Хадзілі калядоўшчыкі
12:19 / 25.12.2019
Адвыклі мы бачыць і абрад калядавання, які ўзыходзіць да дахрысціянскай міфалогіі, калі Мядзведзь з Казой ды Кабыла-прытворшчыца забаўляюць гаспадароў, зычучы іх сем’ям шчаслівага лёсу і дабрабыту.
Не здымаюць больш вароты, не перачапляюць закаханым веснічкі, не варожаць у калядны вечар, не збіраюцца на вячоркі… Цяпер нячастыя адгалоскі калядавання чуюцца толькі з вуснаў школьнікаў падчас
тэатралізаваных прадстаўленняў.
А, між іншым, некалі гэтая традыцыя была адной з самых чаканых у народзе.
Пра калядныя традыцыі Ізабелінскага дома культуры ўзгадалі яго колішні дырэктар Аляксандр Міцюль і жыхарка вёскі Ізабеліна Леакадзія Трахневіч.
– Удзельнічаць у прадстаўленні збіралася да 15 чалавек. Загадзя распрацоўвалі сцэнарый, песні развучвалі, размяркоўвалі ролі – самым гаваркім давалі галоўныя, рэпеціравалі – і ішлі калядаваць, – расказвае
Аляксандр Міцюль. – І моладзь да нас заўсёды далучалася.
– Заўсёды хадзілі пасля Божага Нараджэння – перад гэтым жа пост! Няможна! – кажа Леакадзія Трахневіч. – Песні па-польску і па-просту – на трасянцы спявалі.
– Калядавалі ў выхадныя ці вечарам у буднія дні. Без дазволу ў хату не заходзілі.
Было ў калядоўшчыкаў два сцэнарыі прадстаўленняў: адзін, польскамоўны, адпавядаў хрысціянскім традыцыям, а другі, дзе было месца польскабеларускай гаворцы, – адлюстроўваў язычніцкае светабачанне.
З нябеснага двара прыйшла нам навіна
Вестку пра нараджэнне Збаўцы, зычэнне гаспадарам Божай апекі, шчасця і здароўя неслі Тры Каралі, Анёл, Смерць, Дзед Мароз і Снягурачка.
Гэты варыянт не прадугледжваў забаўляльных прадстаўленняў – галоўным было расказаць пра свята і павіншаваць з ім. Таму, павітаўшыся, калядоўшчыкі спявалі:
«А wczora z wieczora z niebieskiego dwora рrzyszła nam nowina: Panna rodzi Syna…»
(«А ўчора вечарам, з нябеснага двара прыйшла нам навіна: Дзева нарадзіла Сына…»)
Снягурачка з Дзедам Марозам распавядалі, што бачылі, як пасля завеі і мяцеліцы грымела Калядой вясёлая ноч – і ўся зямля спявала, пачуўшы добрую вестку.
«A witajcie ż, dobrzy ludzie,
Otwierajcie szerzej drzwi.
Przynosimy wieść o cudzie,
Co na całej ziemi grzmi».
(«А вітайце ж, добрыя людзі,
Расчыняйце шырэй дзверы.
Мы прыносім вестку пра цуд,
Што грыміць па ўсёй зямлі».)
А Каралі жадалі гаспадарам
ад Пана Бога столькі шчасця,
здароўя і вынаходлівасці,
«іle zegar bije czasu, іle liścia
sypią lasy, іle kapli płynie w
morze, тyle szczęścia, zdrowia,
pomysności daj wam Рanie Вoże»
(«колькі гадзіннік б’е часу,
колькі лісця ў лесе,
колькі кропель цячэ ў моры»).
У песнях і вершах калядоўшчыкі распавядалі гісторыю нараджэння Езуса ў Віфлееме і запрашалі гаспадароў хаты з адкрытымі да гэтай радасці сэрцамі несці пачутую навіну па свеце, просячы Божае Дзіцятка аб благаславенні роднага краю («рodnieś rękę, Boże Dziecię, рobłogosław miły kraj»).
Злева направа: сядзяць Вера Мілэйша, Алег Шкабара; стаяць Марыя Іваніцкая, Анатоль Базюк, Віктар Карпіцкі, Аляксандр Міцюль, Зоня Мілэйша;
прозвішчы яшчэ двух калядоўшчыкаў ўдакладніць не ўдалося
– Часта і так па вёсцы спяваць выпраўляліся – не пераапранутымі, асабліва калі ксёндз па Калядзе ішоў, тады песні бралі з касцёльных спеўнікаў, – расказвае Леакадзія Трахневіч. – І ў хаты заходзілі – людзям падабалася: «Ай як вы пяеце!»
