Берлин глазами Нины Рыбик

08:54 / 27.01.2020
У адзін з самых складаных момантаў жыцця патэлефанавалі сябры і спыталі: «А не хочаце адправіцца з намі ў турыстычную паездку па Еўропе?» І я, амаль не задумваючыся, адказала: «Хачу!» Хачу вырвацца з багны самакапання, хачу пабачыць Парыж, хачу зноў прайсці па берлінскай Унтэр дэр Ліндэн (Бульвар пад ліпамі), хачу зразумець, што ж за горад такі – Амстэрдам. 

Значыць, едзем… 

У Берліне я была двойчы, прычым не ў хуткаплыннай турыстычнай паездцы, а па цэламу тыдню. Летам 2010 года гасціла ў дачкі, якая жыла там у той час. А ў снежні 2016-га праходзіла стажыроўку ў нямецкіх калег. Так што пашчасціла пабачыць германскую сталіцу з тых ракурсаў, з якіх яе звычайна не паказваюць турыстам. І саманадзейна лічыла, што нічога новага тут не даведаюся…

І ў чарговы раз пераканалася, што Берліна (як, напэўна, і іншых мясцін, дзе вам было добра), шмат не бывае: па-першае, не толькі наш Астравец не стаіць на месцы і ўвесь час развіваецца; па-другое, заўсёды ёсць нешта, што можна па-новаму ўбачыць, пачуць, даведацца, асэнсаваць.

…У першы прыезд мы, размораныя спякотным летнім сонцам, адпачывалі ў шэзлонгах на набярэжнай Шпрэе, пацягваючы махіта, – і не ведалі, што на супрацьлеглым беразе ракі ў звычайным трохпавярховым доме ў тыповай трохпакаёвай кватэры жыве з мужам, прафесарам Іахімам Заўэрам федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель. Яна штовечар, як звычайны смяротны, ходзіць у бліжэйшы супермаркет за прадуктамі – праўда, у суправаджэнні свайго вадзіцеля, які дапамагае першаму чалавеку Германіі несці сумкі з пакупкамі. Што называецца, без каментарыяў…

…Гуляла з дачкой па Музейным востраве – і не ведала, што побач, у Новым музеі, знаходзіцца ў адкрытым доступе адзін з вядомейшых твораў старжытнаегіпецкага мастацтва – бюст Неферціці, жонкі фараона-рэфарматара Эхнатона, якая жыла яшчэ да нашай эры. Якім жа талентам і майстэрствам валодалі старажытныя майстры, калі праз стагоддзі прыгажуня – нібы жывая?

1.jpg



…Ішла ад Брандэрбургскіх варот міма рознаўзроўневых бетонных блокаў – і не ведала, што гэта адзін з самых незвычайных у свеце помнікаў – мемарыял ахвярам халакосту. У ім 2 271 бетонная пліта – па колькасці старонак у галоўнай кнізе яўрэяў Торы, кожная вышынёй ад некалькіх сантыметраў да двух метраў. Яны складаюць сапраўдны лабірынт, па якім не пройдзеш, трымаючыся за рукі і весела гамонячы: пліты ўстаноўлены так, што ісці можна толькі па адным, і з кожным крокам яны ўсё вышэйшыя –  праз некалькі крокаў міжволі пачынаеш адчуваць страх, адарванасць ад жыцця, бессэнсоўнасць і несуцешнасць. Апошнія два словы выбраў для назвы свайго помніка, створанага ў памяць аб шасці мільёнах знішчаных фашыстамі яўрэяў  Пітар Айзейман. Пліты не проста ляжаць на зямлі – яны «прарастаюць» у яе, і там, у падзямеллі, створаны музей халакосту і інфармацыйны цэнтр, дзякуючы якому многія знайшлі звесткі пра сваіх родных.

А яшчэ мяне ўразіла, як яўрэйскі фотамастак – не запомніла яго прозвішча – змагаўся з беспамяцтвам сённяшняй моладзі: гэты дыягназ, на жаль, можна паставіць многім маладым людзям, незалежна ад краіны, дзе яны жывуць. Цінэйджары – а Берлін лічыцца сусветнай маладзёжнай тусоўкай – аблюбавалі пліты помніка ахвярам халакосту для забаў: скакалі па іх, пілі піва, танцавалі, рагаталі – як сказалі б у Астраўцы,  выдурняліся. Ім здавалася, што гэта весела і прыкольна. Фотамастак, ні слова не гаворачы, здымаў тыя «ігрышчы» – і маладыя людзі яму з задавальненнем пазіравалі. А потым зрабіў калажы са сваіх і гістарычных здымкаў: моладзь танцуе не на плітах, а на целах забітых людзей; юнак паказвае непрыстойны жэст не сваёй сяброўцы, а распухламу ад голаду дзіцяці; маладзёны малююць на плітах мярзоцтва – а побач дзіцячыя малюнкі з Асвенцыма; кампанія скача па плітах – хто вышэй і далей, а побач вядуць  людзей у газавую камеру. Гэтыя калажы фотамастак вылажыў на сваім сайце на ўсеагульны прагляд. Без каментарыяў. Адно, што напісаў: калі вы паабяцаеце, што больш не будзеце так рабіць, я здыму ваш фотаздымак. Кажуць, праз тыдзень не засталося ніводнага… І гульні на плітах, прысвечаных ахвярам Халакосту, спыніліся.

44.jpg



А непадалёк ад гэтага найбольш эмацыянальнага пры ўсёй сваёй знешняй невыразнасці помніка – рэшткі бункера Гітлера, які палічыў сябе звышчалавекам і развязаў генацыд у адносінах да «непаўнацэнных», на яго думку, народаў – у пералік такіх трапілі не толькі яўрэі і цыганы, але і мы, браты-славяне, у тым ліку і беларусы.

…Праходзіла міма Берлінскага ўніверсітэта – у якім, да слова сказаць, навучанне не толькі нямецкіх, але і замежных студэнтаў бясплатнае, – і не заўважала пад нагамі, у бруку, бронзавыя таблічкі з імёнамі і датамі. Так увекавечылі імёны прафесараў гэтага ўніверсітэта, якія былі знішчаны нацыстамі: іх веды, талент, інтэлект не пераважылі на шалях каштоўнасцей нацыстаў неарыйскага паходжання.

…А яшчэ ў гэтай паездцы  былі помнік Леніну ў Новым музеі – і перакананне, што Берлін – самы дэмакратычны з усіх бачаных мною гарадоў. «Метр» жывога піва з традыцыйнай свіной рулькай у старадаўняй нямецкай піваварні – і сведчанне бывалых, што наша цёмнае аксамітнае ніколькі не горшае. Гарачы глінтвейн і смажаны міндаль на адкрытых (такое ўражанне, што спецыяльна да нашага прыезду!) калядных кірмашах – і захапленне, што пры тэмпературы паветра вышэй за нуль там працуюць не толькі каткі, але і снежныя горкі. Немагчыма прыгожы ў пераднавагоднім святочным убранні вячэрні горад – і жаданне вяртацца ў Берлін зноў і зноў, бясконца!

2.jpg

3.jpg


Працяг будзе.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик