Што рабіць, калі здарыўся пажар

08:54 / 26.11.2019
Прывітанне, сябры!

Я вось думаў-думаў, на якую тэму з вамі пагаварыць, і вырашыў: трэба нагадаць пра тое, што рабіць, калі здарыўся пажар.

Вядома, што загарэцца можа ўсё што заўгодна. І прычын для гэтага шмат. Па-першае, амаль ва ўсіх дамах ёсць агонь – ці то печкі паляцца, ці то газавыя пліты ўключаюцца. Дадайце сюды яшчэ тых, хто курыць, прычым менавіта ў  хаце. Па-другое, мы зараз і не ўяўляем жыцця без электрычнасці, а між іншым гэта таксама небяспечна: здарыцца недзе ў правадах замыканне – вось табе і пажар. Гэта калі коратка.

Толькі вы не спяшайцеся з высновамі, што вашы бацькі за ўсім пільна сочаць і рамантуюць у час, таму ў вашай хаце нічога не загарыцца. Ведаеце, бяда можа пастукацца і да вас.

Дык што рабіць, калі здарыўся пажар? Самае галоўнае – без панікі. А далей, спадзяюся, усе вы ведаеце, па якім нумары можна выклікаць выратавальнікаў – 101 альбо 112. Абавязкова назавіце дыспетчару адрас, што гарыць, ці ёсць людзі ўсярэдзіне, ці пагражае пажар суседнім дамам і будынкам. Гэта самае простае, што вы можаце зрабіць.



Калі бачыце, што полымя невялікае, паспрабуйце патушыць агонь самастойна, напрыклад, ручніком. Можна заліць вадой – але толькі не ўключаныя ў сетку прыборы ці палаючы алей.

А калі разумееце, што не можаце перамагчы агонь, выходзьце з хаты, а дзверы шчыльна зачыніце. Дапамажыце іншым жыхарам выйсці на вуліцу. 

Калі раптам здарыцца, што пажар «не выпускае» вас, – выходзьце на балкон і клічце на дапамогу.

Яшчэ часцей бывае, што  памяшканне запоўнена дымам. Дарэчы, ён вельмі небяспечны: у ім утрымліваюцца таксічныя рэчывы, удыханне якіх на працягу некалькіх хвілін можа стаць смяротным. Таму трэба закрыць рот і нос мокрай анучай, легчы на падлогу – знізу дыму менш – і паспрабаваць выпаўзці з хаты. Таксама, калі няма магчымасці выйсці на вуліцу, можна пачакаць пажарных, схаваўшыся ў пакоі, дзвярныя шчыліны якога абавязкова павінны быць закладзены мокрай анучай. 

Напрыканцы я нагадаю вам пра тое, чаго рабіць пры пажары нельга:

– карыстацца ліфтам;

– адкрываць вокны;

– вяртацца ў хату: што б вы ні забылі там, памятайце, што жыццё даражэй;

– бегаць, калі загарэлася адзенне, – каб патушыць полымя, накіньце на яго коўдру.

З павагай Ягор


Текст: Главный администратор