Адраджалі традыцыі і рабілі святы ўсёй ваколіцай у Ізабелінскім доме культуры

12:12 / 31.01.2020
1339
Некалі Ізабелінскі сельскі дом культуры быў адным з самых прыцягальных месцаў адпачынку не толькі для жыхароў навакольных вёсак – карысталіся вялікай папулярнасцю яго святы і дыскатэкі і ў астраўчан.

Пра тое, што тут некалі віравала культурнае жыццё, цяпер можна здагадацца толькі па рэштках разных варот ды аджываючых свой век – немагчыма без гаспадара падтрымліваць  былую прыгажосць – драўляных скульптурах, што стаяць ля былога клуба. Сёе-тое раскажуць два фотаальбомы, што захоўваюцца ў фондзе раённага музея, – гартаючы іх, бачна, з якой любоўю працавала колішні загадчык СДК Вера Мілэйша. Але каб гісторыя ажыла, трэба ўскалыхнуць успаміны яе непасрэдных удзельнікаў. 

IMG_9396 Рэшткі варотаў.jpg

Рэшткі варотаў


IMG_9388 У зарасніку хмызняку.jpg

У зарасніку хмызняку


Так я і зрабіла: сустрэлася з адным з былых за­гад­чыкаў  клуба Аляксандрам Міцюлём, жыхаркамі Ізабеліна,  удзельніцамі  гурта «Папрадухі» Леакадзіяй Трах­невіч і Марыяй Броўка і Аксанай Юркойць, дачкой светлай памяці многіх вяскоўцаў Веры Мі­лэйшы.

IMG_9379 Аляксандр Міцюль.jpg

Аляксандр Міцюль


IMG_9369 Леакадзія Трахневіч.jpg

Леакадзія Трахневіч



Клуб і яго работнікі  

У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў Ізабеліна з Гур перавезлі былы панскі дом. У ім размясціліся клуб, пошта, аддзяленне сувязі і кантора ўчастка «Чырвоны Кастрычнік».

IMG_9409 Будынак клуба.jpg

Будынак клуба


З запісаў Веры Мілэйшы: «За­гадчыкі мяняліся амаль штогод. Прыходзілі маладыя дзяўчаты, а калі выходзілі замуж, пакідалі працу. Працаваць было цяжка...»
Там жа ўзгаданы работнікі.

Загадчыкі Ізабелінскага клуба:

Уладзімір Раткевіч (1956 – 1957 гг.), Марыя Шафран, Яніна Сыс, Ганна Станчыц,

Тэрэса Лукша (1962 – 1963 гг.),

Сцяпан Лукша (1963 – 1964 гг.),

Рэгіна Бабойць (1970 – 1973 гг.),

Галіна Калышка (1973 – 1975 гг.),

Галіна Анімуцкая (1975 – 1977 гг.),

Вера Мілэйша (1977 – 2002 гг.),

Інэса Мацкевіч (2002 – 2003 гг.),

Аляксандр Міцюль (2003 – 2006 гг.).

Калі клуб аб’ядналі  з сельскай бібліятэкай, яго загадчыкам працавала Таццяна Раткевіч (2012 – 2013 гг.). 

Мастацкія кіраўнікі:

Ірына Мацкевіч (1978 – 1979 гг.),

Ала Панкавец (1981 – 1983 гг.),

Таццяна Раткевіч (1983 – 1985 гг.),

Ірына Раткевіч (1985 – 1992 гг.),

Аляксандр Міцюль (1992 – 2002 гг.),

Вера Мілэйша (2002 – 2009 гг.)

– У канцы 80-х зрабілі капітальны рамонт бу­дынка, абклалі цэг­лай, – расказвае Аляксандр Міцюль. – Стар­шыня калгаса «Чыр­воны  Кастрычнік» Часлаў Рынкевіч дапамог зрабіць ля клуба драўляныя скульп­туры, якія надалі тэрыторыі асаблівы каларыт – яны адлюстроўвалі вясковы побыт. 

IMG_9395 Клуб.jpg

Клуб


IMG_9393 Скульптура сялянкі.jpg

Скульптура сялянкі



Побач з клубам была валейбольная пляцоўка – штовечар збіралася шмат моладзі, і з Астраўца прыязджалі гуляць. А пасля гульні ішлі ў клуб – на фільм.

IMG_9390 Тут калісьці была валейбольная пляцоўка.jpg

Тут калісьці была валейбольная пляцоўка


– Круцілі фільмы амаль кожны дзень. Прыбіральшчыцы даво­дзілася прапальваць печкі загадзя – а іх было ажно шэсць! – гаворыць Аляксандр. –  Кіна­аператарам быў Віктар Бра­зевіч. Ён жа быў і музыкантам.

З першага дня адкрыцця клуба (1956 год) і да пенсіі за парадкам у клубе і на яго тэрыторыі сачы­ла Галіна Стэх. 

Калектывы

Да 1978 года ў Доме культуры пастаянна дзеючых калектываў не было. Ладзілі канцэрты, пераважна дзіцячыя і на святы.

«Папрадухі». У 1978 годзе, 2 верасня, пры клубе стварылі фальклорны гурт – пазней ён стаў аматарскім аб’яднаннем – «Папрадухі». А ўжо 18 лістапада адбылося яго першае выступленне на сцэне Лошскага СДК падчас перадачы эстафеты ў гонар 60-годдзя БССР і КПБ Гудагайскаму сельсавету.

IMG_9286 Гурт Папрадухі.jpg

Гурт «Папрадухі»


– Дзякуючы Веры Мілэйшы гэта пачалося, – узгадвае старэйшая ўдзельніца гурта Леакадзія Трахневіч. – Яна па хатах хадзіла, прасіла, каб прыйшлі спяваць. Не ішлі адразу: маўляў, куды мы пойдзем?! А потым усе пайшлі, і так ахвотна – хацелі выступаць. Мы  ж усюды ездзілі! І ў Мінску выступалі, у Літве ды Латвіі былі! Астравеччыну ўсю абспявалі. Спачатку нас чалавек шэсць ці сем было, а тады «разрасліся». 

IMG_9300 Свята спорту ў Астраўцы. 1983 год.jpg

Свята спорту ў Астраўцы. 1983 год



Першымі ўдзельніцамі калектыву былі Соф’я Мілэйша, Леакадзія Трахневіч, Марыя Карпіцкая, Зінаіда Ляўданская, Сабіна Мацкевіч і  кіраўнік Вера Мілэйша. Потым прыйшлі Галіна Мікліс, Таццяна Іваніцкая, Гэлена Мілэйша, Зінаіда Ляўданская, Браніслава Ярашэвіч, Марыя Броўка, Луцыя Іваніцкая.

IMG_9309 Папрадухі.jpg

«Папрадухі»


Пазней ўлілося маладое па­паў­ненне: Аляксандр Міцюль, Алег Шкабара, Анатоль і Валерый Вайткевічы, Анатоль і Аляксандр Базюкі, Лілія Герасім, Аксана і Валянціна Мілэйшы.

Пастаянны склад калектыву быў 14-16 чалавек. 


З альбома «Папрадухі»

«За ўвесь час існавання калектыў пабываў з канцэртамі амаль у кожным клубе і СДК раёна. Удзельнічалі ва ўсіх аглядах і святах, якія праводзіліся на Астравеччыне. Асабліва творчымі для калектыву былі 1980-82-я гады».

IMG_6023 Ганаровая грамата Папрадухам за выступленне ў Латвіі.jpg

Ганаровая грамата «Папрадухам»


«Папрадухі» станавіліся ды­пла­мантамі абласных і між­рэс­пуб­ліканскіх аглядаў-кон­курсаў. 

У рэпертуары калектыву было  больш за 30 песень – у асноўным тыя, што спявалі на Астравеччыне: бытавыя, жартоўныя, вясельныя, валачобныя, калядныя. 

– Рэпертуар нам Вера (Мі­лэйша. – Заўв. аўт.) складала, – дзеліцца Марыя Броўка. – Мясцовыя даўнейшыя песні запісвала, нешта з курсаў пры­возіла, што ад цёткі сваёй, як у Польшчу ездзіла. Спеўнікі ў нас былі, адна другой давалі перапісваць. Спявалі і па-руску, і па-беларуску, і па-польску, і ўкраінскую чаплялі, і па-просту – невядома якая там мова атрымлівалася, з розных слоў сабраная. 

IMG_9403 Спеўнік Марыі Броўкі.jpg

Спеўнік Марыі Броўкі



– Спачатку больш на польскай ды па-просту – песні нашай мясцовасці, – кажа Леакадзія Трахневіч. – Раней жа ўсе спявалі, ішлі працаваць – і спявалі. Кароў паганю, помню, пасвіць, дык мой хазяін ужо ўсе песні знаў. «Ну, Лёдзя, ты такую ды такую заспявай». І я ўжо пяю ды пяю, а ён дзе далей пойдзе папасе, а я сяду ды пяю…

IMG_9358 Сярэбранае вяселле Гэнуэфы і Зыгмунда Вайткевічаў.jpg

Сярэбранае вяселле Гэнуэфы і Зыгмунда Вайткевічаў



– Размяркоўвалі партыі па галасах – у каго першы, у каго другі, – вяртаецца да размовы пра «Папрадух» Аляксандр Міцюль. – На кожную песню Гена Новік, акампаніятарам у клубе быў, ноты пісаў. 

У песенных выступленнях «Па­прадухі» адраджалі народныя звы­чаі і абрады, расказвалі пра сялянскі побыт дзядоў і пра­дзедаў. 

IMG_9312 Забавы на свяце Матулін Рушнік. 1991 год.jpg

Забавы на свяце Матулін Рушнік


– Спявалі ды справай займаліся, як у даўніну, – вяртаецца думкамі  да насычаных выступленнямі ча­соў калектыву Марыя Броўка, – хто вяжа, хто лён чэша, хто кудзелю чысціць, хто прадзе, хто ніткі матае, хто тчэ. Не сядзелі без дзела – нешта рабілі.

IMG_9292 Папрадухі на Янаўскім вадасховішчы.jpg

«Папрадухі»  на Янаўскім вадасховішчы



– А калі выступаць у кагосьці не атрымлівалася, – расказвае дачка Веры Мілэйшы Аксана Юркойць, – яны клікалі іншых вясковак на дапамогу – спявалі ж песні мясцовыя, яны ўсім былі вядомы. 

– Вера для выступленняў нам нават народныя касцюмы заказала, – з непрытоеным шкадаваннем пра мінулае гаворыць Леакадзія Трахневіч.


З альбома «Папрадухі»: 

«Калектыў працуе над фальклорнымі танцамі, польскімі песнямі…»

– Мы ж яшчэ і танцавалі – збіраліся, развучвалі – сур’ёзна рыхтаваліся, – расказвае Марыя Броўка. – І кракавяк, і падыспань, і нарэчаньку, і гапак, і лявоніху… 

IMG_9308 Фальклорная вечарына.jpg

Фальклорная вечарына



– На рэпетыцыі ў клуб вечарам хадзілі, пасля работы, – узгадвае Леакадзія Трахневіч. – А бывала,  у хаце ў каго збіраліся.

– Ездзілі выступаць круглы год, – працягвае жанчына. – Мужыкі не ўсіх хацелі пускаць. Адну мужык так пярыў – мы ідзём, а ён каля плоту з палкай ужо чакае! Але яна ўсё роўна прыходзіла спяваць. Мой дык надта добры быў – заўсёды адпускаў, і нават на некалькі дзён!

– Бывала, Вера і з бутэлькай хадзіла па хатах – прасіла мужыкоў, каб жанок адпусцілі, – усміхаецца Аляксандр Міцюль. – І дамаўлялася!

Аксана Юркойць расказала, што ніводнага вяселля ў на­ва­коллі не абыходзілася без «Папрадух» – іх абавязкова клі­калі выпраўляць жаніха і нявесту. 

IMG_9295 Вясельныя вароты шчасця.jpg

Вясельныя вароты шчасця



Драматычныя гурткі і хоры

З запісаў Веры Мілэйшы можна даведацца, што першым калектывам мастацкай самадзейнасці пры Ізабелінскім СДК быў драматычны гурток для дарослых. 

Яго першыя спекталі: «Будка 27» па п’есе І. Франка, «Парты­заны» па п’есе А. Макаёнка, «Паўлінка»па п’есе Я. Купалы. Удзельнікамі гуртка былі настаўнікі Альгінянскай школы, моладзь вёсак Ізабеліна, Кялёйці.

IMG_6014 Выступленне драмгуртка дарослых.jpg

Выступленне драмгуртка дарослых


Хор складаўся з 50 удзельнікаў розных узростаў – ад 18 да 50 гадоў. Неаднаразова ён быў пераможцам раённых аглядаў-конкурсаў. 

