Дзявяты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

11:06 / 20.03.2020
Восьмы этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну» нечакана стаў даволі складаным для нашых удзельнікаў, нават пастаянных: некаторыя памыліліся, вызначаючы, што ж за будынак адлюстраваны на здымку. Цяжка сказаць, чаму: ці то таму, што Дубнікі абмінулі цэнтральныя трасы і турыстычныя маршруты (а дарэмна!), ці то былы палац сфатаграфаваны з нязвыклага ракурсу. Але ж не толькі шырока вядомыя аб’екты павінны быць у конкурсе! Некаторыя з яго ўдзельнікаў, наадварот, скардзяцца, што заданні вельмі лёгкія… 

Такім чынам, на конкурсным фотаздымку – сядзібны дом Мі­нейкаў у вёсцы Дубнікі. 

1.jpg


Першымі ўла­даль­­нікамі сядзі­бы ў Дуб­ніках былі Абра­мовічы, пазней маёнткам вало­да­лі Касцелы і Бжа­стоў­скія. У пачатку 19 ста­годдзя Тамаш Мінейка, адзін з аўтараў і аба­рон­цаў Канстытуцыі 3 мая  Рэчы Паспа­літай, набыў гэты маёнтак, якім затым валодалі чатыры пакаленні Мінейкаў. 

Праўнук Тамаша Браніслаў перабудаваў сядзібу ў 1878 годзе. Новы двухпавярховы ся­дзібны дом зроблены ў стылі эклек­тыкі па праекце інжынера Вайніцкага з Пецярбурга. Першы паверх быў мураваны, другі – драўляны (ён не захаваўся да нашага часу). У пакоях ляжаў паркет, віселі габелены, карціны айчынных і замежных мастакоў, у бальнай зале – вялізная крыштальная жырандоля. У багатай бібліятэцы захоўваліся звесткі пра род Мінейкаў.

Маёнтак у Дубніках вядомы, апроч іншага, тым, што ў 1887-1888 гадах тут жыў ро­дзіч гаспа­дароў, знакаміты польскі пісь­меннік, лаўрэат Нобелеўскай прэ­міі Генрык Сянкевіч. Тут ён працаваў над ра­манам «Пан Вала­дыеўскі» і, па некаторых звест­­ках, задумаў раман «Патоп». Сваякі Мінейкаў і тутэйшыя жыха­ры сталі прата­тыпамі яго твораў. 

2.jpg



Тадэвуш Макшыцкі з Міха­лі­шак, дзяцінства якога прайшло непадалёк ад маёнтка, расказаў шмат цікавага пра ваколіцы сядзібы і яе саму. Пасля вайны ў будынку нейкі час размяшчалася кантора Варнянскай МТС, затым сюды, як успамінае Ванда Вайшнаровіч, перабазіраваўся Варнянскі дзіця­чы дом.

Доўгі час у панскім доме размяшчаўся інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Зараз ён пустуе і пры­ходзіць у заняпад.

Правільныя адказы на пытанне конкурсу далі Сяргей Жукоўскі і Алеся Абухоўская – яны атрымалі па аднаму балу. Дапоўнілі адказы фотаздымкамі ці цікавымі падрабязнасцямі і атрымалі па два балы Ванда Вайшнаровіч, Тадэвуш Макшыцкі, Іван Дзятловіч, Кацярына Вараб’ёва. Найбольш поўныя і праілюстраваныя фота­здымкамі адказы мы атрымалі ад Ганны Мілашэвіч, Вікторыі Іванцэвіч, Марыны Кімсы, Алега Драгана, Жанны Волк-Леановіч – яны атрымалі па тры балы.

Пасля крыўднай памылкі Алены Памецькі ў конкурсе вызначыўся аднаасобны лідар – Ма­рына Кімса, у якой 23 балы. Па 20 балаў набралі Алена Памецька і Алег Драган

Усяго ў конкурсе ўдзельнічае больш за  25 чалавек.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Мадэратар праекта Ніна РЫБІК


Текст: Главный администратор