Хто ў адказе за перавозку дзяцей, высвятляў журналіст “АП”

15:31 / 08.01.2020

Перафразуючы вядомы выраз, скажу: вадзіцелі ў адказе за тых, каго перавозяць у аўтамабілі, асабліва – маленькіх пасажыраў. Пра гэта гавораць і правілы дарожнага руху, адзін з пунктаў якіх патрабуе перавозіць дзяцей да 12 гадоў у спецыяльных прыстасаваннях. Як выконваюць гэту ўмову астраўчане, высвятляў журналіст “АП”, адправіўшыся ў рэйд з супрацоўнікам дарожна-паставой службы аддзялення ДАІ.

5b3b405b5c926e1a634371c838aaf2fa.jpg

Рэйд праводзілі падчас абласной прафілактычнай акцыі “Захавай дзіцяці будучыню”, накіраванай на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. А восьмай гадзіне разам са старшым інспектарам ДПС Уладзімірам Васілевічам мы адправіліся патруляваць вуліцы Астраўца.

– Ранак – найлепшы час, каб праверыць, як перавозяць дзяцей, бо многія бацькі падвозяць іх у школу і дзіцячыя садкі, – тлумачыць Уладзімір Васілевіч.

Пунктам назірання стала пляцоўка каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу – і невыпадкова. Тут непадалёк знаходзяцца два дзіцячыя садкі – №3 і №4. Чакаць доўга не давялося: хутка ў гэты бок шнурком пацягнуліся аўтамабілі, з вокнаў якіх цікаўна выглядвалі дашкаляты. Яны сядзелі ў спецыяльных прыстасаваннях, прышпіленыя рамнямі бяспекі.

– Гэта некалькі гадоў назад, калі толькі пачынаўся бум з адпаведнымі патрабаваннямі да перавозкі дзяцей, можна было за дзяжурства выявіць шмат парушэнняў, – расказвае старшы інспектар ДПС. – Пасля людзі паступова ўсвядомілі, што гэта мера накіравана перш за ўсё на бяспеку малышоў, таму цяпер адносяцца да перавозкі дзяцей сур’ёзна і выконваюць патрабаванні.

У пацвярджэнне сказанага – падчас рэйду не было выяўлена няправільнай перавозкі дзяцей. Аднак вынікі нашага рэйду не гавораць пра адсутнасць праблемы: як паведамілі ў аддзяленні ДАІ, за 2019 год у Астравецкім раёне зарэгістравана 156 выпадкаў адпаведных парушэнняў, 7 з якіх – здзейснены паўторна. Асноўныя прычыны: вадзіцелі сядалі ў іншую машыну і забывалі ці не паспявалі перанесці ўтрымліваючае прыстасаванне для дзяцей. На жаль, часам такая забыўчывасць/няпамятлівасць можа каштаваць вельмі дорага…

ПАМЯТАЙЦЕ, што ў аўтамабілі:

- дзеці да 5 гадоў павінны сядзець у спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях, якія адпавядаюць іх вазе і росту;

- дзеці ад 5 да 12 гадоў – у бустарах і іншых прыстасаваннях, якія дазваляюць прышпіліць дзіця рам янём бяспекі;

- без указаных сродкаў можна перавозіць дзяцей да 12 гадоў у таксі, а таксама калі рост дзіцяці вышэй за 150 сантыметраў;

- за парушэнне правіл перавозкі пасажыраў вадзіцель будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – на першы раз ад папярэджвання да штрафу да 4 базавых велічынь, пры паўторным парушэнні – ад 2 да 8 базавых велічынь.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: