На работу – как на праздник идет каждый день начальник отдела ЗАГС Островецкого района Оксана Дятко

08:41 / 11.12.2019
За многія гады на Астравеччыне сёлета ўпершыню на раённую Дошку гонару занесены партрэт супрацоўніка аддзела ЗАГС. Гэта і стала нагодай для інтэрв’ю з Аксанай Дзятко.

1.jpg



– Аксана Тадэвушаўна, што адчувае чалавек, які кожны дзень, ідучы на работу і вяртаючыся з яе, вітаецца са сваім парт рэтам на Дошцы гонару?

– Ну што можна адчуваць? Там жа зверху напісана – «Гонар раёна». Вось гэта адчуваю – гонар за сябе, за тое, што маю працу, удзел у грамадскім жыцці заўважылі. Большасць людзей, чые партрэты знахо­дзяцца побач з маім, працуюць у сельскай гаспадарцы, іншых матэрыяльных сферах – іх шмат, яны спаборнічаюць, перавыконваюць планы, дасягаюць пэўных вынікаў. А я адна, мне няма з кім спаборнічаць і даказваць, што я – лепшая. І тое, што пры гэтым маю працу так высока ацанілі, безумоўна, прыемна. 

І не толькі мне: пасля занясення на Дошку гонару мяне многія віншавалі – родныя, знаёмыя, калегі. Больш за ўсіх, напэўна, радавалася і ганарылася дачка. 

– Як вы сталі начальнікам аддзела ЗАГС?

– У мяне вышэйшая юрыдычная адукацыя. З 2004 года працавала кансультантам у натарыяльнай канторы. Гэта была цудоўная практыка работы з важнымі юрыдычнымі дакументамі і стасункаў з рознымі людзьмі ў самых неардынарных сітуацыях, якая многаму навучыла. 

За дзесяць гадоў, што працавала ў натарыяльнай канторы, паспела выйсці замуж і нарадзіць дачку. З дэкрэтнага адпачынку выйшла на ранейшае месца работы. 

А потым даведалася, што ў раённым аддзеле ЗАГС ёсць вакансія: ранейшы начальнік, Людміла Туманава, пайшла на заслужаны адпачынак. Я прапанавала сваю кандыдатуру. Хоць мне на той час быў толькі 31 год, паверылі і прызначылі начальнікам аддзела.

– Вам падабаецца ваша работа?

– Неверагодна! Хоць яна і вельмі адказная – але падчас работы ў натарыяльнай канторы я прывыкла да адказнасці. Сённяшняя мая работа ў нечым падобная: таксама людзі, іх лёсы – і дакументы, ад якіх гэтыя лёсы залежаць.

Магчыма, нехта лічыць, што мы працуем толькі па суботах, калі рэгіструем шлюбы. Але гэта не так: мы працуем штодня, акрамя нядзелі, і ажыццяўляем пятнаццаць адміністрацыйных працэдур. І гэта не толькі рэгістрацыя шлюбаў і нараджэння дзяцей. Здараецца, трэба ўносіць змяненні ў дакументы, у якіх некалі былі дапушчаны недакладнасці – і часам даводзіцца добра паламаць галаву, каб дапамагчы чалавеку і зрабіць усё правільна.

– Якую працэдуру вы право­дзіце з асаблівым задавальненнем?

– Вядома ж, рэгістрацыю шлюбу! І яшчэ – нараджэнне дзяцей. У такія моманты адчуваеш сваё прыдачыненне да лёсу лю­дзей. І так хочацца, каб ён быў шчаслівым…

– Ці здараецца, што прыхо­дзяць маладыя рэгістраваць шлюб – а вы бачыце, што не атрымаецца ў гэтых дваіх сям’і? Ці наадварот – просяцьскасаваць шлюб, а вам здаецца, што сям’я яшчэ не памерла. Што робіце ў падобных выпадках?

– Так, з гадамі пачынаеш многае бачыць і разумець – у дваццаць гадоў, калі на свет глядзіш праз ружовыя акуляры, такія нюансы прыкмеціць цяжка.

Калі размова ідзе пра скасаванне шлюбу, спрабуеш пагутарыць, параіць не сячы з пляча. Прапаноўваеш падумаць, прыйсці праз месяц, скарыстацца паслугамі медыятара – трэцяга боку ў вырашэнні канфліктнай сітуацыі. Здараецца, што людзі ўсё ж мяняюць сваё рашэнне. А бывае і так, што, перадумаўшы спачатку, праз нейкі час усё ж звяртаюцца ў ЗАГС з той жа просьбай. Трэснуты кубак цяжка склеіць… Хоць бываюць і іншыя выпадкі, калі пара, развёўшыся і пражыўшы нейкі час паасобку, зноў прыносіць заяву на заключэнне шлюбу. Жыццё – рэч складаная, у строгія рамкі ўсе нюансы чалавечых адносін уціснуць немагчыма.

