Амаль пяцьдзясят гадоў у саўгасе «Падольскі» працуе Іосіф Шэша

10:03 / 17.11.2019
733
Прозвішча Шэша добра вядома на Астравеччыне: Дзмітрый разам з цесцем Міхаілам Козелам з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» не раз першымі ў сваёй гаспадарцы намалочвалі тысячу тон збожжа, а сёлета пасля працяглага перапынку саўгаснаму камбайнерскаму тандэму на фінішнай прамой жніва ўдалося ўварвацца ў лік першых пяці «тысячнікаў» раёна. 

Калі пра маладога камбайнера наша газета пісала неаднойчы, то пра яго бацьку – Іосіфа Шэшу не даводзілася. Ды нагода надалася – свята аграрыяў.

З механізатарам мы сустрэліся ля механічных майстэрняў у Падольцах.

3.jpg



– Усё жыццё працую ў адной гаспадарцы: аб’ядноўва­ліся калгасы, мяняліся старшыні і назвы гаспадарак, а я ўсё тут. Ды ўжо нікуды і не дзенуся, – з усмешкай расказвае мужчына. – Гэта цяпер маладыя шукаюць лепшай долі, а  ў нас у свой час была толькі адна дарога – у калгас. Большасць вяскоўцаў працавала на палях і фермах – вёскі жылі, а не дажывалі, як цяпер. 

Іосіф Юльянавіч родам з вёскі Навасёлкі, што ў Гервяцкім сельскім Савеце. У Падольцы яго прывяло каханне. 

– Ніну прыслалі на працу да нас у магазін. Глянулася яна мне з першага позірку: прыветлівая, усмешлівая, –  успамінае мужчына. – Калі пабраліся шлюбам, пераехалі на жончыну радзіму – у Падольцы. Праўленне калгаса дало жыллё, але з часам мы ўласны дом пабудавалі. 

У Шэшаў нарадзілася трое сыноў, двое з якіх, як і бацька, працуюць у саўгасе «Падольскі».

– Валодзя брыгадзір раслінаводчага ўчастка ў Падольцах. Дзіма механізатар. Тэхніку ён ведае як свае пяць пальцаў: кормараздатчык дапамагае рамантаваць, а зі­мой, бывае, дае мне выхадны – падмяняе на комплексе.

Апошнія дванаццаць гадоў механізатар на кормараздатчыку «Гаспадар» адзін корміць увесь малочна-таварны комплекс «Падольцы» – а гэта каля паўтары тысячы галоў. 

– У кормараздатчыку перамешваюцца мука, сілас, сянаж, жом і па транспарцёры трапляюць на кармавыя сталы, – расказвае пра сваю работу Іосіф Юльянавіч. – На комплекс я прыязджаю тры разы на дзень: раніцай, у абед і вечарам. Жывёла ж не будзе галоднай стаяць – як накормім, столькі малака і атрымаем.
 
Іосіф Шэша з той, на жаль,  знікаючай, катэгорыі вяскоўцаў, якія не могуць сядзець без працы. Шэшы трымаюць ладную гаспадарку і на сваім падворку. 

– А як жа без каровы ў вёсцы? – здзіўляецца мужчына. – Ёць кабанчыкі, куры – усё як мае быць. Праўда, гаспадаркай больш апякуецца жонка. Пакуль сілы ёсць – трэба рухацца! 

На развітанне цікаўлюся ў Іосіфа Юльянавіча, колькі гадоў ён працуе ў саўгасе. 

– Ой, нават і не злічу: да арміі тут працаваў і пасля дэмабілізацыі, дваццаць сем гадоў на трактары, апошні час на кормараздатчыку. Колькі гэта набягае? – мужчына стараецца падлічыць, а потым махае рукой. – Вы лепш у канторы пацікаўцеся, мне на комплекс пара – жывёлу карміць. 

На наступны дзень пасля нашай сустрэчы я патэлефанавала ў аддзел кадраў. Пачутае ўразіла: 48 гадоў і 7 месяцаў на адным месцы.

Няма чаго дадаць. Нізкі паклон вам, Іосіф Юльянавіч, за працу і адданасць роднай зямлі! 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений