Как стать спасателем

18:03 / 21.02.2020
Прывітанне, сябры!

У мяне да вас пытанне: ці ведаеце вы, кім хочаце стаць, калі вырасцеце? Скажаце, рана пра гэта думаць? Мне здаецца, што ў самы раз. 

Я ўжо дакладана вы­рашыў, што буду выра­тавальнікам. Вельмі падабаецца мне іх служба, хоць часам яна і небяспечная – але мяне гэта не палохае. Наадварот: чым больш даведваюся пра асаблівасці працы пажарных, тым больш хачу быць падобным да іх. Мы з імі добра сябруем, яны мне шмат расказваюць пра сваю службу: як пажары тушаць, як людзей з агню выносяць, як з пчоламі змагаюцца – яны ж не толькі пажарныя, у іх шмат працы. А таксама мне расказваюць пра тое, як прыйшлі ў прафесію.

Вось, напрыклад, вядомы вам усім Аляксандр Сачак. Люблю, калі ён праводзіць з намі цікавыя і карысныя заняткі, якія дапамагаюць вывучыць правілы бяспекі. Часам, едучы на раён, ён бярэ мяне з сабой – мне падабаецца назіраць, як з яго заданнямі спраўляюцца іншыя. Дык вось, Аляксандр Уладзіміравіч свой шлях у выратавальнікі пачынаў з Гомельскага ліцэя МНС. Ён расказаў, што туды прымаюць хлопчыкаў пасля шостага класа. Не ведаю, ці адпусцілі б туды мяне бацькі (усё ж для іх я яшчэ малы), але я моцна хацеў бы там вучыцца. 

1.jpg



Між тым, я ўжо вырашыў: нават калі не дадуць тата з мамай згоды на ліцэй, пасля школы абавязкова пайду ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС у Мінску. Пра яго мне расказаў інспектар Дзмітрый Скопінаў: там можна атрымаць добрую адукацыю і, галоўнае, стаць выдатным спецыялістам.

Выратавальнік павінен быць падрыхтаваны фізічна – для гэтага ва ўніверсітэце ёсць спартыўная база. А яшчэ бацькам не давядзецца клапаціцца, дзе і як мне жыць, – курсанты знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Дарэчы, ва ўніверсітэт прымаюць не толькі юнакоў, але і дзяўчат.

Што трэба, каб ажыц­цявіць мару стаць выратавальнікам? Па-першае, не лічыць, што фізкультура – гэта другасны прадмет. Па-другое, добра вучыць матэматыку, фізіку, беларускую ці рускую мову – цэнтралізаванае тэсціраванне па гэтых прадметах замяняе ўступныя іспыты. 

Затым чатыры гады вучобы – і я стану сапраўдным вырата­валь­нікам. А калі пашанцуе і на службу мя­не накіруюць у родны Астравецкі раён – будзе здорава! Можа, я праз некалькі гадоў тут буду дапамагаць лю­дзям у надзвычайных сітуацыях ці, як Аляксандр Сачак, іх папярэджваць?..

Хто, як і я, хоча стаць пажарным? Гайда са мной у Астравецкі раённы аддзел, нам там усё падрабязна раскажуць. І, магчыма, аднойчы мы сустрэнемся з вамі на службе.

З павагай Ягор



Текст: Главный администратор