Шестьдесят лет прожили вместе Эдвард и Янина

15:49 / 21.11.2019
– Дзе тут дом Гражулёў? – прыпыніўшыся ў Петрыках каля крайняй хаты, спыталіся мы ў бабулі, якая прыбірала апалае лісце.

– Дык гэта ён і ёсць, – паказала рукой на акуратны жоўты дамок жанчына. – А чаму вы цікавіцеся?

– Дык, чулі, Эдвард Бранісла­вавіч і Яніна Іванаўна Гражулі пражылі разам шэсцьдзясят гадоў. Няшмат у раёне такіх пар, што брыльянтавае вяселле адзначылі. Хацелі напісаць пра іх.

– А, дык вы з газеты? – здагадалася бабуля. – З астравецкай? Вось жа зачасцілі да нас журналісты: з Маладэчна прыязджалі, цяпер вось вы… Ну праходзьце ў хату, я зараз…

Так мы пазнаёміліся з гераіняй будучага нарыса – 85-гадовай, але на свой немалады век вельмі спрытнай і ўвішнай Янінай Іванаўнай Гражуль. 

А гаспадар сустракаў нас дома – хварэе ён апошнім часам. Перад нашым прыездам толькі вярнуўся з бальніцы.

– Ну што ж хацець? – раз­водзіць рукамі Эдвард Браніслававіч. – Усё ж такі  93-ці год пайшоў… Неяк доктар прыязджаў з Гервят, дык наказваў: «Вы, Гражуль, трымайцеся – адзін вы  з мужчын у такім узросце на ўвесь сельсавет засталіся. Жанчыны-доўгажыхаркі ёсць, а мужчыны цяпер столькі не жывуць». Ну вось, трымаюся… У нашым родзе ўсе доўгажыхары: пяцёра нас у бацькоў – і ўсе доўгага веку. Хоць я, калі па праўдзе, ужо стаміўся жыць…

0.jpg



Дык тое і не дзіўна. Хоць і адзначылі нядаўна Гражулі брыльянтавае вяселле – не брыльянтамі было ўслана іх доўгае сумеснае жыццё, а цяжкай сялянскай працай. Зрэшты, як і ва ўсіх вяскоўцаў таго пакалення.

– Я позна ажаніўся, у 27 гадоў, – расказвае Эдвард Браніслававіч. – Пасля вайны мяне ў армію прызвалі – адправілі на Данбас. Там працавалі ў шахтах – цяжка і, лічы, бясплатна, за харчы, і тыя слабыя. Пяць месяцаў я там пабыў – і ўцёк: немагчыма было трываць! Дабіраўся да хаты трое сутак цягнікамі, у тамбурах, ні капейкі грошай не маючы. У Мінск прыехаў – ужо нібы дома! Ад Солаў пехатой у Петрыкі прыйшоў. 

А праз некалькі  дзён мяне следчы выклікаў. Судзілі за тое, што ўцёк з Данбаса, год вольнага пасялення далі. Але тое пасяленне было, што воля: у Мінску працаваў, 100 рублёў зарабляў, 25 забіралі, 75 мне аддавалі, раз у месяц дахаты прыязджаў. Пасля, як пасяленне адбыў, яшчэ раз у армію прызвалі, але ўжо ў Бабруйск.

І ўжо толькі адбыўшы ўсе па­він­насці, Эдвард задумаўся пра жаніцьбу.

Яня, у дзявоцтве Лукша, жыла з бацькамі ў Гірах.  Пазнаёміліся яны на вячорках. 

– Прапускаў дахаты, – успа­мінае Яніна Іванаўна тыя далёкія гады. – Уважлівы быў, далікатны. Ну і сватоў неўзабаве заслаў.

Вяселле было, як кажуць, на два канцы: адзін дзень гулялі ў Гірах, другі – у Петрыках. 

Жылі з бацькамі мужа. І зараз у гэтай хаце жывуць: бацькоў дагледзелі, сваіх дзяцей выга­давалі. Працавалі абодва:  Эдвард Браніслававіч – будаўніком, конюхам, Яніна Іванаўна – у паляводстве, нейкі час нават звеннявой па лёну была. І кухаркай працавала – студэнтам, якія прыязджалі дапамагаць калгасу, абеды варыла.

А дома – свая гаспадарка. 

Дый дзеткі пайшлі: тры дачушкі адна за другой нарадзіліся.

– З гаспадаркі і жылі, – успамінае Яніна Іванаўна. – Ды яшчэ з лесу. Пойдуць грыбы – у лес ляціш, яшчэ і дачку каторую бярэш з сабою. Насушым грыбоў – і ў Вільню на базар. Глядзіш, нешта і прыкупіш.
Нічога незвычайнага ў іх жыцці, як лічаць Гражулі, не было – жылі, як і ўсе вяскоўцы.

– Адно, за што нам адна­вяскоўцы зайздросцілі – дружна мы жылі. Ён у гарэлку не ўлягаў, сям’ю глядзеў. Ніколі я бітая не хадзіла, слова дрэннага ад мужа не чула.

IMG_0142.jpg



Так вось неўпрыкмет і прайшло жыццё. Дочкі выраслі, дзве цяпер жывуць у Літве, адна ў Снігянах, што на Смаргоншчыне. Кожныя выхадныя то адна, то другая, то трэцяя праведваюць бацькоў. Сямёра ўнукаў у Гражулёў і столькі ж праўнукаў. 

Такі вось брыльянтавы вянец самага звычайнага сялянскага жыцця.


Парада брыльянтавых юбіляраў

– Як трэба жыць, каб пражыць разам усё жыццё? – перапытвае Яніна Іванаўна. – Саступаць – і аднаму, і другому. Найперш, вядома ж, жанчыне. Патураць мужу – каб ціха ў хаце было. А калі пачнецца: ты ідзі к чорту, а ты яшчэ куды падалей – то жыткі не будзе…
Текст: Нина Рыбик