Знаёмцеся: дынастыя сувязістаў Вайцяхоўскіх
Нябачнымі жылкамі шматлікіх кіламетраў кабеля ахоплівае прастору электрасувязь. Мы карыстаемся ёй і не задумваемся, што за магчымасцю размаўляць па тэлефоне, блукаць у павуцінні інтэрнэту, адматаць па ZALА любімы фільм стаяць людзі, чыё прафесійнае свята адзначалася ўчора.
У Астравецкім участку электрасувязі працуюць некалькі дынастый работнікаў, якія аддалі гэтай працы дзесяцігоддзі. Сярод іх – маці і сын Вайцяхоўскія.
Прыйшла на час – засталася назаўсёды
Марыя Вайцяхоўская (у дзявоцтве Ігнаценка) у дзяцінстве лячыла лялек і марыла пра медыцыну. Пасля заканчэння школы яна штурмавала Полацкае медвучылішча, але не пашанцавала. Чакаць год да наступнага паступлення не хацелася, таму бацька дзяўчыны папрасіў тагачаснага начальніка вузла паштовай і электрасувязі Уладзіміра Кацінеля ўзяць дачку на працу. Так сямнаццацігадовая Марыя завітала ў паштова-сувязную галіну на час, а засталася назаўсёды.
– Калі пайшла на пенсію, у маёй працоўнай кніжцы быў толькі адзін запіс, – расказвае Марыя Цімафееўна. – Трыццаць сем гадоў на адным месцы – нават не верыцца. (Усміхаецца.) Спачатку была аператарам паштовага аддзялення: прымала і выдавала пасылкі, бандэролі – іх у той час шмат дасылалі, асабліва перад святамі. А ўжо колькі паштовак было перад 8 Сакавіка – і зараз поўныя мяшкі ў вачах стаяць! Калі быў вольны час, дапамагала на сарціроўцы газет і часопісаў. Працаваць мне адразу спадабалася, хоць і тады розныя кліенты трапляліся: адзін настрой уздыме, а другі сапсуе. Але ўсё роўна зносіны з людзьмі – гэта весела, цікава. Год хутка праляцеў, сяброўкі зноў паступалі, а я вырашыла, што мне і на пошце добра.
Аднак не толькі з-за працы дзяўчына вырашыла больш не штурмаваць вучылішча. На дні нараджэння сяброўкі яна пазнаёмілася з Уладзімірам – і каханне закружыла галаву. Сустрэчы, вяселле, нараджэнне дачкі, сына – якая тут ужо вучоба?!
– У пачатку 80-х я перайшла ў бухгалтэрыю на пасаду аператара па разліку кватэрных абанентаў, – працягвае Марыя Цімафееўна. – Там была іншая спецыфіка работы – давялося зноў вучыцца. Але гэта яшчэ дробязі! У 1996 годзе, калі пошту і электрасувязь рэарганізавалі, на нашых рабочых сталах з’явіліся камп’ютары. Тэхнікі гэтай мы яшчэ бачыць не бачылі, а мяне ўжо на курсы паслалі. Памятаю, прывезла адтуль тоўсты спісаны сшытак: тэорыя ёсць, а практыкі – кот наплакаў. Але нічога, паціху, самым дзейсным метадам «тыка» прыручыла і камп’ютар. (Усміхаецца.)
Марыя Цімафееўна адпрацавала ў раённым вузле электрасувязі 37 гадоў. За гэты час здаралася рознае, але жанчына памятае толькі прыемнае.
– Дружны калектыў, разумеючыя кіраўнікі, нармальная работа – што яшчэ трэба? – з усмешкай адзначае Марыя Вайцяхоўская. – Некаторыя здзіўляюцца, як можна столькі часу адпрацаваць на адным месцы, а я не разумею іншага: калі справа па душы, навошта ёй здраджваць?
У шчырасці слоў жанчыны можна не сумнявацца, бо яна не толькі не здрадзіла рабоце, але і прывяла ў сувязь свайго сына Дзмітрыя, які працуе тут ужо 22 гады.
Прыйшоў манцёрам – стаў інжынерам
– У дзяцінстве, як і большасць хлопчыкаў, я марыў быць лётчыкам альбо міліцыянерам, – прызнаецца Дзмітрый Уладзіміравіч. – А ў выніку «паклікалі» маміны прафесійныя гены – і стаў сувязістам. (Усміхаецца.)
Гэта цяпер Дзмітрый Вайцяхоўскі – вопытны спецыяліст, вядучы інжынер і правая рука начальніка Астравецкага ўчастка электрасувязі. А дваццаць гадоў таму ён быў манцёрам.
– Пачынаў з рабочай спецыяльнасці, – успамінае мужчына. – Як цяпер памятаю дату першага дня – 2 сакавіка 1998 года… Рамантаваў лініі, пракладваў кабель, хадзіў па заяўках да абанентаў. У электраманцёрах прахадзіў сем гадоў, таму ведаю ўсе дробязі гэтай справы.
Стараннага хлопца, які да гэта ж скончыў вышэйшы каледж сувязі, заўважыла кіраўніцтва прадпрыемства – і Дзмітрый пайшоў па кар’ернай лесвіцы. У 2005 годзе прызначылі начальнікам лінейна-тэхнічнага ўчастка – стаў адказваць за работу электраманцёраў ва ўсім раёне.
– Канешне, складана даводзілася – але прывык, – прызнаецца мужчына. – Важна знайсці падыход да людзей – характары ж ва ўсіх розныя. Часам усе метады ў ход ідуць: і пуга, і пернік. Проста я лічу, што галоўнае ў рабоце – шчыра і добрасумленна выконваць свае абавязкі. Калі кожны гэта будзе рабіць – усё будзе цудоўна.
Дзмітрый Уладзіміравіч годна працягвае дынастыю сувязістаў Вайцяхоўскіх. Аднак ці атрымае яна працяг?
– Калі браць у разлік, што раней пошта і сувязь былі адным цэлым, то да нашай дынастыі можна яшчэ дадаць жонку: Сняжана аператар, а таксама цешчу, якая працавала ў паштовым аддзяленні ў Магілёве, – дадае Дзмітрый. – Што да маладога пакалення, то цяжка сказаць – дзеці самі павінны вызначыцца ў жыцці. Але я буду толькі рады, калі сувязістаў сярод Вайцяхоўскіх стане больш.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.