Дзе каза бывае, там шчасце лятае
Зусім не падобным да папярэдняга было калядаванне, дзе дзеючымі асобамі выступалі Гаспадар з Гаспадыняй, Пачынальнік, Каза, Мядзведзь, Цыган, Кабыла, Жораў і Лекар; абавязкова зорку насілі.
– Таго, хто кошык насіў, у які накалядаванае складалі, Дрыстуном называлі, – смяецца Аляксандр Францавіч. – Не ведаю, чаму так прыдумалі.
– Дык ёсць жа такая прымаўка: ходзіць ззаду, як дрыстун, – падхоплівае размову Леакадзія Трахневіч. – Затое і звалі так – з кошыкам жа ўперад не лезлі, ззаду за гуртам насілі.
– Абавязкова баян з сабой бралі – а як жа спяваць! – гаворыць Аляксандр Міцюль. – Так і весялей было, і гучней.
– Шмат песень не спявалі – аднудзве. Танцавалі, невялікае прадстаўленне давалі, – дадае Леакадзія Францаўна.
«Ці можна хату повэсоліць?» – пытаўся адзін з гурта каля доўшчыкаў у гаспадароў дома. І калі чуў станоўчы адказ, з песнямі завітваў у двор увесь гурт.
– Бывала, у хату заходзілі. Але найчасцей у двары стаялі – дзе ж там (у хаце) памесцішся?! – усміхаецца Леакадзія Трахневіч.
– Пакуль весяляць, бывала, яшчэ штокольвек і ўкрадуць, тады назаўтра ці напаслязаўтра гаспадары прыходзілі ў клуб, забіралі сваё.
«Ідзём кругом света, аж ад пана Лета. Мы к Лету ідзём, Казу вядзём і радасць нясём» – адказвалі гаспадарам калядоўшчыкі на пытанне, адкуль ідуць.
І распачыналі міні-прадстаўленне. Каза паказвала, якая яна прыгожая ды разумная – так завіхалася, каб «пані гаспадыня ласкава была: унесла каўбаску і кусок сала – каб Каза весялей стала». Цыган дэманстраваў спрыт сваёй Кабылы, якая «як бяжыць – зямля дрыжыць, а як паваліцца – ляжыць», – пакуль ёй, загнанай, не спатрэбіўся Лекар. Але без пачастункаў гаспадароў хаты – «карбаванцаў шэсць і куска сала» – жывёліна не «вылячылася». Мядзведзь дэманстраваў, як умее танцаваць, як бабы хлеб месяць і п’яны Янка з кірмашу вяртаецца. Гаспадары таксама маглі ўстроіць іспыты гасцям.
Паказаўшы ўсё, на што здатны, калядоўшчыкі выстаўлялі «рахунак» гаспадарам: «падхватнічкам – па цукерачцы ды кілбасу на талерачцы, Пачынальніку – чырвон злоты, ад кошачкі – сала трошачкі, ад кароўкі –
чвэрць палоўкі, ад свінкі – шрот саланінкі…». І, атрымаўшы пачастункі, хорам дзякавалі: «Які гэта піражок – каб гэтакі каласок, а з таго каласочка – жыта бочку, а за гэты кусок сала – каб свіння дзверы выстаўляла!»
Хадзілі ізабелінскія калядоўшчыкі і па навакольных вёсках
– Туды ішлі пехатой. А пакуль усе хаты абыдзеш – назад ужо ногі не валакуць, – узгадвае Аляксандр Міцюль. – Тады хто з вяскоўцаў запрагаў каня – і адвозіў. Столькі, бывае, упакуецца нас на воз, што аж конь цягнуць не можа.
– Людзі чакалі, калі раптам да каго не патрапілі – крыўдзіліся, – працягвае Аляксандр Францавіч. – У якую хату зойдзеш, дык аж загалосяць ад радасці, што зайшлі.
– Спасібавалі, што не мінулі, прыйшлі, – дзеліцца Леакадзія Трахневіч. – Людзі ведалі, што прыедзем – угашчалі. Канфеты, бутэльку, каўбасу, сала, пірагі – хто што даваў.
Абышоўшы хаты, гурт калядоўшчыкаў рушыў у клуб – каб пачаставацца заробленымі прысмакамі.