Што б папрасілі работнікі сельскай гаспадаркі ў залатой рыбкі

09:01 / 17.11.2019
У трэцюю нядзелю лістапада  прафесійнае свята адзначаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. 

Людзям, якія аддалі не адзін год свайго жыцця аграпрамысловаму комплексу, мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.


1. Адкуль бярэ пачатак ваша дарога ў сельскую гаспадарку?

2. Раскажыце пра свой працоўны дзень. 

3. Хто або што займае самае значнае месца ў вашым жыцці?

4. Беларускі паэт Максім Танк напісаў, што прос­тае шчасце людское складаецца з «солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу, з роднага небасхілу...» З чаго складаецца ваша шчасце? 

5. Уявіце: вы злавілі залатую рыбку, якая можа выканаць тры жаданні. Што вы папрасілі б у яе для сябе, блізкіх і для прадпрыемства, на якім працуеце?

Надзея САСНОЎСКАЯ, дырэктар селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі

Сасноўская.jpg


1 Любоў да жывёлы ў мяне з дзяцінства. Калі надышоў час паступаць, на сямейным савеце я безапеляцыйна  заявіла, што буду ветэрынарам. Блізкія адгаворвалі, асабліва мама – яна хацела, каб я стала медсястрой, хадзіла ў белым халаціку. Толькі дзядуля падтрымаў мяне. Да гэтага часу памятаю яго словы: «Пакуль будзе існаваць род людскі – будзе жыць і сельская гаспадарка. Ідзі, дзіцятка, у ветэрынары – заўсёды бу­дзеш мець капейчыну». Я паступіла ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які дзейнічаў пры Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Пасля тэхнікума завочна адвучылася ў Гродзенскім аграрным універсітэце.

У юнацтве мы крыху адарваны ад рэальнага жыцця. Я думала, што буду лячыць ледзь не афрыканскіх тыг­раў ці кракадзілаў, а ў выніку ўсе мы прыходзім да кароў. Але я ніколькі не шкадую пра свой выбар. 

2 Вам пашчасціла, што сёння заспелі мяне ў кабінеце. (Усміхаецца.) Звычайна я на раёне, у гаспадарках. Ад фронту работ залежыць мой працоўны дзень. Па вялікім рахунку, на селекцыі і ветэрынарыі закручана ўся жывёлагадоўля, таму няма часу сядзець склаўшы рукі.

3 У маім жыцці цесна пераплецены сям’я і работа. Муж таксама працуе ў селекцыйна-племянным цэнтры жывёлагадоўлі. На жаль ці да радасці, работу з Аляксандрам мы не пакідаем на рабоце: за вячэрай абмяркоўваем, як прайшоў дзень, дзелімся планамі на заўтра. Калі зазірнуць у мой тэлефон, то у ім побач фотаздымкі сыноў і кароў. 

4 Самае галоўнае, што блізкія жывыя і здаровыя. Калі ім баліць – і мне свет нямілы. Не мной сказана, што здароўе ні за якія грошы не купіш. Людзі час­та не разумеюць: рукі і ногі ёсць – усё астатняе можна выправіць і змяніць. Шчаслівай мяне робяць блізкія і любімыя, а не  новыя сукенкі ці ўпрыгожанні. 

5 Для сябе ў залатой рыбкі я б папрасіла ўнутранай гармоніі, блізкім – здароўя. Любое прадпрыемства – гэта ў першую чаргу людзі. Кожнаму з маіх калег залатая рыбка няхай падорыць тое, чаго ім не хапае. 

Ірына КАЦУБА, дзяржаўны інспектар, аграном-аналітык інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін

Кацуба.jpg


1 У дзяцінстве я моцна любіла салодкае, таму марыла стаць кандытарам. Але, як бачыце, не атрымалася. (Усміхаецца.) А вось з агранаміяй мы сябруем больш за дваццаць пяць гадоў, хоць у сельскую гас­падарку я трапіла выпадкова. Я працавала ў цэнтры статыстыкі, а на другім паверсе будынка размяшчалася насенная інспекцыя. Яе тагачасны дырэктар Адамовіч пры сустрэчы неяк сказаў, што ў іх ёсць свабодная стаўка эканаміста па раслінаводстве, але патрэбна спецыяльная адукацыя. Я паступіла ў Навагрудскі аграрны тэхнікум – і стала працаваць у інспекцыі.

2 Работы хапае круглы год: правяраем насенне на вільготнасць, усходжасць, прымесі… Бывае, што непрыкметнае зерне кандыцыйнае, а жоўценькія, адно ў адно, зярняткі – няўсхожыя. 

3 Не ўяўляю жыцця без любімых: мужа, дзяцей, унукаў. Дочка з сям’ёй жыве з намі. Пасля работы не паспею адчыніць дзверы, як маленькі Арсень пытаецца: «Баба, сто купія: масынку ці канфетку?».

4 Раніцай з радасцю бягу на работу, а вечарам з радасцю вяртаюся дадому – напэўна, я шчаслівая жанчына! 

5 Для сябе і блізкіх я папрасіла б, напэўна, толькі здароўя. А для кожнага работніка інспекцыі – доб­рай зарплаты!

Станіслаў ІВАШКА, намеснік дырэктара па вытворчасці КСУП «Гервяты»

Івашка.jpg


1 Нарадзіўся я на Воранаўшчыне. Бацькі працавалі ў жывёлагадоўлі. