Рэпарцёр выходзіць у свет: якія мясціны варта кожнаму наведаць на Астравеччыне

09:21 / 29.11.2019
Мы пацікавіліся ў гараджан і гасцей горада, якія месцы на Астравеччыне  яны параілі б турыстам для абавязковага наведвання.

Наталля Андрыеўскаяпрыбіральшчыца:

Андрыеўская.jpg



– Кожнаму раю пабываць на адпустовых урачыстасцях у мястэчку Гудагай. Шмат гадоў святыняй, якая мае статус санк­туарыя і лічыцца асабліва намоленым месцам, апякаюцца кармеліты. А яшчэ ў мястэчку ёсць унікальная крыжовая дарога, якая расцягнулася больш чым на тры кіламетры праз палі, лясы і ўзгоркі. Штогод у ліпені на фэст прыязджае шмат людзей з розных куточкаў Беларусі.

Іосіф Вянгроўскі, вадзіцель:

Вянгроўскі.jpg



– У нас ёсць, што паглядзець, але няма каму паказаць і расказаць. Мне здаецца, што праз расповеды пра незвычайныя выпадкі і легенды, звязаныя з месцам, гісторыя ўспрымаецца лепш і лягчэй. 

Кожнаму абавязкова трэба пабываць у Гервятах і ўбачыць велічны касцёл, дэндрапарк і ўсталяваных на плошчы дванаццаць апосталаў. Варта пагля­дзець і на ўнікальную архітэктурную забудову ў Варнянах: касцёл, дом аптэкара, плябанію, жылыя дамы і вежу. Калі не памыляюся, яна адзіная ў Беларусі, што захавала свой першапачатковы выгляд.

Аліна Чайкоўская, настаўніца:

Чайкоўская.jpg



– Напэўна, і тыдня не хопіць, каб убачыць усе славутасці Астравеччыны. Па-першае, раю наведаць усе святыні, а не толькі такія разрэкламаваныя і добра вядомыя далёка за межамі нашага раёна, як гервяцкі ці міхалішкаўскі касцёлы, але, напрыклад, і кямелішкаўскі – прыклад драўлянага дойлідства. Шкада, што зусім беспадстаўна забыты сядзібы – іх не так шмат у нас засталося: маёнтак паноў Мінэйкаў у Дубніках, бібліятэка ў Трокеніках, дзе жыў знакаміты мастак Мар’ян Богуш-Шышка, дом-музей братоў Стэповічаў у Баранях… 

Каб больш даведацца пра флору і фаўну нашага краю, раю пабываць у Астравецкім лясгасе: наведаць экалагічную сцяжыну «У Альбекаў» і паглядзець на велічных аленяў і ланяў у вальерах. Мы ездзілі на экскурсію са школьнікамі, дзеткам вельмі спадабалася! 

Вера Даўнаровічпамочнік повара:

Даўнаровіч.jpg



– У нас вельмі прыгожая прырода, таму гасцям раіла б схадзіць у лес ці адправіцца  на рыбалку. Хто не бываў на Сарачанскіх азёрах, абавязкова павінен туды з’ездзіць: такой прыгажосці нідзе больш не ўбачыце!


Як вы лічыце, што ў першую чаргу варта паглядзець на Астравеччыне? Дзяліцеся ў каментарыях у суполках «АП» у сацыяльных сетках.
Текст:
Фото: Алёна Ганулич