Хто галоўны на пешаходным пераходзе, высвятляў карэспандэнт «АП»

08:41 / 06.02.2020

Здавалася б, пешаходны пераход павінен быць самым бяспечным месцам для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Аднак чамусьці менавіта тут вадзіцелі і пешаходы нярэдка парушаюць правілы.

Чаму так адбываецца і хто ў гэтым вінаваты, карэспандэнт «АП» паспрабаваў высветліць падчас рэйду з супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі.

Першым назіральным пунктам стала «зебра» каля магазіна «Кулінарыя». Людзей і машын тут няшмат. Пешаходамі былі, у асноўным, маладыя жанчыны з каляскамі, школьнікі і людзі сталага ўзросту. Яны пераходзілі дарогу акуратна і ўважліва. І толькі адзін падлетак самаўпэўнена ступіў на праезджую частку, нават не падняўшы вачэй ад мабільніка.

0.jpg

– На жаль, нямала людзей, якія лічаць, што на пешаходным пераходзе закон толькі на іх баку, – пракаменціраваў сітуацыю інспектар дарожна-паставой службы ДАІ Сяргей Шлыковіч. – Сапраўды, на «зебры» ёсць перавага, аднак не варта забываць і пра прапісаныя ў правілах дарожнага руху абавязкі. Перад тым, як ступіць на праезджую частку нават на пешаходным пераходзе, чалавек павінен упэўніцца, што выхад на дарогу бяспечны. Аднак пра гэта пешаходы чамусьці забываюць. Больш таго, некаторыя з іх ідуць па «зебры» ў нацягнутым па самыя вочы капюшоне, у навушніках ці не адрываючы погляд ад гаджэтаў. А вадзіцелі не богі – на дарозе ўсялякае можа здарыцца. Яшчэ пешаходы не павінны забываць пра святлоадбівальныя элементы ў цёмны час сутак – любы вадзіцель пацвердзіць, што яны дапамагаюць здалёк убачыць чалавека на дарозе.

Праз паўгадзіны дзяжурства мы змянілі месца дыслакацыі, выбраўшы скрыжаванне каля магазіна «Вернісаж», дзе ў полі зроку аказаліся адразу тры пешаходныя пераходы. Інтэнсіўнасць руху тут нашмат вышэйшая, магчыма, яшчэ і таму, што наступіў абедзенны час. Тым не менш, аўтамабілі загадзя зніжалі хуткасць перад «зебрай», а пешаходы акуратна і хутка пераходзілі дарогу.


Лічба: 83 вадзіцелі ў 2019 годзе ў Астравецкім раёне за парушэнне правілаў дарожнага руху на нерэгулюемых пешаходных пераходах было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці (у 2018 – 132).


– Канешне, сярод вадзіцеляў таксама хапае парушальнікаў, – адзначыў інспектар ДПС. – Ёсць ліхачы, якіх нават штучныя няроўнасці перад перашаходным пераходам не спыняюць. З такімі размова кароткая: не разумееце патрабаванняў – заплаціце штраф.

Дарэчы, вадзіцель, які не прапусціў пешахода на «зебры», на першы раз можа атрымаць папярэджанне, у астатніх жа выпадках заплаціць штраф ад 1 да 5 базавых велічынь. Калі ж вадзіцель створыць аварыйную сітуацыю для пешахода – пакаранне вырасце ад 5 да 20 базавых з магчымым пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на два гады.

За гадзіну з лішкам, што доўжыўся рэйд, мы не заўважылі сур’ёзных парушэнняў. Хочацца спадзявацца, што вадзіцелі і пешаходы будуць узаемна ветлівымі не толькі ўбачыўшы супрацоўніка ДАІ, але заўсёды. Дарога адна і жыццё адно – навошта ім рызыкаваць, высвятляючы, хто галоўны?!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич