Мне са школьнай лаўкі падабаецца спорт – і гэта заслуга настаўніка фізкультуры светлай памяці Уладзіміра Якубоўскага. Ён быў цудоўным чалавекам і Педагогам з вялікай літары. Мне захацелася быць такім жа, таму пасля школы паступіў на завочнае аддзяленне факультэта фізічнай культуры і спорту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і адначасова пайшоў працаваць у Спондаўскую школу. Я не шкадую, што выбраў менавіта гэты шлях. 

– А як з настаўніка фізкультуры перакваліфікаваліся ў дырэктара ФСК?

– Паміж гэтым паспеў яшчэ пабыць загадчыкам ФАКа «Старт». (Усміхаецца.) Ды ўсё проста: я не толькі працаваў у школе, але і ўдзельнічаў у спартыўным жыцці раёна: гуляў у валейбол на раённых і абласных спаборніцтвах. Так мяне заўважыў тагачасны дырэктар ФСК Леанід Даўляш і прапанаваў стаць загадчыкам «Старта» – я згадзіўся. Пазней некаторы час працаваў у іншых сферах, але хіба ад сябе ўцячэш? Таму чатыры гады назад з радасцю прыняў прапанову ўзначаліць ФСК. Калі пачалі будаваць новыя спартыўныя аб’екты, працаваць стала яшчэ цікавей. Спадзяюся, пандэмія каронавіруса хутка пойдзе на зніжэнне – і спартыўнае жыццё ў Астраўцы зноў забурліць. 

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Здароўя, з радасцю прыхо­дзіць на работу і атрым­лі­ваць ад яе задавальненне, шанцавання, поспеху і толькі перамог у жыцці. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений