Начало коллективизации и первые публикации Адама Мальдиса, критика райисполкома и погода в январе –

16:13 / 18.04.2020
523

О чем еще писала Островецкая районная газета «Сталинская правда» в 1948 году.

Ні года без выбараў!

Не, такога закліку на старонках газеты не было. Але, вывучаючы падшыўкі «Сталінскай праўды» за розныя гады, бачыш, што кожны год пасля заканчэння восеньскіх сельскагаспадарчых работ пачыналася  чарговая перадвыбарная кампанія – а выбары, як правіла, намячаліся на пачатак наступнага года і праходзілі не пазней сакавіка. Пасля заканчэння палітычнай кампаніі сяляне прыступалі да пасяўной.

Вось і 1947 год закончыўся актыўнай падрыхтоўкай да самых масавых і цікавых выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў – абласны, раённы і сельскія. Раённая газета надавала шмат увагі знаёмству з кандыдатамі ў дэпутаты – гэтая тэма была ў прыярытэце і напачатку 1948 года. 

Так, у №2 «Сталінскай праўды» за 6 студзеня Н. Бярозаў (па стылю – адказны рэдактар газеты Мікалай Беркутаў) расказвае пра сустрэчу выбаршчыкаў Дрэвяніцкага сельсавета з кандыдатам у раённы Савет Мікалаем Калгушкіным, на якую прыйшлі людзі не толькі з Дрэвянік, але і жыхары навакольных вёсак – Задворнікаў, Казакоў, Бабічаў, Мешкуцей (пра некаторыя з іх, на жаль, не засталося ўжо нават успамінаў).

Мяркуючы па тэксце артыкула, намесніку старшыні райвыканкама давялося падчас гэтай сустрэчы выслухаць не толькі заклікі прагаласаваць у дзень выбараў за яго кандыдатуру, але і нямала наказаў і крытычных заўваг. Так, людзі гаварылі, што, хоць картачную сістэму адмянілі тры тыдні назад, у мясцовы магазін да гэтага часу не завязлі соль, а медпункт знаходзіцца ў прыстасаваным памяшканні.

У №3 за 8 студзеня І. Алексяёнак у заметцы «Бывалы воін – кандыдат у дэпутаты сельскага Савета» расказвае пра жыхара вёскі Тракелі, ветэрана вайны Антона Іосіфавіча Стасюлевіча, кандыдата ў дэпутаты Якентанскага сельсавета (ён жа з’яўляўся і старшынёй гэтага сельсавета).

Выбары ў мясцовыя Саветы прайшлі 11 студзеня. А ў здвоеным нумары 8-9 «Сталінскай праўды» за 26 студзеня змешчаны прозвішчы дэпутатаў. Так, у  Маладзечанскі абласны Савет дэпутатаў ад Астравецкага раёна былі абраны Адэля Ігнацьеўна Радзішэўская ад Астравецкай выбарчай акругі, Леанід Сяргеевіч Сямёнаў – ад Варнянскай і Георгій Паўлавіч Пермякоў – ад Гервяцкай.

У раённы Савет было абрана 30 дэпутатаў. У №10 раённай газеты за 5 лютага паведамляецца пра першую сесію Астравецкага раённага Савета дэпутатаў працоўных другога склікання, якую адкрыў адзін са старэйшых дэпутатаў, стар­шыня Гервяцкага сельсавета Ягор Ягоравіч Мацко. На сесіі быў сфарміраваны выканаўчы камітэт раённага Савета дэпутатаў працоўных. Старшынёй стаў Георгій Паўлавіч Пермякоў, яго першым намеснікам Вікенцій Іосіфавіч Падаліс, намеснікам па калгасна-сялянскім будаўніцтве – Мікалай Васільевіч Уланоўскі, сакратаром  – Уладзіслаў Станіслававіч Лісоўскі, членамі выканкама Іван Васільевіч Мацюшаў (першы сакратар райкама партыі), Міхаіл Аляксандравіч Вячкілеў, Мікалай Сцяпанавіч Калгушкін, Дзмітрый Васільевіч Асмалоўскі (загадчык райАНА), Фёдар Іванавіч Савіч (загадчык аддзела аховы здароўя).

11.jpg

Дарэчы, напрыканцы 1948 года, у снежні, першага сакратара райкама партыі Івана Васільевіча Мацюшава, які таксама быў абраны дэпутатам раённага Савета, змяніў на гэтай галоўнай у раёне пасадзе Максім Логвінавіч Язычэнка. 

А восенню 1948 года пачалася чарговая перадвыбарная кампанія – на гэты раз па выбары народных суддзяў. Так, не здзіўляйцеся, прадстаўнікі маладога пакалення, суддзяў у той час таксама выбіралі ўсенародным галасаваннем, хоць гэта і была звычайная фармальнасць. 

Зрэшты, выбары дэпутатаў – таксама…

Калгаснікі і кулакі

Што сабой уяўляла сельская гаспадарка раёна, можна меркаваць па інфармацыі з раённага з’езда сялян (№ 27 ад 4 красавіка). Да слова, гэта была апошняя нарада, на якую запрашалі ЎСІХ сялян, у тым ліку і аднаасобнікаў. Ужо праз год яны рэзка падзяліліся на калгаснікаў і кулакоў.

Дык вось, у той інфармацыі паведамлялася, што яравымі культурамі ў раёне планавалі засеяць 16 300 гектараў, у тым ліку 308 гектараў – калгасы. Гэта менш за два працэнты. (Нагадаю: калгасаў напачатку года па-ранейшаму было толькі тры). Планавалі пасеяць 2 080 гектараў лубіну на ўгнаенне, 703 гектары шматгадовых траў, 2 500 гектараў лёну, атрымаць з гектара 12 цэнтнераў збожжавых, 140 – бульбы, 3,5 – ільносемя і льновалакна.

Калектыўныя гаспадаркі маглі разлічваць на дапамогу тэхнікі – у №32 за 22 красавіка паведамляецца, што «ўсе сем трактароў Астравецкай МТС выехалі ў поле». Называюцца прозвішчы трактарыстаў: Уладзімір Падгол, Іван Чарняўскі, Іван Грабоўскі, Франц Рэміс, Станіслаў Пукшта.

2.jpg

А ўжо ў другой палавіне года празвінелі першыя званочкі калектывізацыі, якая масава разгорнецца ў 1949 годзе. У №56 за 15 ліпеня раённая газета паведамляла, што 21 сялянская гаспадарка вёскі Ізабеліна аб’ядналася ў калгас, які назвалі «Новае жыццё»: старшынёй абралі Іосіфа Сцяпанавіча Іваніцкага. У №59 за 25 ліпеня – інфармацыя аб стварэнні калгаса ў вёсцы Жарнэлі, яму далі імя Калініна, старшынёй абралі Казіміра Сідаровіча. А ўжо ў №70 за 2 верасня ў артыкуле пад паэтычнай назвай «Замест палосак, убогіх і вузкіх, шырокія нівы, як мора, ляглі» расказваецца пра поспехі створанага месяц назад калгаса імя Калініна – хоць у поспехі тыя паверыць гэтак жа цяжка, як у «шырокія, як мора, нівы» на дробнаконтурных камяністых жарнэльскіх палетках.

Пра хуткую масавую калектывізацыю сведчыць і надрукаваны ў №№ 67-68 за 26 жніўня «Прыкладны Статут сельгасарцелі», і змешчаны ў № 103 за 23 снежня адказ на пытанне, што абагульняецца ў аднаасобнікаў, якія ўступаюць у калгас.

І чым бліжэй была калектывізацыя, тым актыўней шукалі ў вёсках кулакоў. У разгромным артыкуле І. Карнявога «У Рымдзюнах патураюць кулакам» («СП» №69 за 29 жніўня) іх называюць пайменна: Разалля Ярмак з хутара Багданішкі, Паўліна Курносава з хутара Бязданы, браты Кавалеўскія з Рымдзюн, Браніслаў Кажанеўскі з Гелюн, браты Рыпінскія з хутара Усцізер’е, Іван і Іосіф Налівайкі з Віктасіны… А патурае ім, па меркаванні журналіста – і, думаецца, не толькі і не столькі яго, бо звесткі, якія прыводзяцца ў артыкуле, з журналісцкага блакнота не бяруцца – старшыня Рымдзюнскага сельсавета Каткоўскі, які сам мае схаваную ад падаткаабкладання зямлю і жывёлу.

Міжволі прыходзіць думка: ці паспелі ўсе гэтыя «кулакі» запісацца ў калгас, калі,  іх пачалі ствараць? Ці ўсё ж не пазбеглі незайздроснай долі «ворагаў народа»?

Што новенькага?

І ўсё ж у раёне штогод адбываліся змены да лепшага.

Так, у № 36 за 7 мая паведамляецца, што да Міжнароднага свята працоўных – 1 Мая праведзена радыё ў вёску Бялькішкі. 

Праўда, ужо ў №48 за 17 чэрвеня ў заметцы «Аб бяздзельніках радыёвузла» А. Баскоў расказвае аб недахопах, што тут існуюць: «перадачы зачастую не трансліруюцца па графіку, а са спазненнямі. Калі і перадаюцца радыёперадачы, дак і з-за шуму і трэску ў рэпрадуктарах нельга разабраць ні адной перадачы». (Стыль і арфаграфія публікацый захаваны).

А ў №39 за 16 мая расказваец­ца, што там, дзе было чыстае поле, узнік цагельны завод №2 прамкамбіната, які на той час узначальваў Е.А. Сідарэнка. І прамкамбінат браў абавязацельства вырабіць за сезон не менш 1 мільёна 400 тысяч цаглін – нашы сённяшнія чытачы павінны разумець, што практычна ўсе працэсы па вырабу цэглы выконваліся ўручную і гэта была вельмі цяжкая праца. І ўжо ў №63 за 8 жніўня паведамляецца, што прамкамбінат выпусціў больш за мільён штук цэглы. Акрамя таго, тут адкрылі новы ганчарны цэх па выпуску глінянага посуду. «Майстры Лахверчык Васіль і Шатэрнік Владзімір праявілі ініцыятыву, самі зрабілі печкі, горн…» – паведамляе ў «Сталінскай праўдзе» за 5 жніўня, №62 дырэктар прамкамбіната Е. Сідарэнка.

Кіно ўжо дэманструецца не толькі ў ДСК (доме сацыялістычнай культуры) у Астраўцы, існуе і перасоўка, якая возіць кінастужкі па раёне. А ў №42 за 27 мая паведамляецца, што «днямі ў раён прыбудзе яшчэ адна перасоўка». Хоць, відаць, і двух перасовак не хапала. Іван Ушакевіч у №57 за 18 ліпеня цікавіўся, «калі ў нас будзе кіно?» І тлумачыў, што ў Якентанах перасоўка павінна прыязджаць два разы на месяц, а не прыехала яшчэ ні разу. 

Да 17 верасня ў Гервятах адкрылі дом сацкультуры на 100 месцаў. У бібліятэку было завезена 563 асобнікі палітычнай і мастацкай літаратуры («СП» №№ 67-68).

У №78 за 30 верасня паведамляецца, што расце сетка лячэбных устаноў. У раёне на той час працавала раённая бальніца і адна сельская, чатыры ўрачэбныя амбулаторыі, чатыры ФАПы, хуткая дапамога, 12 урачоў, 13 фельчараў, 12 акушэрак, 24 медыцынскія сястры.

«Усе – на дэкаднік сада і лесанасаджэнняў!» – заклікала «Сталінская праўда» 17 кастрычніка ў №83. Галоўны аграном райсельгасаддзела А.М. Скрынкін сцвярджаў, што садаводства – самая прыбытковая галіна сельскай гаспадаркі, і ставіў задачу да вясны 1949 года мець у кожным калгасе не менш за 15 гектараў саду. А загадчык камунальнай гаспадаркі І.П. Германаў выступіў на старонках газеты з артыкулам «Азелянім наш райцэнтр!» У наступным нумары газеты 21 кастрычніка ён жа расказваў, што ўжо пасаджана 400 дрэў і кустоў – вішні, слівы, бэзу, клёну, ліпы, а ўсяго будзе пасаджана 1 000 дрэўцаў, у тым ліку 200 – у местачковым скверы. 

…Вось цікава: ужо 70 гадоў азеляняем... І што?

У дыханні Радзімы – іх маладое дыханне

1948-ы адметны, апроч іншага, яшчэ і тым, што ў гэтым годзе на старонках раённай газеты сталі часта з‘яўляцца публікацыі вучня 7 класа Астравецкай школы, будучага прафесара Адама Мальдзіса.

Першы нумар «Сталінскай праўды» за 1947 год, для якога, па ўспамінах самога Адама Восіпавіча, ён па просьбе тагачаснага рэдактара газеты Мікалая Беркутава напісаў навагодні вершык, не захаваўся – як і першы нумар газеты за 1948-ы год. Але з таго вершыка пачалося не толькі шматгадовае супрацоўніцтва Адама Мальдзіса з астравецкай «раёнкай», але і шлях у журналістыку прафесара.

Ужо ў другім нумары «Сталінскай праўды» за 6 студзеня можна пачытаць заметку Мальдзіса «Навагодні вечар у Астравецкай сярэдняй школе», якая, акрамя журналісцкага дэбюту вялікага чалавека, адметная яшчэ і разуменнем, як тады сустракалі Новы год.

34.jpg

«А 7-й гадзіне адчыніліся дзверы школы. Дружна стала заходзіць ва ўпрыгожанае памяшканне жыццярадасная дзетвара. …Зайграў на баяне вучань 8 класа Урбановіч А. (…) Потым прыйшоў з пышнай світай Дзед Мароз. Па просьбе таварышоў вучні 9 класа Прывін В. і Аляксеева З. выканалі ўрывак з паэмы Пушкіна «Барыс Гадуноў», вучань 9 класа Мацюшаў праспяваў песню «Казацкую», вучаніца 7 класа Аляксеева О. прадэкламіравала верш аб дзяўчынцы-партызанцы. Калі маскоўскія куранты прабілі 12 гадзін, вучні дружна праспявалі Гімн Совецкага Саюза. Дырэктар школы Анна Аляксееўна Петрык, выступіўшы з прывітальным словам, павіншавала сваіх выхаванцаў. (…) Затым з прывітальнай прамовай выступіў Дзмітрый Васільевіч Асмалоўскі». А вы кажаце: Новы год – сямейнае свята, пасля 22  гадзін дзеці павінны выходзіць на вуліцу толькі ў суправаджэнні бацькоў…

А ў газеце №50 за 24 чэрвеня з’явілася тэматычная старонка пад паэтычнай назвай «І  ў гэтым вось наша жыццё і вяршыня жаданняў: пазнаваць у дыханні Радзімы сваё маладое дыханне». На ёй былі змешчаны пісьмы выпускнікоў 7 класа розных школ раёна: Варонскай – Веры Рамейкі, Гервяцкай – Ядзі Коўзан, Астравецкай – І. Дарашкевіча і Адама Мальдзіса. «Аб вучобе я марыў з малых гадоў, – піша ў заметцы «Толькі на выдатна» Адам Мальдзіс. – (…) «Я ў краме купіў падручнікі і вучыўся іх чытаць яшчэ да школы, каб прыйсці ў першы клас умеючы чытаць і пісаць і быць выдатнікам вучобы».

Летам пры Астравецкай школе працавала аздараўленчая пляцоўка – кшталту нашых сённяшніх летніх прышкольных лагераў – пра гэта паведамляе раённая газета ў № 54 за 8 ліпеня. «Больш за 50 юнакоў і дзяўчат, дзяцей рабочых, сялян, служачых і сірат знаходзяцца на пляцоўцы пад кіраўніцтвам урача Аўцюховіч Софіі Фамінічны. (…) Чатыры разы ў дзень яны атрымліваюць свежае харчаванне» – апошняе, трэба думаць, было асноўным аргументам, каб аддаць дзіця на гэтую аздараўленчую пляцоўку і, пэўна ж, не кожны жадаючы мог патрапіць.

Хоць нямала ў той час было яшчэ непісьменных ці малапісьменных людзей:  у перадавым артыкуле ў №88 за 4 лістапада называюцца канкрэтныя лічбы: 425 першых і 1 258 – другіх. І ліквідоўваць непісьменнасць павінны былі школы і настаўнікі. У №94 за 21 лістапада паведамляецца, што найбольшых поспехаў у гэтым дабіліся Дайноўская школа – кіраўнік Лінкевіч і Варнянская – кіраўнік Дубасаў. 

Не ў брыво, а ў вока

Па-ранейшаму на старонках газеты шмат крытычных публікацый, прычым крытыка, што называецца, не ў брыво, а ў вока, без аглядак на пасады і рэгаліі. У адным з матэрыялаў «Пад апекай райвыканкама» (№10 за 5 лютага) «Сталінская праўда» дазволіла сабе крытыкаваць райвыканкам, які «ўзяў пад сваю апеку» сялян Астравецкага сельсавета Ігната Коўзана (хутар Астравец) і Іосіфа Відуту (вёска Букелішкі). Па словах аўтара заметкі, яны мелі заданне вывезці па 60 кубаметраў лесу, але не вывезлі ніводнага і, каб застацца беспакаранымі, паступілі на работу ў райвыканкам у якасці штатных падвозчыкаў для начальства. Ужо ў наступным нумары газеты паведамлялася, што ў райкаме партыі (вось хто быў тады галоўнай уладай у раёне!) разгледзелі гэтую карэспандэнцыю – і ўсе факты пацвердзіліся. Райкам абавязаў райвыканккам неадкладна вярнуць гэтым грамадзянам усе іх абавязацельствы і адправіць іх на работу ў лес.

35.jpg

У артыкуле «Жулік і прахадзімец» нехта Н. Сяргееў не шкадуе эпітэтаў для характарыстыкі старшыні праўлення шавецкай арцелі «Перамога» Пятра Фёдаравіча Мацюшэнкі. «У снежні месяцы Мацюшэнка ўзяў для сябе з кладовай арцелі касцюм суконны, не заплаціўшы грошай. На працягу месяца ён гэты касцюм насіў, а потым прынёс і аддаў у кладовую (…) Такім жа чынам  ён здаў у кладовую 2 метры сукна, якім карыстаўся ў якасці коўдры больш месяца часу».

Факты злоўжыванняў, выяўленыя яўна не журналістамі, прыводзяцца ў артыкуле «Сапраўдны твар Кулінковіча», надрукаванай за подпісамі П. Пік і І. Карнявы ў №61 за 1 жніўня. «…крама №1 Гудагайскага сельпо атрымоўвае тавараў першай неабходнасці больш другіх. На днях для крам Астравецкага сельпо было адпушчана 100 кг. мыла, а для крамы №1, як яе ўжо называюць, «зачыненай» – 250 кг. Нядаўна для больніцы і дзіцячага дома прыбылі кандытарскія вырабы, якія павінны былі гэтыя ўстановы атрымаць поўнасцю. Але Кулінковіч  (загадчык гандлёвага аддзела райспажыўсаюза – Н.Р.) (…) рашыў аставіць у «зачыненай» краме 33 кг. цукру рафінаду, цукерак 50 кг., крупы рознай 67 кг., а пасля адпускае па запісках для сваіх знаёмых». Далей прыводзяцца яшчэ больш жахлівыя факты злоўжыванняў Кулінковіча.

Хоць, да слова сказаць, нягледзячы на ўсе абурэнні грамадскасці і старанні журналістаў,  «зачыненая» (сёння б сказалі – «закрытая») крама Гудагайскага сельпо непадалёк ад аптовай базы абслугоўвала «сваіх» аж да таго часу, пакуль не знік дэфіцыт як паняцце. Але гэта тэма зусім іншай размовы…

Былі на старонках газеты крытычныя матэрыялы, якія тычыліся аб’ектыўна існуючых недахопаў у абслугоўванні, забеспячэнні таварамі і г.д.

Так, М. Аляксееў у № 12 за 13 лютага пісаў пра «Беспарадкі ў лазні». «Калі ні прыйдуць кліенты, то няма свету, то няма дастаткова месц для хавання адзення. Каб памыцца, даводзіцца чакаць больш гадзіну часу». З гэтай крытычнай заметкі можна зрабіць выснову, што, па-першае, лазня ў Астраўцы ў той час была, а, па-другое, працавала яна дрэнна.

У №16 за 26 лютага пад рубрыкай «Пісьмо ў рэдакцыю», якое падпісалі З. Труханава, Н. Паршонак, А. Сталярэнка, А. Пішчаленка, змешчана заметка «Хлеб выпякаецца нядобраякасны», дзе людзі скардзяцца на работу Варнянскай хлебапякарні – была, аказваецца, і такая. «Хлеб тут выпякаецца заўсёды нядобраякасны, у ім пападаецца многа розных асцюкоў, бо мука не прасяваецца. Часта бываюць і такія выпадкі, што хлеб выпякаецца ацеслівы, а то спальваецца верхняя корка».

А работніцы друкарні (якая ў той час уваходзіла ў склад рэдакцыі раённай газеты) камсамольцы Быкава, Жаваранак, Пелюхава скардзяцца, што жывуць утраіх у пакоі, дзе можна паставіць толькі адзін ложак. «Пліта ў комнаце паломана, гатовіць яду няма дзе. Зварачаліся мы са скаргамі і ў райкам камсамола да тав. Міношына і тут нам не дапамаглі. Такое ж самае становішча ў мяне, таварышы, – гаворыць другі сакратар райкома камсамола таварыш Дубаневіч.» (артыкул «Сапраўдныя скаргі», «Сталінская праўда» №47 за 13 чэрвеня).

У №58 за 22 ліпеня ў артыкуле «Не выпісваюць газет» раённая газета прыводзіць прозвішчы кіраўнікоў, якія не выпісваюць газет – і спіс атрымаўся  даволі салідны ва ўсіх адносінах: работнікі аддзела народнай асветы на чале з яго загадчыкам Асмалоўскім; настаўнікі Астравецкай школы на чале з дырэктарам Крыўко, загадчыкі райфінаддзела – Шэмякоў, маслапрама – Чырэйскі, райздраўаддзела  – Савіч, сельпо – Сільвестраў, раённай канторы сувязі – Баянкоў і нават раённы пракурор Корнеў і народны суддзя Юхневіч! Калі чытала гэтую заметку, узнікла крамольная думка: а калі б сёння надрукаваць падобны спіс, быў бы ён большым ці меншым? І хто б у ім апынуўся?

Дарэчы, тады, як і цяпер (ці, хутчэй, цяпер, як і тады, – усё ж больш за 70 гадоў мінула!) былі праблемы з дастаўкай газет падпісчыкам – крытычныя матэрыялы пра гэта неаднаразова з’яўляліся ў «Сталінскай праўдзе». Дайшло да таго, што сталі з’яўляцца грамадскія распаўсюджвальнікі друку, да гэтай справы прыцягвалі нават дзяцей. У №101 за 15 снежня ў артыкуле «Вучні дапамагаюць распаўсюджваць газеты» расказваецца, што «…вучні 8 класа Астравецкай школы Шлыковіч Іван і Букель Зіта не толькі самі падпісаліся на газеты, але і праводзяць падпіску сярод аднавяскоўцаў. А вучні Мелешка Мар’ян і Кацінель Ядвіга дастаўляюць з канторы сувязі газеты падпісчыкам ў свае вёскі». Мо, і сёння варта ўзяць на ўзбраенне вопыт пасляваеннай пошты?

Па-ранейшаму крытычныя выступленні часта суправаджаліся карыкатурамі, якія з’яўляліся асноўным ілюстрацыйным матэрыялам на старонках газеты. Мне здаецца, што першаснымі былі менавіта малюнкі, клішэ якіх паступалі цэнтралізавана з Мінска ці нават з Масквы, бо зрабіць такія якасныя ілюстрацыі на месцы ў той час было немагчыма. А ўжо потым да карыкатуры журналісты падбіралі тэкст.  

Так, у 1948 годзе з дапамогай карыкатур «Сталінская праўда» крытыкуе маруднае будаўніцтва Мальскай школы («Разбудзіце іх, таварыш пракурор!», №42), работу Дзягенеўскай хаты-чытальні («Без клапот», №44), абслугоўванне ў цырульні Астраўца – выходзіць, цырульня таксама была і працавала ў ёй нехта Бачуркіна («Беспарадкі ў цырульні», № 43), работу арцелі «Перамога», у якой пасля крытычнага выступлення газеты змяніўся дырэктар – але не адносіны да справы («Не майстры, а бракаробы», №51), грамадскага харчавання («Аб беспарадках у сталовай і чайных», №58 за 22 ліпеня) і іншых арганізацый і ўстаноў.

22.jpg

І трэба сказаць, што меры пасля крытычных выступленняў газеты прымаліся сур’ёзныя. Так, у №48 за 17 чэрвеня была змешчана заметка А. Баскова «Жулікі на станцыі Гудагай», дзе расказвалася, што касір несвоечасова адкрывае касу, а ў памяшканні пануе бруд і антысанітарыя – а ўжо ў №55 ад 11 ліпеня ад рубрыкай «Па слядах нашых выступленняў» «Сталінская праўда» паведамляе, што «начальнік чыгуначнай станцыі Гудагай тав. Нічыпурэнка як нясправіўшыся з работай вызвалены ад займаемай пасады і адначасова прымаюцца меры да прывядзення належанага парадку на гэтай станцыі». І такі выпадак – далёка не адзінкавы, былі і больш строгія пакаранні, аж да прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Цяжка сказаць, паўплывала на тое непрымірымая пазіцыя газеты да «жулікаў і прайдзісветаў» ці былі нейкія іншыя прычыны, але 15 мая змяніўся адказны рэдактар газеты: замест М.С. Беркутава яе стаў падпісваць П.А. Суткаленка, які да таго працаваў у «Сталінскай праўдзе», а пазней – скажу, забягаючы наперад – перайшоў у абласную газету і затым – у «Советскую Белоруссию».

…І пра надвор’е

Нумар 5 «Сталінскай праўды» ад 15 студзеня стаў адметным тым, што ў ім – адзіным за ўсе саракавыя, а мо, і пазнейшыя гады – была змешчана заметка пра надвор’е. Д.Ф. Гвоздзеў, начальнік Вілейскай гідраметэастанцыі, у заметцы «Надвор’е ў студзені» паведамляў, што «згодна многагадовым метэаралагічным нагляданням надвор’е ў студзені характарызуецца наступнымі велічынямі: тэмпература сярэдне-месячная 6 градусаў марозу. Тэмпература мінімальная ў асобныя халодныя гады дасягае 40 градусаў марозу. Тэмпература максімальная (у асобныя цёплыя гады) дасягае 7 градусаў цяпла. Вышыня снежнага пакрова дасягае 14 см».

У перыяд з 8 па 18 студзеня начальнік метэастанцыі абяцаў «часам снегапады і мяцеліцы, паніжэнне тэмпературы да 15-20 градусаў марозу.» А да канца студзеня – «пацяпленне з максімальным павышэннем тэмпературы да 1 градуса цяпла».

Цяжка сказаць, ці спраўдзілася… 


АД РЭДАКЦЫІ:

У артыкулах, падрыхтаваных па матэрыялах старых выпускаў раённай газеты, узгадваюцца назвы населеных пунктаў, якія даўно зніклі з карты Астравеччыны, прозвішчы і імёны кіраўнікоў, працаўнікоў, жыхароў. Магчыма, нехта з нашых чытачоў ведаў гэтых людзей ці гісторыю іх жыцця і мог бы расказаць, як склаўся іх далейшы лёс. Тэлефануйце і пішыце, дзяліцеся ўспамінамі і старымі фотаздымкамі, калі яны ў вас захаваліся,  – мы будзем рады выслухаць кожнага.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений