Ігралі і спявалі – дыпломы заваявалі
15:03 / 07.05.2020
Міжнародная алімпіяда па сальфеджыа DoReMi
Не першы год вучні Астравецкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка Дануты Блашкевіч удзельнічаюць у гэтым выпрабаванні па веданні асноў музычнай граматы – і заўсёды атрымліваюць дыпломы. Між іншым, канкурэнцыю астраўчанам складаюць удзельнікі з краін бліжняга і дальняга замежжа.
Сёлета нашы канкурсанты таксама паспяхова справіліся з усімі заданнямі: адказалі на тэарэтычныя пытанні, напісалі музычны дыктант і кампазіцыйныя сачыненні – і заваявалі заслужаныя ўзнагароды.
Гранпры алімпіяды атрымаў Аркадзь Веська, а Валерыя Шлыковіч, Юлія Ёдзік, Яна Яльніцкая, Іван Вянгроўскі, Ганна Дзятко, Вераніка Раткевіч і Анатоль Федасееўскаў адзначаны Дыпломамі лаўрэата І ступені.
Міжнародны фестываль-конкурс нацыянальных сучасных мастацтваў «Планета сяброўства»
Канкурсанты дэманстравалі таленты іграння на музычных інструментах, у спевах і танцах. У намінацыі «Эстрадны вакал» гонар Астравеччыны абараняла Валерыя Заянчкоўская, вучаніца Яраслава Вянгроўскага з Кямелішкаўскага філіяла, – і была адзначана Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.
Міжнародны конкурс мастацтва і творчасці «Сэрца зямлі маёй»
І тут юныя артысты нашага раёна парадавалі журы творчымі нумарамі.
У намінацыі «Акадэмічны вакал» не было роўных абаяльнай звонкагалосай Валерыі Дарашкевіч, якая займаецца ў Ірыны Бордак. Дзяўчынка ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата І ступені.
Паспяхова выступіла ў гэтай жа намінацыі і харызматычная вучаніца Аксаны Баршэвіч Анастасія Адамковіч – яе выступленне адзначана Дыпломам І ступені.
Не горш выступілі і цымбалісткі Эмілія Далінчык і Алівія Гродэль, якія займаюцца ў Людмілы Столяр, – яны ўзнагароджаны Дыпломамі І і ІІ ступеняў адпаведна.
Рэспубліканскі конкурс мастацтва «Музычны феерверк»
У творчым выбуху канкурсантаў іскрынкамі майстэрства і артыстызму засвяціліся і астравецкія ўдзельнікі.
Пранікнёная ігра на фартэпіяна ў выкананні Наталлі Камароўскай, якая займаецца ў Таццяны Собалевай, адзначана Дыпломам лаўрэата ІІ ступені. Яшчэ адна вучаніца гэтага настаўніка Аліса Якубцэвіч выступала ў намінацыі «Акадэмічныя спевы» – і атрымала Дыплом ІІ ступені.
Таксама паспяхова сыгралі скрыпачка Яна Яльніцкая (настаўнік Вольга Гульбіцкая) і піяністка Ксенія Змітровіч (настаўнік Алена Раткевіч) – дзяўчынкі адзначаны Дыпломамі І ступені.
Віншуем юных артыстаў і іх настаўнікаў з чарговымі творчымі дасягненнямі!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.