Наш зямляк заваяваў міжнароднае «серабро»
Віталь Бандарэнка стаў сярэбраным прызёрам міжнароднага турніру па боксе памяці героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава.
Спаборніцтвы прайшлі ў Мінскім палацы спорту, дзе за перамогу змагаліся баксёры з шаснаццаці краін свету. У складзе беларускай каманды ў вагавой катэгорыі 75 кілаграмаў выступалі і нашы землякі – Віталь Бандарэнка і Аляксандр Філіповіч.
Ужо ў першым баі жараб’ёўка звяла Аляксандра Філіповіча з чэмпіёнам Еўропы з Шатландыі. Астраўчанін прадэманстраваў упартасць і вытрымку, але сапернік быў мацнейшым.
Віталь Бандарэнка выступаў як сапраўдны профі. Лёгка і ўпэўнена ён пакінуў па-за рынгам саперніка з Кыргы з стана і суайчынніка з Віцебска. У фінальным паядынку за «золата» Віталь сустракаўся з англічанінам. Бой атрымаўся насычаным, відовішчным і спрэчным. Большасць гледачоў да апошняга былі ўпэўнены, што перамог Бандарэнка, але суддзі вынеслі іншы вердыкт – 2:3 на карысць саперніка. Наш зямляк стаў сярэбраным прызёрам.