Уладзімір Вішнеўскі ведае як “прыручыць” электроніку

14:28 / 04.03.2020
Захапляцца тэхнікай, быць на «ты» з разнастайнымі сродкамі сувязі і годна служыць у органах праваахоўнай сістэмы. Скажаце: спалучэнне неспалучальнага? Тады вам трэба пазнаёміцца са старшым інжынерам аператыўнай сувязі групы сувязі Астравецкага РАУС Уладзімірам Вішнеўскім.

IMG_3264.jpg

 Усё пачалося з захаплення электронікай. Знайсці патрэбныя правадкі і злучыць іх, каб зайграў прыёмнік, падключыць апаратуру ў клубе, разабрацца ў новым маторчыку – гэта была стыхія хлопчыка Валодзі. Тым больш што тэхніка яго «слухалася», бы па ўзмаху чароўнай палачкі. Таму і адукацыю юнак вырашыў атрымаць адпаведную – і пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж. А вось першае месца працы маладога спецыяліста было не зусім звычайным – Смаргонскі раённы аддзел унутраных спраў.
– Там патрабаваўся радыё­ме­ханік па рамонце сродкаў сувязі і тэлекамунікацый, – успа­мінае Уладзімір Ігнатавіч. – Паколькі спецыяльнасць у мяне тэхнічная, пачынаць з чагосьці трэба было, а міліцыя – варыянт перспектыўны, я пайшоў працаваць туды.
Пасля жыццёвыя абставіны скла­ліся такім чынам, што Уладзімір Вішнеўскі змяніў Смаргонскі на Астравецкі РАУС. Ён як ніхто іншы падыходзіў на пасаду інжынера аператыўнай сувязі. З 2004 года і па сёння Уладзімір Ігнатавіч адказвае за спраўнасць і наладку правадных і бесправадных сродкаў сувязі і тэлекамунікацый райаддзела. І калі хтосьці думае, што гэтую работу цяжка аднесці да міліцэйскай, моцна памыляецца. Уявіце, што ў аператыўна-дзяжурнай службе сапсаваўся тэлефонны апарат, а ў гэты момант хтосьці набірае 102. Або не працуюць рацыі – і аператыўнікі не могуць выклікаць падмогу. Ці па электроннай пошце даслалі інфармацыю пра злоснага злачынцу – а яе нельга адкрыць. Праваахоўная сістэма недарэмна завецца сістэмай, бо тут не працуюць паасобку, а змагаюцца са злачыннасцю агульнымі намаганнямі.
– Работы заўсёды хапае – з кожным годам аб’ёмы тэхнікі павялічваюцца, а магчымасці ўдас­канальваюцца, – прызнаецца Уладзімір Вішнеўскі. – З іншага боку, каб усё заставалася статычным, было б нецікава працаваць. Напрыклад, у 2018 годзе ў нас з’явілася сучасная сістэма лічбавай радыёсувязі – зараз кожны супрацоўнік мае індывідуальную радыёстанцыю. Такім тэхнічным абсталяваннем могуць пахваліцца нямногія райаддзелы міліцыі. Напэўна, за тое, што трэба пастаянна быць у тэме сучасных навінак і, так бы мовіць, прыручаць электроніку мне і падабаецца мая работа. 
А калі работа падабаецца, то і вынікі не прымусяць чакаць. Сёлета Уладзімір Ігнатавіч Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём «За бездакорную службу ІІІ ступені». 





Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup


Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Марина Мацкевич