«Вялікую дапамогу аказваў калгас: тры разы на тыдзень выдзяляў машыну для збору ўдзельнікаў на рэпетыцыі. Дапамагаў раённы Дом культуры. Акампаніятарамі былі Раман Карвель, Раман Радзюль і Станіслаў Субель».

У 1962-1963 гадах у Іза­бе­лінскім клубе дзйнічалі хор, у якім спявала 40 чалавек, і танцавальны калектыў у складзе 12 чалавек. Яны былі пастаяннымі ўдзель­нікамі раённых і абласных аг­лядаў. Выступалі з канцэртамі мастацкай самадзейнасці ў вёсках раёна.

IMG_9299 Канцэрт у Астравецкім лесапарку. 1982 год.jpg

Канцэрт у Астравецкім лесапарку. 1982 год


Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці моладзь вёсак Ізабеліна, Кялёйці, Альгіняны. Касцяк складалі настаўнікі Альгі­нянскай школы.

У 1996 годзе Аляксандр Міцюль, які юнаком іграў у самадзейнасці, на той час ужо мастацкі кіраўнік СДК, стварыў дзіцячы драматычны гурток.

З 1998 года драматычны дарослы гурток ўзяла пад сваё крыло Вера Мілэйша. На сцэне ставіліся спектаклі класікаў і сучасных аў­тараў беларускай літаратуры. 

Работа як стыль жыцця 

Не магчыма не расказаць асобна пра загадчыка Ізабелінскага клуба – Веру Мілэйшу. 

Яна даўно адышла ў іншы свет, а памяць пра яе жыве. Я слухала ўспаміны вяскоўцаў, гартала фотаальбомы, чытала запісы гэтай жанчыны, у якіх занатавана гісторыя клуба, – і разумела: яна жыла тым, што рабіла.

– Вера такая добрая баба была! Умела сабраць людзей, за ёй усе цягнуліся, – гаворыць Леакадзія Трахневіч.

IMG_6007 - Вера Мілэйша.jpg

Вера Мілейша



– Мама родам з вёскі Попішкі, што на Падольшчыне, – расказвае Аксана Юркойць. – Марыла стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, але не паступіла. І пасля школы, у 1973 годзе, пайшла працаваць  у Ізабелінскую бібліятэку. А праз год выйшла замуж, уладкавалася на  на завод «Радыёдэталь» – хацелі з бацькам перабрацца ў Астравец, а на заводзе жыллё абяцалі. Але нешта не склеілася – і яны вярнуліся ў Ізабеліна. Мама стала бухгалтарам у калгасе. А ў 1977 годзе – загадчыкам мясцовага клуба. Спецыяльнай адукацыі ў яе не было, але яна гарэла працай! Адвучылася завочна ў Гродзенскім культасветвучылішчы на рэжысёра тэатральных пастановак.

IMG_9329 Семінар ў Ізабелінскім СДК. 1991 год.jpg

Семінар у Ізабелінскім СДК. 1991 год



– Для мамы яе работа была стылем жыцця, – працягвае жанчына. – Памятаю: Новы год сустрэлі – і зноў яна ў клуб нясецца, бо свята ж людзям зрабіць трэба!

І Аксане з сёстрамі клубнай работы  хапала – хочаш не хочаш, а выступаць даводзілася. «Помню, у склепе  бульбу перабіраем з мамай – і песні развучваем, – смяецца, узгадваючы «бульбяныя» рэпетыцыі дачка Веры Мілэйшы. – Бывала, і па гаспадарцы артысткам матуліным дапамагаць даводзілася: не пускае мужык жонку выступаць, пакуль тая дзялку не праполе, – мама да нас: «Ну што, дзяўчаты, трэба дапамагчы!» Ідзём! У думках не было адмовіцца – мама ж сказала. Мы ўвесь час былі, як у віры. Але пры ўсім гэтым маці ўсё паспявала: і па дому, і па гаспадарцы, і за сабой ды намі глядзець – мы заўсёды добра выглядалі. У яе ўсё павінна было быць ідэальна».

Пра апантанасць справай Веры Мілэйшы гавораць і Ганаровыя граматы, дыпломы, Падзячныя лісты  –  яе асабістыя, калектыву, мастацкім кіраўніком якога яна з’яўлялася, СДК. 

Адпачынакдля вяскоўцаў

– Калісьці моладзі ой як шмат было! З Альгінян Пятроўскі танцы прыходзіў іграць, – узгадвае Марыя Броўка. – Сабіраліся хлопцы гуртом, бралі калгасную машыну і аб’язджалі ўсіх музыкантаў – запрашалі іграць. Музыканту плацілі, а кармілі яго па чарзе вяскоўцы. 

Пазней на змену гармоніку прыйшлі пласцінкі, потым – бабінныя магнітафоны. «А круцілі як: хто падышоў – той і круціць, абы ўмеў гэта рабіць. Танцавалі да раніцы!» – смяецца Марыя. – А вось у пост танцаў не было – ні ў савецкія часы, ні пасля.

Памятаю тыя дыскатэкі і я: калі ў Ізабеліна круцілі музыку – Астравецкі клуб пуставаў. 

Да канца 80-х танцы бясплатныя былі, а ў канцы 80-х іх зрабілі платнымі – 50 капеек. 

IMG_9348 У ізабелінскім СДУ выступаюць Дубы-калдуны.jpg

У Ізабелінскім СДУ выступаюць Дубы-калдуны


– Круціў музыку ў нас чалавек з Бялькішак, – расказвае пра гады свайго дырэктарства Аляксандр Міцюль. – Ён прыносіў свой камп’ютар. Дык мы яго на веласіпедзе, калі не атрымлівалася на машыне, дастаўлялі ў клуб. Гэта не цяпер: узяў планшэт ці флэшку – і пайшоў. А ў 90-х купілі ў клуб новую музычную апаратуру, светамузыку – шчаслівыя былі!..

Не толькі танцамі і самадзейнымі калектывамі ў свой час мог пахваліцца Ізабелінскі клуб. Гэта ўстанова была эпіцэнтрам культурнага жыцця ўсёй ваколіцы. Яго нешматлікія работнікі (2-3 чалавекі ў розны перыяд) аб’ядноўвалі вакол сябе вяскоўцаў, запрашалі на дапамогу калег, каб зрабіць адпачынак цікавым. 

IMG_6021 Вакальны гурт Халасцякі 2002 год.jpg

Вакальны гурт «Халасцякі». 2002 год


IMG_9333 Літраратурная вечарына да 100-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча.jpg

Літаратурная вечарынка да 100-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча


Думаю, мае аднагодкі не за­былі, што такое ізабелінскае Купалле. І калядоўшчыкі ды вала­чобнікі з віншаваннямі хадзілі па навакольных вёсках – і былі там жаданымі гасцямі. Яны збіраліся разам, каб адзначыць Новы год, ладзілі выязныя святы вёсак, вечарыны народных танцаў і песень, літаратурныя сустрэчы,  ставілі спектаклі, ра­білі запамінальнымі для дзяцей Дзень ведаў і апошні званок, ушаноўвалі юбіляраў сямейнага жыцця і сельскіх працаўнікоў – усяго не пералічыць.

IMG_6019 Свята вёскі Альгіняны. Мяцовы фальклорны гурт.jpg

Свята вёскі Альгіяны. Мясцовы фальклорны гурт


IMG_6004 Вечарына ў клубе 1995 год.jpg

Вечарынка ў клубе. 1995 год


IMG_9356 Рубінавыя юбіляры Марыя і Зенон Маркевічы. 1993 год.jpg

Рубінавыя юбіляры Марыя і Зенон Маркевічы. 1993 год


– Ды некалі тут уся вёска выступала! З навакольных прыходзілі дапамагаць, з Астраўца. Як Вера гарэла сваёй справай! А цяпер – нічога... Нават дзецям – што ўжо гаварыць пра дарослых! – няма дзе прытуліцца, нават кнігі няма дзе ўзяць! – з горыччу гаворыць Марыя Броўка. – Сэрца крывёй абліваецца. Чаму так усё зрабілася?..

IMG_9366 Фальклорнае свята. 1996 год.jpg

Фальклорнае свята. 1996 год



У 2013 годзе клуб зачынілі… І замерла жыццё вяскоўцаў.

IMG_9382 Дзверы ў танцавальную залу зачынены - назаўсёды.jpg

Дзверы ў танцавальную залу зачынены назаўсёды



Текст: Рита Дремо
Фото: з сямейнага архіва Аксаны ЮРКОЙЦЬ і архіва раённага музея
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений