На Астравеччыне працягваецца акцыя «Наш жывёлавод»
Па традыцыі падчас зімне-стойлавага перыяду праходзіць рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод».
Нагадаем, першымі ў гэтым сезоне падарункі і Падзякі атрымалі працаўнікі КСУП «Гудагай», а на гэтым тыдні – лепшыя жывёлаводы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».
Да слова сказаць, па выніках 2019 года гэта гаспадарка заняла трэцяе месца ў раённай жывёлагадоўлі, пры тым, што вытворчасцю малака тут займаюцца толькі на двух комплексах – Рытані і Падольцах. На невялікіх фермах толькі дарошчваюць бычкоў і цялушак.
– З вясны да восені ўся ўвага звычайна прыцягнута да работнікаў палёў – аратых, камбайнераў, корманарыхтоўшчыкаў. Аднак не менш плённа працуюць і жывёлаводы, прычым круглы год, – расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула. – Летась, напрыклад, у межах акцыі мы адзначылі 46 працаўнікоў, сёлета плануем узнагародзіць 80 жывёлаводаў. Кожны раз стараемся даведацца, што хвалюе людзей, якія ў іх клопаты і турботы.
Да Юрыя Аляксандравіча далучылася і старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Людміла Казлоўская.
Ферма «Кямелішкі»
У Кямелішках, якія некалі былі цэнтральнай сядзібай аднайменнага калгаса, займаюцца вырошчваннем і адкормам буйной рагатай жывёлы. Пасля пераводу дойнага статка на малочна-таварныя комплексы ў «Рытань» і «Падольцы» многія даяркі сталі жывёлаводамі.
Святлану Будзько, якая даглядае каля 230 бычкоў, на Астравеччыну прывёў лёс. Жанчына выйшла замуж за мясцовага хлопца і, як сапраўдная жонка, паехала за мужам на яго радзіму. Праўда, на Літве паспела папрацаваць даяркай.
Святлана Будзько
– Жывёла адчувае, як да яе адносішся, – гаворыць жанчына. – У маю групу паступаюць чатырохмесячныя бычкі. Даглядаю іх каля чатырох месяцаў, а потым жывёлу пераводзяць на адкорм.
Людміла Карчміт на ферме адказвае за цёлак пад асемяненне – а гэта 208 галоў. Жанчына падсувае кармы, раздае канцэнтраты.
Людміла Карчміт
Памятаю, калі некалькі гадоў назад разам з Юрыем Аляксандравічам прыязджалі на гэтую ферму, у работнікаў было шмат нараканняў: не выдавалі спецвопратку, а жанчынам даводзілася ўручную раздаваць жывёле кармы. Цяпер, па словах работніц, за іх гэта робіць кормараздатчык.
Ферма «Стрыпуны»
На ферме «Стрыпуны», дзе ўтрымліваецца 200 галоў, працуе ўсяго шэсць чалавек. Галоўныя памочнікі жывёлаводаў, як і калісьці, – не сучасны кормараздатчык, а конь. Аднак жанчыны не скардзяцца – даглядаць за жывёлай і Уладзіславе Гарбачовай, якую адзначыў прафсаюз аграрыяў, і Валянціне Цэйка дапамагаюць мужы.
Жаночая палова калектыву фермы «Стрыпуны»: (злева направа) Уладзіслава Гарбачова, Крысціна Мазура, Валянціна Цэйка
– У нас усе добра працуюць. Дзякаваць богу, кармоў сёлета хапае, не тое, што пазалетась. У 2018-м па вёсцы збіралі сена, з палёў прывозілі салому – гэтым і кармілі. Страшна ўспомніць! – расказвае загадчыца фермы Крысціна Мазура. – У кантору ў Рытань еду, толькі калі трэба здаваць справаздачы. Мінулым летам душа радавалася: камбайны малоцяць, а праз дзень-два, гляджу, ужо і цюкавалка па гэтым полі пайшла. Калі да зямлі па-гаспадарску адносіцца, тады і збожжа будзе, і кармы.
Ферма «Талюшаны»
Жывёлагадоўчыя памяшканні, як і кабінет загадчыцы фермы, не могуць пахваліцца сучасным рамонтам. Аднак тут пануюць няўлоўная ўтульнасць і чысціня, якую ствараюць і падтрымліваюць самі работнікі.
Іван Малаховіч адразу пасля заканчэння Кямелішкаўскай школы пайшоў працаваць у саўгас. Спачатку быў паляводам, потым перайшоў у жывёлаводы.
– Жыву ў Жусінах, гэта блізка ад Талюшан, – расказвае малады мужчына. – Калектыў у нас невялікі – усяго пяць чалавек. Развозіць кармы мне дапамагае конь Буян. Некалькі разоў на дзень трэба накарміць каля ста сарака галоў.
Жывёлавод Іван Малаховіч і яго памочнік конь Буян
Малочна-таварны комплекс «Падольцы»
Пазамінулай зімой даехаць да комплекса было праблематычна. Сёлета тут актыўнымі тэмпамі вядуцца работы па добраўпарадкаванні: комплекс абгароджаны, зроблены пад’езд, а тэрыторыю ў хуткім часе плануюць заасфальтаваць.
На МТК «Падольцы», дзе ўтрымліваецца 1 216 галоў, з якіх – 770 дойны статак, працуюць 32 работнікі.
Цялятніца Валянціна Казлоўская ў саўгасе з 1996 года. Жанчына клапоціцца пра сотню цялятак: выпойвае іх малаком, перасцілае клеткі. А калі яны дасягаюць чатырохмесячнага ўзросту – з гадаванцамі ёй даводзіцца развітвацца і зноў набіраць новую групу.
Валянціна Казлоўская
Дзённы даглядчык Леанід Кімстач адказвае за дойны статак – а гэта каля 340 галоў. Мужчына падсоўвае кармы, падмятае праходы, чысціць кармавыя сталы.
Жывёлавода МТК «Падольцы» Леаніда Кімстача віншуе прафсаюзны лідар аграрыяў Юрый Адула
У дзень нашага візіту на комплекс у аператара машыннага даення Ларысы Саўко быў выхадны, але нам паабяцалі, што Падзяку і падарунак даярцы абавязкова перададуць.
Малочна-таварны комплекс «Рытань»
Больш за 70% малака тут мае гатунак экстра. Па меркаванні начальніка комплексу Валянціны Мацюшонак, гэта – не мяжа: калектыў дружны, людзі працавітыя, таму трэба імкнуцца да большага.
На МТК «Рытань» працуе 28 чалавек, якія кормяць, дояць і лечаць 1 380 галоў, а калісьці на ферме было толькі 188. На кармавы стол рагуль – а дойны статак складае 780 кароў – штодзень трапляе спецыяльна прыгатаваная сумесь з дабаўленнем канцэнтратаў, якую на кармавых сталах падсоўвае Андрэй Грыгаровіч. За спраўнасць малочнага абсталявання на комплексе адказвае Сяргей Сівак, а пра цялят клапоціцца Міраслава Букель.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.