Для прафсаюзнага актыву Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў адбыўся семінар-вучоба
Па ініцыятыве раённага аб’яднання прафсаюзаў старшыні прафсаюзных пярвічак, казначэі і грамадскія інспектары арганізацый і прадпрыемстваў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў «падцягнулі» свае веды.
Навучальныя курсы на тэму «Дзейнасць беларускіх прафсаюзаў ў сучасных умовах» сабралі ў кінаканцэртнай зале «Астравец» больш за 170 актывістаў.
Адкрыў мерапрыемства старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Рамуальд Юроўскі.
– На Гродзеншчыне каля чатырохсот тысяч працаўнікоў з’яўляюцца членамі прафсаюза, – адзначыў Рамуальд Францавіч. – Вы, як прафсаюзныя лідары, павінны адносіцца да сваіх калег, як да родных людзей, унікаць у іх праблемы і турботы.
Таксама прафсаюзны лідар акцэнтаваў увагу прысутных на змяненнях ў Працоўным кодэксе, якія з новага года ўступяць у сілу.
Пра тыпічныя памылкі, выяўленыя падчас маніторынгу ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, расказала саветнік упраўлення па арганізацыйна-метадычнай рабоце і сувязях з членскімі арганізацыямі ФПБ галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай і кадравай работы апарата Савета ФПБ Валянціна Булаўка, а галоўны тэхнічны інспектар Гродзенскага абласнога аб’яднання Дмітрый Гаравенка – пра траўматызм на вытворчасці і ўдасканальванне работы прафсаюзных пярвічак па ажыццяўленні гарамадскага кантролю па ахове працы.
Сакратар федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па міжнароднай рабоце Ганна Варфаламеева падчас выступлення спынілася на актуальных пытаннях прафсаюзнай работы, а таксама параіла больш увагі надаваць сацыяльнай падтрымцы і ахове моладзі і вядзенні дакументацыі.
Алена ЮРКОЙЦЬ