Гісторыя кахання Яўгена і Кацярыны Волкавых

10:13 / 14.02.2020
Для Яўгена і Кацярыны Волкавых Міхалішкаўскае лясніцтва – не толькі работа, але і месца зараджэння іх вялікай і шчаслівай сям'і.

3.jpg



У адзін голас Волкавы сцвярджаюць, што іх каханне было не з першага погляду – ад знаёмства да вяселля мінуў не адзін год. 

– У 2005-м па накіраванні я трапіў у Міхалішкаўскае лясніцтва. Лесніком тут працаваў і да гэтага часу працуе бацька Каці – Аляксей Вікенцьевіч Бернюкевіч. Калі я сюды прыехаў, яна вучылася ў школе, была зусім дзяўчом, – узгадвае Яўген

– А я Жэню адразу прыкмеціла, – усміхаючыся, да размовы далучаецца Кацярына. – Але гэта была нават не закаханасць, а першыя светлыя, я б нават сказала дзіцячыя, пачуцці. 

Сапраўднае каханне паміж маладымі людзьмі пачало зараджацца, калі дзяўчына вучылася ў Полацкім лясным каледжы.

– Практыку я праходзіла ў родным Міхалішкаўскім лясніцтве, якое ўжо ўзначальваў Жэня, – расказвае Кацярына. – А на адпрацоўку мяне накіравалі ў Спондаўскае. Памятаю, як Жэня з квет­камі прыехаў павіншаваць мяне з 8 Сакавіка. З гэтага, напэўна, усё і пачалося.

– Ці то жартам, ці то ўсур’ёз ляснічы Спондаўскага лясніцтва Войцех Рамуаль­давіч яшчэ доўга выгаворваў мне, што з-пад носа ў хлопцаў – там шмат халасцякоў працавала – такую дзяўчыну звёў, – гаворыць Яўген. – Памятаю, па працоўных справах разам з цяперашнімі ляснічымі Гервяцкага і Варнянскага лясніцтваў Віталем Грабоўскім і Юрыем Філіпчыкам – яны тады працавалі майстрамі лесу ў Міхалішках  – заехалі да Бернюкевічаў. На парозе нас сустрэла мая будучая цешча – з Кацяй мы тады яшчэ не сустракаліся – кажу ёй: «Пятроўна, зяцёў прывёз!». «Глядзі, – з усмешкай адказала яна. – Можа, і сам ім будзеш!» Нібы ў ваду глядзела! – ляснічы ўсміхаецца. 

У 2012 годзе маладыя пабраліся шлюбам і пераехалі ў пабудаваны побач з лясніцтвам службовы вялікі драўляны дом. Кацярына, якая стала працаваць у Міхалішкаўскім лясніцтве бухгалтарам, падтрымлівала мужа – і працягвае гэта рабіць – ва ўсіх яго пачынаннях і задумах.

– Мне вельмі пашанцавала, што я сустрэў Кацю на сваім жыццёвым шляху, – прызнаўся Яўген. – І па ім мы крочым ужо разам з нашымі дзеткамі: Маргарытай, Макарам і Мацвеем.
Текст: Главный администратор