Школа красоты работает в Островецком центре творчества детей и молодежи
09:16 / 29.02.2020
Ідэя адкрыцця такога аб’яднання па інтарэсах належыць харэографу цэнтра творчасці Наталлі Янкоўскай.
– Нашы выхаванцы штогод удзельнічаюць у конкурсах па стварэнні аўтарскіх калекцый адзення. І адметнасць іх у тым, што ўбор трэба не толькі прыдумаць і пашыць, а яшчэ і прадэманстраваць яго на сабе, – тлумачыць Наталля Валянцінаўна. – І мы кожны раз сутыкаемся з праблемамі: навучыць дзяцей у кароткі тэрмін дэфіле і знайсці таго, хто перад выступленнем зробіць ім макіяж і прычоскі.
У педагога ўзнікла слушная прапанова: трэба гэтаму вучыць дзяцей не эпізадычна, а мэтанакіравана, тады мы не будзем залежаць ні ад абставін, ні ад «акенцаў» у працоўным і вучэбным графіках. Тым больш ёсць і каму вучыць, і дзе займацца – у новым будынку цэнтра творчасці месца хапае.
Школу прыгажосці наведвае 15 дзяўчат. Яны падзелены на падгрупы, з якімі па чарзе працуюць педагогі.
МОДА
Алена Чарняўская дае дзяўчынкам урокі майстэрства па крою і шыцці, вучыць рамантаваць адзенне і ствараць калекцыі.
Для заняткаў юных мадэльераў арганізавана шэсць рабочых месцаў, ёсць пяць швейных машынак і два авярлокі, стол для раскрою.
– Пачыналі з самага простага: вучыліся рабіць шыўкі, правільна гузікі прышываць, устаўляць маланкі, – расказвае навучэнка Аксана Артышэвіч.
– Працаваць на швейнай машынцы, дзірачкі «акультурваць», – дадае Вераніка Андралойць.
– Спачатку здавалася, што нічога складанага, але аказалася: не ўсё так проста, – смяецца Дар’я Сянкевіч. – Цяпер ужо і адзенне сваё падрамантаваць можам. Дапамагаем Алене Іванаўне шыць касцюмы для выступленняў нашым вакалістам і танцорам. Усё, чаму нас тут вучаць, спатрэбіцца ў жыцці.
Цяпер дзяўчаты з педагогам працуюць над касцюмамі да раённага конкурсу мадэляў адзення, які пройдзе напярэдадні 8 Сакавіка.
– Працуем з джынсам і фацінам. Вырашылі зрабіць уборы не паўсядзённыя, а сцэнічныя, – дзеліцца педагог.
ПАХОДКА
Навуку дэфіле выхаванкі гуртка спасцігаюць у харэаграфічным класе.
Прасторнае памяшканне з драўлянай падлогай, люстраной сцяной і станкамі – галоўныя ўмовы для правядзення паўнавартасных заняткаў створаны. І абавязкова – музычнае суправаджэнне і … фотааб’ектыў.
Наталля Янкоўская вучыць не толькі прыгожай паходцы – гэта другасная задача, лічыць педагог. Спярша юных мадэляў трэба навучыць чуць музыку і не баяцца сцэны і фотааб’ектываў, бо каб спадабацца гледачу, трэба падабацца самой сабе.
– Дзяўчынкі пазіруюць, робім для іх фотасесіі, абавязковыя ў нас заняткі па пластыцы, міміцы, акцёрскаму майстэрству… – пералічвае Наталля Валянцінаўна. – Адпрацоўваем павароты, уменне трымацца ў неардынарных сітуацыях, напрыклад, што рабіць, калі парушылі рытмічны малюнак.
– Нам вельмі падабаюцца такія заняткі, – уключаецца ў размову выхаванка гуртка Ганна Стрыгнацкая. – Мы пачалі займацца толькі ў верасні і паўгода трэніраваліся без сцэнічных касцюмаў. Цяпер рыхтуемся да першага выхаду.
Хоць, цэльны вобраз складаюць усе тры накірункі работы Школы прыгажосці, але майстэрства дэфіле – самы важны, лічыць педагог: калі апрануцца, зрабіць макіяж і прычоску дзяўчатам можна дапамагчы, то хадзіць за іх ніхто не зможа.
ПАМАДА
Да Анжалікі Бандарэнкі дзяўчаты прыходзяць вучыцца рабіць макіяж і прычоскі.
Калі гурткі па шыццю і харэаграфіі ў цэнтры творчасці працуюць ужо даўно і неабходныя ўмовы для іх правядзення былі створаны, то каб адкрыць новы накірунак – трэба было спярша набыць патрэбныя для работы інструменты. Для педагога закупілі дэкаратыўную касметыку, кісткі, шчотачкі, плойкі і іншыя неабходныя для заняткаў рэчы.
Пачыналі дзяўчынкі навучанне макіяжу на паперы – канструіравалі твар.
– Перад тым, як рабіць нешта на сабе, адпрацоўваем тэхніку на скуры рукі – трэнажоры вельмі дорага каштуюць. Мадэлямі для прычосак з’яўляюцца самі дзяўчаты, – расказвае Анжаліка Валер’еўна. – Яны ўжо шмат чаму навучыліся. Спадзяюся, што навука ў нашай Школе прыгажосці будзе для іх добрай падмогай у будучым. Можа, хто нават выбера гэта прафесіяй.
Па словах Надзеі Грынцэвіч, за паўгода вучобы ў яе сабраўся цэлы чамадан касметыкі – раней толькі туш была.
– Мама часта просіць, каб зрабіла ёй макіяж і прычоску, калі некуды збіраецца. Кажа, што ў мяне прыгожа атрымліваецца, – задаволена сваімі поспехамі дзяўчынка.
– Я навучылася правільна рабіць начосы і локаны, маляваць стрэлку на павеку, наносіць цені, – гаворыць навучэнка Дар’я Сянкевіч. – Хоць ўвогуле не карыстаюся дэкаратыўнай касметыкай, але ўмець гэта рабіць не зашкодзіць.
Правільна падабраць да ўбору макіяж, прыгожа ўкласці валасы і прайсціся, зрабіць элементарны рамонт адзення – гэта павінна ўмець кожная дзяўчынка, лічыць Ксенія Ступень. Таму яна і прыйшла спасцігаць асновы азбукі для юных лэдзі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.