А вы каго больш любіце: коцікаў ці людзей?

15:08 / 03.02.2020
Калі б усе, хто любіць людзей ці жывёл, узялі за правіла жыцця вядомае выказванне Антуана дэ Сент-Экзюперы «Мы в ответе за тех, кого приручили», то, напэўна, прасцей вырашаліся б многія праблемы, што ўзнікаюць паміж людзьмі. І тады не было б і гэтага допісу ў газету.

…Падмарозіла. Выглянула рэдкае цяпер сонейка – і невытлумачальнай радасцю напоўнілася сэрца. Іду на вуліцу. 

…Маладая суседка вяртаецца з працы. Насустрач ёй куляй ляціць малы кудлаты сабачка. Столькі радасці ў абодвух! Жанчына сумку на зямлю кінула, шчанюка лашчыць. А той кідаецца да яе лагодных рук, шалее ад радасці.

…Сівая жанчына з другога паверха рассыпае па зямлі сухі корм для катоў. Шэрыя, чорныя, плямістыя, даўга- і гладкашорстыя тут жа збіраюцца на сняданак. Аднойчы я налічыла іх чатырнаццаць. Сёння менш – з дзясятак. З замілаваннем глядзіць на сваіх гадаванцаў добра­зычлівая жанчына, садзіцца на лаўку, каб паназіраць за імі.

Картинки по запросу "коты возле подъезда""



Але… Дом камунальны, пад’езды агульныя, невялікая пляцоўка перад домам.  Абжытае ўсё: кусцікі пасаджаны, газоны падстрыжаны. Але вось шэры кот па-свойску падыходзіць да кволай туйкі і робіць тое, што яму патрэбна.  

– Гэтую праблему трэба неяк вырашаць, –  ківае ў бок спаскуджанага газона адна з жыхарак дома. 

– А гэтую? – паказвае  на дзверы, што вядуць у падвал, другая. – Там жа – «міннае поле»!

Замененыя за ўласныя сродкі жыхароў два гады таму металічныя дзверы ў пад'езд ужо пачалі ржавець – так шчодра мецяць сваю тэрыторыю каты-самцы. І хоць гаспадыні рознымі сродкамі, хімічнымі і фізічнымі, спрабуюць адагнаць кацяраў і па некалькі разоў на тыдзень змываюць едкія смярдзючыя меткі, нічога не дапамагае: характэрны смурод пасяліўся тут, здаецца, назаўсёды.  

А зараз яшчэ і сабачка… Напэўна, далёка разнесліся чуткі пра добра­зычлівых жанчын з гэтага дома, бо коцікаў сюды падкідваюць рэгулярна, а цяпер вось і сабак сталі прывозіць. Тут іх прылашчаць, накормяць, не шкадуючы грошай са сваіх не вельмі вялікіх даходаў, –  бо любяць жывёл. 

А людзей? Няўжо ні ра­зу міласэрны позірк гэтых адукаваных людзей, скірава­ны на жывёлін, не за­трымаўся на суседзях?! Так, яны па меры магчымасці прыбіраюць за сваімі гадаванцамі – але магчы­масці невялікія. А патрэбны кардынальныя меры: вальер, асобная кватэра. Сабака павінен жыць у пакоі, калі ён для таго прыстасаваны, ці на ланцугу сядзець, каб не рабіў шкоды. Бо ён жа толькі гуляецца, адрываючы кавалак ад дарагой полікарбанатнай цяпліцы, што стаіць на агульным агародзе…

«Чым яны вінаватыя? А калі ўсе ад іх адвернуцца – ім што, з голаду паміраць?» – такімі аргументамі адбіваюцца ад папрокаў суседзяў, калі ў тых заканчваецца цярпенне, міласэрныя жанчыны, што на працягу многіх гадоў цешаць сябе падобнай дабрачыннасцю.

«Давайце вывезем іх куды-небудзь», – прапанаваў аднойчы нехта. Але куды? Каму патрэбны такія падарункі?

Звярнуліся да дэпутата раённага Савета, у сельскі Савет… «Няма сродкаў», – адзін адказ. Але ўсё ж, думаецца, справа ў іншым: ніхто не бачыць у гэтым праблемы. Ды і, па праўдзе кажучы,  няма вопыту яе вырашэння.

…Алена Рэрых, руская пісьменніца і філосаф ХХ стагоддзя, якая імкнулася ўмацаваць сувязь паміж чалавекам і прыродай, гаварыла: «Следует любить людей и жалеть животных, но отвратительно наблюдать проявляемую к ним извращенную сентиментальность среди некоторых типов людей». Вось так: не міласэрнасць, а ўсяго толькі сентыментальнасць, да таго ж  – скажоная, ненармальная.  «Поэтому наша первая забота должна быть о людях, а потом уже о животных», – мудра раіла Алена Іванаўна.

А вы што думаеце з гэтай нагоды? 

Васіліна Мар'янава



Текст: Главный администратор