Наступает новый матриархат?

11:09 / 23.11.2019
522
Двухдзённую камандзіроўку ў Мінск выкарыстала, што называецца, прыемна і з карысцю: у перапынку паміж удзелам у прафсаюзным форуме і працай з архівам «Астравецкай праўды» ў Нацыянальнай бібліятэцы наведала выступленне нацыянальнага балета Грузіі «Сухішвілі». Што гэта быў за канцэрт! Мужчыны, здаецца, пераадолелі сілу зямнога прыцягнення і ляталі над сцэнай; жанчыны плылі па ёй, нібы па вадзе, без адзінага руху… І галоўнае – адносіны мужчын да жанчын: ні дотыку, ні слоўца – а відаць, што яна – каралева яго сэрца, а ён дзеля яе гатовы на ўсё. 



Доўга яшчэ потым не пакідала адчуванне светлай узнёсласці. Аж да наступнага ранку, калі ў аўтобус, што павінен быў адвезці нас на форум, зай­шла худзенькая жанчынка з ладным заплечнікам і накіравалася да адзінага вольнага месца:

– Каля вас можна прысесці? – пацікавілася ў мужчыны, што сядзеў ля акна.

– Не, тут занята – зараз мой хлопчык прыйдзе.

«Хлопчык» і сапраўды неўзабаве з’явіўся – гадоў пад сорак і вагой пад цэнтнер. Яны ўсю дарогу нешта весела абмяркоўвалі – а жанчына з заплечнікам стаяла побач.

Уяўляю, як нехта (вядома ж, мужчына!) хмыкнуў: знайшла што параўноўваць – балет і рэальнае жыццё!

А іншы ўсміхнуўся: за што змагаліся! Хацелі роўных правоў – атрымайце і распішыцеся!

Але ж жанчыны змагаліся зусім не за тое, каб цягаць нароўні з мужчынамі шпалы! І не за права слухаць мацюкі, нават не прыпраўленыя словамі прабачэння; стаяць у аўтобусе з цяжкай сумкай, калі дужыя мужчыны сядзяць, – а ўсяго толькі за права людзьмі звацца! Бо нават слова «чалавек» у некаторых мовах свету – у прыватнасці, ва ўкраінскай, ды і многіх раёнах Беларусі – адносіцца толькі да асоб мужчынскага полу. 

І мужчыны незаўважна пералажылі на жаночыя плечы ўсё, што можна: работу, хатнія клопаты, выхаванне дзяцей. Яшчэ і пацвельваюць: за што змагаліся… І цяпер ужо не жанчыны адчуваюць сябе прынцэсамі і каралевамі, а мужчыны – прынцамі і каралямі; не хлопчыкі пішуць дзяўчынкам запіскі (ну добра – СМСкі), не юнакі робяць дзяўчатам прапанову рукі і сэрца, не мужчыны забяспечваюць сям’ю. Ці, скажам так – не толькі яны. 

Дык што, наступае эра новага матрыярхату?

…А мне ўсё ж верыцца, што не. Што неяк пераломіцца бабскасць у мужчын – і не трэба будзе жанчынам быць мужнымі і моцнымі. 

І стане ўсё так, як ад веку заведзена!
Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений