Пра першага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Маланню Сянюць успамінае Фаіна Дакутовіч

11:09 / 27.07.2019
Расказваючы ў праекце «Гісторыя газетным радком» («АП» №3 за 14 студзеня) пра падзеі 1947 года, мы асобна спыніліся на выбарах у Вярхоўны Савет БССР, якім у газеце ўдзелена шмат увагі, і кандыдатах ад Астравеччыны – Маланні Сянюць і Вікенціі Падалісе. І папрасілі жыхароў Астравеччыны, хто яшчэ помніць гэтых людзей, расказаць тое, што прайшло міма газеты: што за людзі былі Малання Мацвееўна Сянюць і Вікенцій Іосіфавіч Падаліс?

12.jpg



Неўзабаве адгукнулася Фаіна Іванаўна Дакутовіч, якая ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Варона і цудоўна ведала Маланню Сянюць. Хоць бабе Фене ўжо 92 гады, яна мае цудоўную памяць і цвярозы розум і пагадзілася расказаць пра першага пасляваеннага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР ад Варнянскай выбарчай акругі – звычайную вясковую жанчыну з незвычайнымі паўнамоцтвамі.

– Я ў Варону адразу пасля вайны прыехала. Сюды прыслалі ўчастковым стрыечнага брата маёй маці, Віктара Зенюка, былога партызана, а ён забраў потым сваіх маці і сёстраў, якія на Віцебшчыне засталіся на папялішчы. І мне, сіраціне, не было куды падзецца: усіх маіх родных жыўцом спалілі, а мяне ў канцэнтрацыйны лагер забралі, так я адна з радні і засталася.

Паклікаў Віцька і мяне ў Заходнюю Беларусь. Прыехала – у іх саміх няма чаго есці, а тут яшчэ я. Маці іх скупаватая, бурчыць – нашто нам гэты лішні рот? Я не ведаю, што рабіць. А тут прыйшла да нас у хату старшыня сельсавета Малання Сянюць (на фота), пачула гэта і кажа:

– Хадзем, Фенечка, да мяне. Дапаможаш дзяцей гадаваць, што-кольвечы па гаспадарцы.

І пайшла я – па сутнасці,  у домработніцы. Дзяцей гля­дзела, карову даіла, свіней карміла – усё, што трэба, рабіла. За кавалак хлеба працавала, хто мне што плаціў…

А сама босая. Юлюк, муж мой будучы, тады ўжо да мяне заляцаўся, зрабіў мне драўляныя клумпы. Увосень яшчэ як-небудзь, а зімой як? На гарышчы знайшла халявы ад ботаў, занесла шаўцу – ён зрабіў мне нейкі абутак. Дык Малання аддала яму грошы за работу –  такая плата мне была.

Малання не мясцовая, аднекуль з-пад старой Вілейкі яе муж прывёз – з арміі, ці што? Не хацелі яе – ні радня яго, ні вяскоўцы. Таму, мусіць, і падалася ў актывісты. Яна баявая была. Нічога не баялася.

А мужык яе просты быў. Як Малання ў начальства пайшла, то мала яго панімала, да сябе не дапускала. Крычала: «Мне дадуць браўнінг – я цябе застрэлю!». 

Дзяцей у іх трое было. Хлопчык Лютак – вельмі ж разумны, адны пяцёркі са школы насіў, не разумею, чаму далей вучыцца не пайшоў. І дзве дзяўчынкі, Люся і Анька. Калі я прыйшла да іх, то Анька зусім маленькая была, гадкі з паўтара. 

Колькі той Маланні давялося перацярпець – не расказаць. Вокны ёй не раз білі. Аднойчы прыехаў оперупаўнаважаны, Кудраўцаў, дык яго ў Маланнінай хаце праз акно застрэлілі. У Астраўцы пахавалі. 

А потым, як калгасы ўсталяваліся, то ўжо ўсе ёй нізенька кланяліся: «Мацвееўна, Мацвееўна…» Падарункі насілі – дываны саматканыя, ручнікі. Яна брала, казала: «Мне ж таксама дачок замуж трэба будзе аддаваць». У госці запрашалі. Яна зла ні на каго не трымала, па натуры добрая жанчына была.

Старшынёй сельсавета доўга працавала, хоць адукацыі ў яе не было. Як дэпутатам выбралі, то ў Мінск часта ездзіла, у раён – на сходы, на злёты розныя. А як граматных пабольшала, то у калгас пайшла працаваць. І пенсію ёй налічылі зусім малую, як усім калгаснікам. Яна да майго Юлюка прыйшла, просіцца: «Напішы, каму трэба, як жа так – столькі старшынёй сельсавета была, і дэпутатам, жыццём рызыкавала – а пенсіі не зарабіла».

Юльян умеў розныя паперы складаць, ведаў,   каму направіць. Напісаў ён, каму трэба  – і пенсію Маланні дабавілі.

Мужык яе першым памёр, Малання яшчэ колькі часу адна жыла, кватарантак трымала. А пасля таго, як Сяргей Віхроў, калгасны інжынер, нявесту сваю, Нінку Дукевіч, што памочнікам бухгалтара працавала, у яе хаце зверскі забіў, пайшла да дачкі, да Люсі. Там і памерла, прыкладна ў 75-м годзе.

А хата Маланні Сянюць і цяпер ў Сыманэлях стаіць. Пасялілася неяк адна сям’я, ды там сын маці забіў, і больш у той хаце ніхто жыць не схацеў.


Ад рэдакцыі: 

Можа, адгукнецца нехта, хто памятае дэпутата Вярхоўнага Савета БССР  Вікенція Падаліса? Чакаем вашых пісьмаў і тэлефанаванняў.
Текст: Нина Рыбик