Смаргонцы выйгралі астравецкі Кубак па баскетболе
Астравецкі «Кубак Перамогі» адправіўся ў Смаргонь – адкрыты турнір па баскетболе 3х3, прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў у САК «Імпульс».
Пагуляць у любімую гульню сабраліся не толькі аматары баскетбола Астравеччыны, але і госці з суседняга раёна. Апантанасцю і майстэрствам у стрытболе (так называюць баскетбол 3х3) заўсёды славіліся гервятцы – таму нядзіўна, што на спаборніцтвы яны прадставілі не адну, а дзве каманды – «Гервяты-1» і «Гервяты-2». Годную кампанію ім склалі «БелАЭС», «Гудагай», «Новая школа», а таксама баскетбалісты з Астравецкага і Смаргонскага лясгасаў.
Гульні праходзілі па кругавой сістэме і працягваліся 10 хвілін або пакуль адна з каманд не набірала 16 ачкоў. Хутка стала зразумела, што лідарства захапілі смаргонцы – гулялі яны ўпэўнена і па-майстэрску. Як высвятлілася, за іх каманду выступаў прафесійны ігрок, які раней трэніраваўся ў вядомай сталічнай камандзе «Цмокі».
– Я родам са Смаргоні, зараз вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, – расказаў у перапынку паміж гульнямі Даніла Маліноўскі. – Сапраўды, некаторы час я гуляў у «Цмоках», але затым атрымаў траўму і на гэтым прафесійная кар’ера баскетбаліста скончылася. Аднак я працягваю гуляць, выступаю за каманду ўніверсітэта і з задавальненнем гуляю за Смаргонь. На астравецкі турнір сябры паклікалі – новы шманфункцыянальны спарткомплекс паглядзець, пагуляць, а, магчыма, нават і выйграць. Праўда, бачу, будзе няпроста, бо сапернікі гуляюць на добрым узроўні. Дарэчы, з некаторымі ігракамі мы сустракаліся на іншых спаборніцтвах. А ўвогуле, добры зал, цудоўны настрой, цікавая гульня – усё здорава!
Вынікі гульняў:
«Гервяты-1» – «Новая школа» 16:2
«Гервяты-2» – Смаргонскі лясгас 10:16
«Гудагай» – Астравецкі лясгас 15:5
Смаргонскі лясгас – «Гудагай» 16:6
«Новая школа» – «Гервяты-2» 5:11
«БелАЭС» – «Гервяты-1» 13:11
«Гервяты-2» – «БелАЭС» 2:16
«Гудагай» – «Новая школа» 7:6
Астравецкі лясгас – Смаргонскі лясгас 3:16
«Новая школа» – Астравецкі лясгас 8:12
«БелАЭС» – «Гудагай» 16:11
«Гервяты-1» – «Гервяты-2» 14:5
«Гудагай» – «Гервяты-1» 8:15
Астравецкі лясгас – «БелАЭС» 6:17
Смаргонскі лясгас – «Новая школа» 16:5
«БелАЭС» – Смаргонскі лясгас 9:16
«Гервяты-1» – Астравецкі лясгас 16:6
«Гервяты-2» – «Гудагай» 14:12
Астравецкі лясгас – «Гервяты-2» 6:5
Смаргонскі лясгас – «Гервяты-1» 16:9
«Новая школа» – «БелАЭС» 9:16
Як ні стараліся астатнія каманды, аднак выйграць смаргонцаў так і не атрымалася – Кубак пераможцы адправіўся ў суседні горад. Сярэбраным прызёрам стала каманда «БелАЭС», а трэцюю прыступку п’едэсталу занялі «Гервяты-1».
Пераможца і прызёры ўзнагароджаны кубкамі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.