Пераможцы конкурсаў «Астравецкай праўды» і цэнтра творчасці атрымалі ўзнагароды
17:03 / 31.01.2020
Больш за 70 чалавек рознага ўзросту сабраліся ў аўторак у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Нагода для сустрэчы была важкая – тут прайшло ўзнагароджванне ўдзельнікаў навагодніх конкурсаў, арганізаваных «Астравецкай праўдай» і Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
«КРЫСівая ёлка», «Сэлфі з «раёнкай», конкурс відэавіншаванняў, гісторый «Навагодні сюрпрыз» і малюнкаў, прысвечаных Году малой радзімы, – напрыканцы мінулага года юныя і дарослыя жыхары Астравеччыны змаглі праявіць і прадэманстраваць свае разнастайныя таленты.
У цэнтры творчасці ўсіх, хто прыйшоў на ўрачыстасць, чакала некалькі сюрпрызаў. Па-першае, можна было пазнаёміцца з новай установай, якая ў жніўні мінулага года адчыніла свае дзверы, па-другое, палюбавацца вырабамі, створанымі ўдзельнікамі конкурсаў. Шмат пазітыўных эмоцый атрымалі госці і падчас цырымоніі ўзнагароджвання.
– Я ўжо не раз удзельнічала ў конкурсах і мерапрыемствах «Астравецкай праўды», – расказвае Аляксандра Гануліч. – Помню, як яшчэ дашкольніцай на дні раённай газеты дапамагала праводзіць розыгрыш латарэі – выцягвала шчаслівыя нумаркі. Уражанні незабыўныя! А на гэты раз мой малюнак і вершы трапілі ў каляндар, прысвечаны Году малой Радзімы.
– Свята атрымалася цудоўным, – далучаецца да размовы пазаштатны аўтар газеты Марыя Васілёнак. – Дзякуй за такія мерапрыемствы – і творчасці вам!
Усе пераможцы і прызёры рэдакцыйных конкурсаў атрымалі дыпломы і падарункі, сярод якіх былі эксклюзіўныя календары з дзіцячымі малюнкамі і вершамі ад «АП», сувенірная прадукцыя і падпіска на «раёнку».
Самым актыўным ўдзельнікам рэдакцыйных конкурсаў падарункі падрыхтавалі яшчэ і гаспадары магазіна «Шкатулка рукоделия».
Падчас мерапрыемства ўзнагароды таксама атрымалі пераможцы і прызёры конкурсу на лепшую навагоднюю паштоўку, арганізатарам якога выступіў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – дыпломы і падарункі юным мастакам уручыла яго дырэктар Святлана Куцько.
– Прыемна бачыць у нашай зале столькі творчых і таленавітых людзей, – прывітала ўдзельнікаў Святлана Казіміраўна. – Рада, што вы з такім жаданнем уключыліся ў наш конкурс і даслалі на яго ажно 75 малюнкаў.
Рэдакцыя і надалей будзе праводзіць розыгрышы, акцыі, марафоны і конкурсы – сачыце за анонсамі, удзельнічайце – і, магчыма, у наступны раз журы прызнае лепшым менавіта вас!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.