У дзецях і працы бачыць сэнс жыцця Ядвіга Антановіч

09:13 / 30.11.2019
Толькі адно дзіцятка з васьмярых народжаных не зберагла Ядвіга Антановіч з Лошы. Астатніх семярых выхавала добрымі людьмі, паставіла на ногі і падрыхтавала да самастойнага жыцця  – гэта, лічыць Ядвіга Ігнатаўна, было самым складаным і самым важным у яе жыцці.

0.jpg



Працаўніца

Зусім малой пераехала Ядвіга з Вялікіх Меднікаў Ашмянскага раёна на Астравеччыну. Што стала таму прычынай, дзяўчынка не распытвала, але здагадвалася: пасля смерці бацькі маці пазнаёмілася з Іосіфам Пілецкім з Дайноўкі, які, хутчэй за ўсё, і прапанаваў новаспечанай жонцы перабрацца на новае месца жыхарства – у Лошу.

– Там, на гарэ, яшчэ стаіць наша хацінка, – паказвае ўдалячынь жанчына. – Дом нумар 43… Маленькі такі. 

Тут, у невялічкай вёсачцы на беразе хуткаплыннай Лошы і прайшло ўсё жыццё Ядвігі Ігнатаўны – поўнае  цяжкай сялянскай працы…

У маці не было дзяцей, акрамя Ядвігі. Дапамагчы на ферме, дзе яна была даяркай, не было каму. Таму, як толькі змагла, Ядзя таксама пайшла  працаваць – на ферму, тут жа ў Лошы. Ёй тады толькі споўнілася 14 гадоў. 

– Было гэта  15 мая 1957 года, – успамінае жанчына. – Так да пенсіі на ферме і адпрацавала. І ніхто там не глядзеў, колькі табе гадоў: прыйшла  – працуй нараўне з дарослымі…

Кароў, як і ўсе, дзяўчына даіла ўручную. І навоз віламі выкідвала, і сянаж зімой секла, і малако збанамі цягала пад рэчку ў вялізныя скрыні – каб не пракісла. 

– Хватка у мяне была ого-го! – хваліцца, усміхаючыся, былая даярка. – І здароўе ж мела! Хоць і малая была. Усё атрымлівалася, за што б ні ўзялася.

Толькі вось вучыцца часу не было: восем класаў Дайноў­скай школы яна скончыла завочна. 

– Працавалі шмат, а зараблялі капейкі, – уздыхае Ядвіга Анто­наўна. – Нічога сабе не пакі­дала – усё аддавала мамцы. Ды і што там было адкладваць?! Год працуеш – а атрымаеш 50 кі­лаграмаў зярна і 55 рублёў…


Што б змяніла? А што ўжо зменіш! Як было – так і прайшло…

Перадавіца

– Была я заслужаная калгасніца, – гаворыць Ядвіга Ігнатаўна. – Нават у кнігу занесеная – у чырвоную. Медаляў, значкоў розных шмат мела. Але параздавала ўсе – нічога не засталося…

На заслужаны адпачынак даярка Антановіч выйшла ў 50 гадоў – працоўны стаж у нялёгкай сельскагаспадарчай сферы, як кажуць, дай бог кожнаму. Аднак  два цяжкія гады на ферме ў жанчыны «прапалі»: дакументы за гэты час згарэлі разам з канторай, што раней была ў Лошы. 


Усіх дзяцей вучыла туліцца да работы. Старэйшыя Ванька і Іра, Лёдзя і Стасюк – як жукі былі: сядуць пад кароў і дояць. Бедныя… 


Нічога добрага не бачыла, пакуль была маладая. А пажыць хочацца. Цяпер добра жыць. На свет хацела б паглядзець, да касцёла схадзіць. Але ўжо не магу… 

Жонка і маці

І замуж Ядвіга выйшла за тутэйшага хлопца: Іван Ся­мё­навіч, у маладосці прос­та Ваня, таксама працаваў на ферме, коньмі малако вазіў у Астравец. На ферме  маладыя людзі і пазнаёміліся.

с мужем.jpg



– Танцы ў вёсцы былі – у мясцовым клубе, – расказвае жанчына. – Помню, маці купіла мне батыставую сукенку – такая ж яна была ўшанаваная! Не расказаць. Але не да танцаў было – работа! На дойку рана ўстаеш, а потым у абед доіш і вечарам. Нацягаешся – спаць кладзешся без сілы. 

– Якое там вяселле! – адмахваецца Ядвіга Ігнатаўна на пытанне пра жаніцьбу. – Не было каму яго рабіць. Я без бацькі, і ў майго (мужа. – Заўв.аўт.) яго не было. Ваня да таго ж меў трох братоў…


Самым галоўным было заўсёды, каб дзеці чысцень­кія былі, накорм­леныя, у школу хадзілі. Ніхто каб мяне не папра­каў, што голыя яны ці босыя.
Хату Антановічы будавалі сваімі сіламі, удваіх, – і па бярвенні, як кажуць, разам у лес ездзілі, і па дровы. 

У новай хаце нарадзіўся і першанец Антановічаў – Ванюша. Не да мэблі, якой марыла абставіць хату Ядвіга, было раней, а цяпер дык і ўвогуле цяжка стала. Грошы капейка да капейкі збіралі, каб нешта купіць. 

С мамой мужем и старшим сыном.jpg

Ядвіга Антановіч з маці, мужам і старэйшым сынам

Жывёлу гадавалі, каб здаць – і грошы атрымаць.

…Другое дзіцятка, дачушка Галінка, не доўга радавала маладых бацькоў – памерла ў пяць месяцаў. Урачы паставілі дыягназ – асфіксія. 

– Не далі мы рады выратаваць, – уздыхае жанчына. – Панеслі яе са старым (мужам. – Заўв.аўт.) у Дайноўку на ФАП, яна там і памерла. Памятаю, ідзём назад, а Іван пытае: «Што цяпер рабіць будзем?»  Жыць – адказваю. Што ўжо зробіш…

Падлячыла душэўную рану дачушка  Ірына, якая хутка заявіла аб сабе гучным плачам здаровага немаўляці. Пасля яе ў Антановічаў нарадзіўся Стаська, затым – Лёдзя. Апошнімі праз год адзін за адным на свет з’явіліся Аня, Дана і Збышак.

– Усе сем, дзякаваць Богу, выгадаваліся, – скончыўшы пералік дзяцей, адзначае Ядвіга Ігнатаўна. – Як магла гадавала. Сама не з’ем – ім апошні кавалачак аддам. Нават калі дарослымі сталі. Заб’ём кабанчыка – ой, як раней гэтага чакалі! – і скварачку кожнаму абавязкова дам. Бацька крычыць: не трэба, няхай самі стараюцца. А я ж маці… Так вось за жыццё сваё каму якую хатку, каму якое што – усіх папрытуляла…

Амаль усе дзеці Ядвігі Антановіч, акрамя Вані і Лёдзі, якія ўладкаваліся ў Літве, і Ані, што жыве ў Рукшанах, аселі тут жа – у Лошы. І гэта для маці вялікая радасць – мець магчымасць у любую хвіліну іх праведаць.


Дзяцей шмат маю, а вось з унукамі не пашанцавала: цяпер разумныя ўсе – шмат не нараджаюць. Гэта вам не калісьці.

Хата гарэла…

Калі замкнула праводку на кухні, Ядвіга Ігнатаўна была дома, бавіла час у бабулі і малодшая ўнучка Віялета. Ад рос­пачы, страху жанчына бегала па пакоі, натыкаючыся на сцены, і не магла знайсці дзверы.

– Хай бы ж я адразу  праз акно вылезла, – уздыхае яна, успамінаючы.

Гарэла столя, плакала ўнучка, а дзверы, якія ўрэшце знай­шліся, ніяк не адчыняліся…

Трыццаць пяць працэнтаў цела абгарэла – амаль два месяцы жанчына праляжала ў абласной бальніцы. 

– Плечы ў мяне страшнымі  бы­лі, – распавядае пра сваю бяду пагарэліца. – Рука адна за­га­ілася, а на другой палец ад жару скруціла – такім і застаўся. І  нос абгарэў, і губы… Цярпела: на перавязцы дзяруць мне бін­ты «па-жывому», а я трываю, маўчу.


Сэрца баліць, кажуць, на аперацыю трэба. А я рашыла так: не паеду, колькі пражыву – усё маё.
Пасля пажару Ядвіга Ігна­таў­на перабралася жыць да малодшага сына Збышка – самой лягчэй і весялей і нявестцы спарней.

– Хоць і здала я пасля бальніцы, але сеё-тое яшчэ магу. А пакуль магу – дапамагу, – абагульняе сказанае 78-гадовая жыхарка Лошы. – Сабачку вось пакармлю, коціка, ды і са свінёй рады дам…


Текст:
Фото: фото автора и из личного архива героини