А калі бачыш, што жаніцца збіраюцца людзі, якія не падыходзяць адзін аднаму і, хутчэй за ўсё, неўзабаве развядуцца, то, канешне, нічога не гаворыш – ні самім маладым, ні каму іншаму. Бо тут галоўнае – не
нашкодзіць. А можа, ты памыляешся і ўсё ў іх будзе добра.

– А калі заяву падалі, а жаніцца не прыйшлі – гэта, на ваш погляд, добра ці дрэнна?

– Напэўна, усё ж добра, што своечасова разабраліся – калі, вядома, гэтае рашэнне абдуманае, а не вынік эмацыянальнага выбуху. Яны рана ці позна ўсё роўна прыйдуць у ЗАГС – толькі ўжо з іншай парай. І, магчыма, будуць шчаслівыя.

– Ці даводзілася вам карыстацца паслугамі нашага аддзела ЗАГС?

– Так – але яшчэ ў той час, калі я тут не працавала. На жаль, па вельмі сумнай прычыне: у мяне памёр бацька.

А ўвогуле нам, супрацоўнікамЗАГСа, нельга ажыццяўляць працэдуры ў адносінах да сябе і блізкіх родзічаў – зрэшты, як і работнікам натарыяльнай канторы. Калі ў нашага спецыяліста Таццяны Іванаўны Жук
выходзіла замуж дачка, то шлюб яна рэгістравала ў Смаргоні.

– Дарэчы, а якім вы ўяўляеце вяселле сваёй дачкі?

– Дакладна не такім, як было ў мяне! Я хачу перайсці ў статус цешчы прыгожа і ўрачыста! (Смяецца.)

А мы з Андрэем пажаніліся ў джынсах. Увогуле я таксама хацела, каб у мяне была пышная ўрачыстасць, – але толькі не ў маі. Гэта зараз я ўпэўнена, што няма месяца больш спрыяльнага для вяселля, чым май, – а ў той час яшчэ знаходзілася ў палоне забабонаў, што ў маі ажаніцца – увесь век маяцца. І вось калі мы прыехалі ў Маладзечна, дзе на той час быў прапісаны муж, падаваць заяву, вольным для рэгістрацыі шлюбу быў толькі май. Тады я сказала: «Значыць, жэнімся сёння!» Пакуль у ЗАГСе быў абедзенны перапынак, купілі заручальныя пярсцёнкі, нам сказалі словы, якія належыць гаварыць у падобных выпадках, – і дахаты мы вярталіся ўжо мужам і жонкай. Патэлефанавала маме па дарозе, сказала, што выйшла замуж – яна расплакалася…

Муж цяпер часта гаворыць: «У нас не было вяселля – затое цяпер ты кожны тыдзень на вяселлі, і роля ў цябе там не апошняя. Уяві: тваё фота застаецца ў сямейным альбоме кожнай пары!»

– Так, гэта абавязвае… Таму вы так цудоўна заўсёды выглядаеце?

– Мне здаецца, што ўсе жанчыны імкнуцца добра выглядаць. Мне, можа, у гэтым плане прасцей, бо ў мяне гены адпаведныя: бацькі ў маладосці былі вельмі прыгожымі. Ну і муж клапоціцца, каб мае рабочыя касцюмы і сукенкі адпавядалі ўрачыстасці моманту – спансіруе мой імідж. (Усміхаецца.)

А ўвогуле вы маеце рацыю: не толькі хочацца, але і трэба адпавядаць. У людзей адбываецца, можа, галоўная падзея ў жыцці, і ты проста не маеш права з’явіцца на рэгістрацыю шлюбу распусцёхай ці ў дрэнным настроі. Некалі Таццяна Іванаўна вучыла мяне: «Што б у цябе ні здарылася – ты не павінна гэтага паказваць. У лю­дзей свята – і ты не можаш яго сапсаваць сваім настроем ці выглядам». І я ўсміхаюся – нават калі на душы кошкі шкрабуць.

– Кожны тыдзень, з месяца ў месяц, на працягу пяці гадоў паўтараць адны і тыя ж словы… Не надакучыла?

– Не, не надакучыла. Я ж казала: мне падабаецца мая работа.

Да таго ж словы зусім не адны і тыя ж. У нас ёсць некалькі сцэнарыяў, хоць парадак вя­дзення рэгістрацыі застаецца  аднолькавым. Быў выпадак: рэгістравалі вяселле, а праз некалькі тыдняў тыя маладажоны былі гасцямі на іншым вяселлі. І так уважліва слухалі. Пасля я пытаю: чаму? Вы ж самі ўсё гэта нядаўна праходзілі. «Ой, ды каб жа мы помнілі хоць бы слова са сваёй рэгістрацыі, – прызналіся 
маладыя. – Мы так хваляваліся, што нічога не чулі і не разумелі. Цяпер вось, на чужым вяселлі, нібыта сваё паўтарылі».

Да таго ж часта госці бываюць на некалькіх вяселлях – не хочацца, каб у людзей складвалася ўражанне, што ты, нібы робат, паўтараеш аднойчы завучаны тэкст.

Кожны сцэнарый я ведаю на памяць: сярод ночы разбудзі – раскажу. Але здараліся неапі­ сальныя выпадкі… Бывае, адчуваеш на сабе нечый позірк, які пранізвае наскрозь, – і з галавы вылятае ўсё: белы ліст, як гавораць акцёры! На гэты выпадак на стале ляжыць тэкст – можна падгледзець.

А яшчэ мудрая Таццяна Іванаўна вучыла на ўсялякі выпадак падкалоць пад падол сукенкі шпільку з чырвонай нітачкай. Хоць я не вельмі веру ў гэтыя меры перасцярогі, але ж, калі з Бернарда Шоу пасмяялі­ся, што ён, адукаваны чалавек, пры біў падкову над дзвярыма, ён адказаў, што гэта дапамагае  нават тым, хто не верыць. Магчыма, і так.

– Цудоўная задумка – «Доб­рае вяселле», калі маладажоны дораць падарункі мнагадзетным сем’ям – гэта наша, астравецкая, фішка ці, як часцей за ўсё бывае, указанне вышэйстаячых?

– Не, гэта выключна мая прыдумка. Цяпер, чула, ужо і ў Мінску ў некаторых ЗАГСах праводзяцца такія акцыі, калі гасцей з
амест пышных букетаў просяць купіць неабходныя рэчы для сямей, што маюць у гэтым патрэбу.

А мы пачыналі «Добрае вяселле» ў верасні мінулага года. Нявеста Дар’я Дубіцкая з пары, якая была першай, – з мнага­дзетнай сям’і і з задавальненнем падтрымала прапанову, а з яе лёгкай рукі – і іншыя. На
працягу года дзевяць новаствораных сямей сталі ўдзельнікамі акцыі «Добрае вяселле». Для таго, каб гэтая падзея засталася ў памяці сям’і і ў летапісе раёна, мы заказалі спецыяльныя хэштэгі, у фотаархіве ЗАГСа застаюцца здымкі «Добрага вяселля», я пасля рэгістрацыі дзякую гасцям за дабрыню.

Раней я ніколі не займалася дабрачыннасцю – нават не ведаю, чаму, гэта праходзіла міма мяне. Старэю, мусіць, раблюся сентыментальнай. (Усміхаецца.)

– Неяк у кулуарах, чака­ючы рэгістрацыі чарговага вяселля, пачула захопленыя водгукі гасцей, што прыехалі да нас з Ашмян: «Вы бачылі, які цудоўны тут ЗАГС?» Вы падзяляеце іх захапленне? Вам падабаецца месца, дзе вы працуеце? І які ён, ЗАГС вашай мары?

– Ну, захапленне жыхароў Ашмян можна зразумець: у іх увогуле няма ЗАГСа і яны часта прыязджаюць рэгістравацца да  нас – цяпер, калі няма тэрытарыяльнай прывязкі, гэта стала магчымым.

Наш ЗАГС мы пры падтрымцы райвыканкама стараемся зрабіць прыгожым, утульным і камфортным – настолькі, наколькі гэта магчыма ў ста
рым будынку. Канешне, цяпер, калі ў нас ёсць хоць невялікія, але з густам аформленыя пакоі жаніха і нявесты, калі набыла адпаведны выгляд зала ўрачыстай рэгістрацыі, фотазоны, не сорамна віншаваць маладажонаў з галоўнай падзеяй у іх жыцці.

Распрацавалі і надрукавалі спецыяльныя вокладкі для пасведчанняў аб рэгістрацыі шлюбу і нараджэнні дзіцяці, каб яны не толькі ўтрымлівалі элементы дзяржаўнай сімволікі, але і нагадвалі пра месца, дзе 
адбылася гэтая знамянальная падзея – хочацца, каб галоўныя дакументы ў жыцці чалавека выглядалі дастойна.

Але я мару, што некалі шлюбы ў Астраўцы будуць рэгістра­вацца ў сапраўдным палацы – светлым, прасторным, з вялікімі вітражнымі вокнамі…

– А сябе вы ў ім бачыце? Ці да таго часу ўжо паспееце зрабіць кар’еру?

– Паўтаруся: я люблю сваю работу і не хачу яе мяняць. І ў ЗАГСе сваёй мары, спадзяюся, буду, як і зараз, злучаць рукі і сэрцы закаханых людзей.

– Што ж, няхай збываюцца мары!

– Дзякуй.

Текст: Нина Рыбик