Мастацтва быць разам: Іван і Ганна Цішковы

09:46 / 20.03.2020
318
Іван Андрыянавіч і Ганна Афанасьеўна Цішковы нарадзіліся ў адзін год, больш таго – у адзін месяц: у лютым муж і жонка прымалі віншаванні з нагоды 90-гадовых юбілеяў ад сваякоў, сяброў, знаёмых... 

…Дзеці вайны, яны зведалі холад і голад, калі за шчасце быў акрайчык хлеба ці вараная бульбіна. Вучыліся пісаць не ў сшытках, а на знойдзеных кавалках кардону. Але насуперак усім выпрабаванням, як кволы парастак цягнецца да сонца, так і яны імкнуліся да лепшага жыцця. Ён і яна, выпускнікі вясковых школ, без цяжкасцей паступілі ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе знайшлі адзін аднаго: 20 сакавіка 1954 года Іван Андрыянавіч і Ганна Афанасьеўна сталі мужам і жонкай. 

Яны выгадавалі дваіх дзяцей, перажылі смерць сына,  дзялілі на дваіх радасці і перажыванні, сварыліся і мірыліся, сустракалі старасць… Што гэта? Каханне?

Не, гэта мастацтва быць разам.

1.jpg


Ён

Іван Андрыянавіч:

– Нарадзіўся я ў вёсцы Сока­лава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сям’і – у бацькоў нас было васьмёра, праўда, двое немаўлят памерла. Да вайны паспеў скончыць чатыры класы, з адзнакай – за гэта атрымаў кнігу твораў Якуба Коласа ў шыкоўным пераплёце. Яна і сёння  стаіць у мяне перад вачыма. Калі ў вёсцы з’явіліся акупанты, я закапаў гэту кнігу, але потым так і не змог адшукаць яе. 
Нашу вёску спалілі немцы. Ацалела толькі хата старэйшай сястры, якая са сваёй сям’ёй нас прытуліла. Найбольш запомніліся холад, галеча і пус­тыя палі. Ад голаду людзі пухлі і слеплі. З прыходам немцаў маці паспела закапаць некалькі бочак збожжа – яно нас і выратавала. 

Вёска была на лініі фронту дзевяць месяцаў, пакуль не пачалася аперацыя «Баграціён». 

У кастрычніку 1943 года я ізноў пайшоў у школу. У класе было семдзясят чалавек – усе пераросткі. Самі з дошак збілі нейкія лаўкі, сталы. Сшыткаў і падручнікаў не было. Пісалі паміж радкоў у старых патрапаных кнігах. За вучобу кожны год трэба было плаціць 75 рублёў. Бацькі не маглі мне дапамагчы: працавалі ў калгасе за «палачкі»,  а ў канцы года атрымлівалі толькі паўмеха збожжа. Выручаў старэйшы брат – ён быў шафёрам у МТС і атрымліваў зарплату грашыма. Да дзясятага класа дайшло толькі шаснаццаць чалавек. 

Я хацеў вучыцца далей – мне лёгка давалася матэматыка. Але як вырвацца з вёскі? Каб атрымаць пашпарт, трэба было ўзяць у калгасе даведку – са старшынёй адносіны, мякка сказаць, не заладзіліся: колькі я ні прыходзіў у кантору, ён увесь час адпраўляў мяне ні з чым: маўляў, вясковаму хлопцу ў полі трэба працаваць, а не пра інстытуты думаць. Дзякуючы нераўнадушным людзям, пашпарт я ўсё ж такі атрымаў. 

З драўляным чамаданам прыехаў у Мінск штурмаваць Беларускі дзяржаўны інстытут. Падвяла мяне любімая матэматыка: на ўступным іспыце атрымаў «траяк» – гэта значыла, што цэлы семестр буду без стыпендыі. Такога я сабе дазволіць не мог, таму забраў дакументы і падаўся ў Горацкаю сельскагаспадарчую акадэмію, дзе мяне прынялі, як роднага, – ды і не дзіва, свой жа хлопец, мясцовы. Праўда, старшыня прыёмнай камісіі крыху паўшчуваў: маўляў, навошта здаўся мне гэты Мінск, калі акадэмія пад бокам. Прапаноўвалі ісці на меліярацыйны факультэт,  але адмовіўся, не маё гэта –  увесь час хадзіць па балотах. А землеўпарадкаванне падалося цікавым. 

Першага верасня ў акадэміі пачаліся заняткі. Якім было маё здзіўленне, калі ў аўдыторыі я ўбачыў шмат знаёмых твараў – аказваецца, большая палова класа паступіла на гэты ж факультэт. Вельмі цяжка было першыя два гады: за вучобу трэба было заплаціць 300 рублёў у год, а яшчэ падпісаць пазыку на 200 рублёў у лік стыпендыі. 

