«Пазнай Астравеччыну»: 11 этап
09:04 / 03.04.2020
І як жа радасна было памыліцца: аказваецца, ведаюць нашы канкурсанты і пра самога Міхала Валуевіча, і пра скульптуру на яго магіле. А хто не ведаў, той, дзякуючы конкурсу, пастараўся даведацца – і гэта яшчэ больш прыемна!
Фота Алега Драгана
Лёс Міхала Валуевіча – дзеда Міхалкі, як яго звалі часцей за ўсё, – які жыў у Глушыцы, што каля Спондаў, вартае таго, каб пра яго здымалі кіно і ўстанаўлівалі яму помнікі. Гэты цікавы неардынарны чалавек пражыў 93 гады, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Уцёкшы з аўстрыйскага палону, пяць гадоў пехатой дабіраўся дахаты. Многа і цяжка працаваў, зведаў голад і галечу, насмешкі землякоў. Іншыя касілі і аралі, а ён выразаў з дрэва скульптуры. Яго работы дэманстраваліся на ВДНГ у Маскве, упрыгожылі экспазіцыі Маладзечанскага краязнаўчага музея і Гродзенскага абласнога музея гісторыі рэлігіі, многія дамы і касцёлы – а ён да старасці жыў у хацінцы з глінабітнай падлогай, дзе стаялі толькі ложак, стол, зроблены яго рукамі хатні драўляны алтар, і ляжалі прылады працы.
Віцебскі мастак Юрый Чапскі так пранікся лёсам і творчасцю народнага разьбяра Міхала Валуевіча, што зрабіў скульптуру драўлянага анёла ў рост чалавека, якая была ўстаноўлена на магіле нашага земляка, дзякуючы дапамозе мясцовых краязнаўцаў.
Першымі правільныя адказы на пытанне конкурсу далі жыхар Спондаў Іван Салавей, якому налічаны адзін бал, і родзічка дзеда Міхалкі з Кямелішак Галіна Салавей – яна падрабязна расказала пра народнага разьбяра і дапоўніла расповед цікавымі фотаздымкамі з сямейнага архіва, за што і атрымала тры балы.
Далей пасыпаліся адказы пастаянных удзельнікаў. Адзін бал атрымаў Сяргей Жукоўскі, па два – Ганна Мілашэвіч і Ванда Вайшнаровіч, па тры – Святлана Марозава, Алег Драган, Марына Кімса, Вікторыя Іванцэвіч і Алена Памецька.
Пасля дзесяці тураў па-ранейшаму лідзіруе Марына Кімса – у яе 29 балаў, на тры ачкі адсталі ад яе Алег Драган і Алена Памецька.
Наступнае заданне, як нам здаецца, не павінна выклікаць асаблівых цяжкасцей ні ў пастаянных, ні ў новых канкурсантаў.
Чакаем вашых адказаў з каментарыямі і фотаздымкамі!
Дзе гэта, што гэта?
Фота Алеся Юркойця
Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).