Белы баль сабраў таленавітую моладзь Гродзеншчыны

11:42 / 23.12.2019

Вучні сярэдняй школы №1 Валерыя Яхімовіч і Вадзім Лях прадстаўлялі Астравецкі раён на Белым балі ў Гродне.

2.jpg

На навагоднюю ўрачыстасць у абласную філармонію запрасілі высокаматываваную моладзь Гродзеншчыны.

– Валерыя і Вадзім валанцёры і актывісты. Яны ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і конкурсах, – расказвае намеснік дырэктара СШ №1 г. Астраўца Вольга Нікалайкава.

Адметнасцю балю быў белы колер: ёлка, фотазоны, дрэс-код і нават падарункі для ўдзельнікаў – усё працавала на галоўную ідэю свята.

1.jpg

– Дзяўчынкі павінны былі быць у доўгіх белых сукенках, акрэслены для іх былі макіяж і прычоска. Дрэс-код хлопчыкаў: белая сарочка, чорныя касцюм і бабачка альбо гальштук, а яшчэ чорныя высокія шкарпэткі, – пералічвае Вольга Рамуальдаўна. – Суправаджаючыя таксама павінны вытрымаць стыль у адзенні: жанчынам дазвалялася быць у сукенках альбо касцюмах белага ці пастэльных колераў, а мужчынам – толькі ў чорных касцюмах.

Рыхтавалі да ўрачыстасці не толькі касцюмы, а і развучвалі польку, паланэз, вальс, мазурку – які ж баль без танцаў! Па відэа, дасланым арганізатарамі, з астраўчанамі займалася педагог дзіцячай школы мастацтваў Алена Дзям’янчык, а за некалькі дзён да свята ўсіх удзельнікаў сабралі на генеральны прагон у Гродзенскай філармоніі.

І 18 снежня ля вялікай ёлкі, нібы сняжынкі, закружыліся ў танцах пары юнакоў і дзяўчат, а ў перапынках гучалі песні і іншыя творчыя нумары.

Прыехаў на свята прывітаць таленавітую моладзь памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч.

– Было адчуванне сапраўднай казкі! Я на такім свяце ўпершыню – і мне вельмі спадабалася, – дзеліцца ўражаннямі Валерыя Яхімовіч. – Калі мне прапанавалі ў ім паўдзельнічаць – адразу згадзілася. Тым больш што з харэаграфіяй я на «ты» – пяць гадоў займалася ў Алены Уладзіславаўны Дзям’янчык. А вось майму партнёру было складаней – але ў нас усё атрымалася цудоўна.

– Сур’ёзна, як Валерыя, танцамі не займаўся. Выступаў у падтанцоўках школьнага тэатра, танцаваў вальс на 3 Ліпеня – ды і ўсё. І вельмі рады, што мяне запрасілі на Белы баль. Гэта была прыгожая ўрачыстасць, – расказвае Вадзім Лях. – Спачатку хваляваўся: раён прадстаўляць на такім свяце – вельмі адказна! Хваляванне прайшло пасля першага танца – я расслабіўся і атрымліваў асалоду ад таго, што адбывалася.

Текст:
Фото: Вольгі НІКАЛАЙКАВАЙ і з сайта газеты «Гродзенская праўда»