У пакоі нас было дзесяць чалавек, і ў кожнага пад ложкам мех бульбы – ёй і харчаваліся. А яшчэ трэба было ў нешта апранацца. На першым курсе я хадзіў у лыжным касцюме, які, як цяпер памятаю, каштаваў 70 рублёў, і ў валёнках. Потым брат аддаў мне паўпаліто, пінжак і штаны – іх насіў два гады. 

Толькі пасля другога курса на заробленыя падчас практыкі грошы купіў адрэз тканіны – так у мяне ўпершыню ў жыцці з’явіўся ўласны новы касцюм. 

…З Анечкай мы вучыліся на адным курсе. Доўга сустракаліся, а на чацвёртым курсе пабраліся шлюбам. Перад самым выпускам у нас нарадзіўся першынец – сын Толя. У 1955 годзе мы абаранілі дыпломы. Нас хацелі адправіць у Казахстан, але неяк угаварыў камісію, што з дзіцем на руках і ў такую дарогу... Па размеркаванні прыехалі ў Свірскі раён Маладзечненскай вобласці. 

У 1959 годзе мне прапанавалі стаць землеўпарадкавальнікам інспекцыі сельскай гаспадаркі пры Астравецкім райвыканкаме. У той час у раёне было трыццаць два калгасы – працы хапала… 

Неўзабаве Ганну – у 1960 годзе ў нас нарадзілася дачка Наташа – са Свіры перавялі ў Астравец. Шмат гадоў жонка працавала ў райвыканкаме – адтуль і пайшла на пенсію. 

Землеўпарадкаванню раёна я аддаў без малога сорак гадоў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ працягваў працаваць. А сапраўдным пенсіянерам стаў толькі ў 2000 годзе, калі цалкам пераключыўся на хатнія клопаты. Хоць душа балела, але некалькі гадоў назад прадалі дачу ў Каменцы – здароўе ўжо не тое. Затое на старасць гадоў набылі кватэру з усімі выгодамі – усё жыццё пражылі ў драўляным бараку на вуліцы Набярэжнай. Цягне туды і цяпер. Можа, таму што там прайшлі лепшыя гады нашага сямейнага жыцця?

…У чым сакрэт сямейнага шчасця? З Ганнай Афанасьеўнай мы і сварыліся, і мірыліся, і саступалі адзін аднаму – усяго хапала, але, нягледзячы ні што, мы заўсёды разам.
 
Яна

Ганна Афанасьеўна:

– Родам я са Смаленшчыны. Бацька кінуў маці, калі яна была цяжарнай. У Ленінградзе ён ажаніўся і забраў да сябе старэйшага брата. 

Калі людзей пачалі перасяляць з хутароў у вёскі, да нас прыйшлі незнаёмцы і цалкам знялі дах – жыві, чалавеча, як хочаш. Доб­рыя людзі дапамаглі перавезці хату ў вёску. А праз год пачалася вайна. Мне было адзінаццаць гадоў. На Дзісне тры месяцы стаяў фронт: на адным беразе  – немцы, на другім – рускія. Вясной фашысты  прарвалі фронт, нас эвакуіравалі. Толькі пад восень мы вярнуліся ў вёску на папялішча. Ні хаты, ні гаспадаркі, ні ежы, ні адзення – нічога не было. Так і зімавалі. Спачатку начавалі з мамай у калгасным гумне: закопваліся ў сена і моцна прыціскаліся адна да адной, каб сагрэцца, – але цела ўсё адно калавацела ад холаду. Потым перабраліся ў суседнюю вёс­ку, якая была пад партызанамі. Толькі жыццё больш-менш наладзілася, як немцы вёску спалілі – мы ізноў засталіся голымі і босымі.

Калі немцы пачалі адступаць, то пагналі людзей за сабой – мы былі жывым шчытом. Мы з мамай змаглі ўцячы і схавацца ў лесе. Здавалася, што ад такога напружання сэрца спыніцца ў грудзях. Хаваючыся, пешшу вярнуліся ў вёску, у ваколіцах не ўцалела ніводнай хаты. Жылі ў зямлянках па пяць сямей. Каб хтосьці з кімсьці пасварыўся ці нават павысіў голас – такога не было. Мы, чужыя людзі, бераглі адзін аднаго, як самых блізкіх і родных. 

Памятаю, што пастаянна хацелася есці. Збіралі каласы, якія два гады стаялі ў полі, капалі мёрзлую бульбу. З гэтага пяклі праснакі – цёплымі іх яшчэ можна было есці, а калі астывалі, станавіліся цвёрдымі, як гума, і чорнымі, як сажа. Нездарма іх называлі ташноцікамі. 

Пасля вайны на нас наваліліся непасільныя падаткі і цяжкая праца. Вупраж цягнулі васьмёра жанчын і падлеткаў, дзявятая ішла за плугам. У калгасе збожжа было толькі пад сяўбу – есці не было чаго. У канцы года мы атрымлівалі крыху збожжа і некалькі мяхоў бульбы. Нягле­дзячы на гэта, радаваліся кожнаму дню і не наракалі на жыццё – чалавеку ж не толькі хлеб патрэбен.  

Да вайны я скончыла чатыры класы. Мы, учарашнія дзеці, былі пераросткамі. Хадзіла ў школу за сем кіламетраў у лапцях. Падручнікаў не было, чарніла рабілі з крушыны, а пісалі на паперы са снарадных скрыняў. Пасля сёмага класа вучылася ў раённай дзесяцігодцы разам з сяброўкай Ленай.

Школу мы закончылі ў дваццаць гадоў – ні дзяцінства, ні юнацтва. У нашай вёсцы не было радыё, ніводнага разу ў жыцці не бачыла машыны – мне вельмі хацелася вырвацца з гэтай разрухі. Хтосьці са знаёмых параіў паступаць на землеўпарадкавальны факультэт, маўляў, будзеш зарабляць шмат грошай. Мы з Лёлькай – так я называла сяброўку – і паступілі ў сельгасакадэмію. 

На нашым курсе вучылася пяцьдзясят чалавек, у акадэміі – тры тысячы. Для мяне, вясковай дзяўчыны, усё было новым і незнаёмым. Толькі на другім курсе ўсвядоміла, што я – студэнтка, што наперадзе цэлае жыццё! 

Сустрэчу з Іванам памятаю да гэтага часу. Ля акадэміі быў прыгожы стары парк, шмат лавачак. На пляцоўцы па вялікіх святах іграў духавы аркестр, танцавала моладзь. У адзін з вечароў да мяне падышоў статны малады чалавек і прапанаваў прагуляцца. Ужо не ўспомню, пра што мы гаварылі, але памятаю свае адчуванні: мне было вельмі лёгка на душы і весела. З гэтага моманту пачалося наша сяброўства, якое доўжыцца больш за шэсцьдзясят гадоў….

Многія цікавяцца сакрэтам даўгалецця, але ўніверсальнай формулы няма. Я ніколі не задумвалася, колькі і як буду жыць. Чалавек фарміруе сябе на працягу ўсяго жыцця і на схіле гадоў атрымлівае па прынцыпе «што сеяў, тое пажынаеш».  

Людзі не задумваюцца, магчыма, не разумеюць ці не хочуць гэтага рабіць, што прыродай усё створана для жыцця. Толькі жыві і радуйся! Узяць сонейка: яно дае нам цяпло, святло, энергію – жыццё ўсяму навокал.

Людзі не ўмеюць радавацца кожнаму пражытаму дню. Уявіце сабе: зіма, з неба падае мяккі снег, па якім басанож бяжыць чалавек і заліваецца смехам. Адчуванні словамі не перадаць.

Пасля вайны, памятаю, пасеялі ячмень. Праз некаторы час на досвітку з першымі сонечнымі промнямі я пайшла ў агарод. А там сапраўдны цуд! На маленькіх кволых парастках застылі кроплі расы, у якіх усімі колерамі вясёлкі адлюстроўвалася сонейка… У прыродзе ўсё такое гарманічнае і  прыгожае. Галоўнае – навучыцца гэта прыкмячаць.

…Як у нас з Іванам атрымалася пражыць усё жыццё ра­зам? Нездарма кажуць, ад дабра дабра не шукаюць. Муж – чалавек справы, я – эмоцыя. Як і ўсе, мы сварымся, але глядзім у адным накірунку. Аснова нашага сумеснага жыцця – праца. Муж кожны дзень ходзіць на дачу карміць курэй, купляе прадукты і цудоўна гатуе. Я гэтым карыстаюся! (Усміхаецца.) 

Нягледзячы на свой узрост, я хачу жыць і назіраць, як мяняецца наш горад і жыццё. Мне цікава, што будзе далей. Хочацца заставацца ў добрым здароўі, у тым ліку разумовым, і хоць крышачку быць прывабнай. Усё ж такі я жанчына!

Яны

Вельмі розныя. Іван Андрыя­навіч, як сапраўдны мужчына, паслядоўны ў словах і справах, разважлівы і канкрэтны; Ганна Афанасьеўна – светлая, усмешлівая, какетлівая жанчына з тонкай рамантычнай душой. Абодва, нягледзячы на паважаны ўзрост, не згубілі аптымізму, бадзёрасці, яснасці розуму, а галоўнае – адзін аднаго...

Магчыма, у гэтай рознасці ха­рактараў і хаваецца сакрэт іх доўгага сумеснага жыцця. Ці ўсё ж быць разам – гэта мастацтва, якім валодаюць Цішковы?


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений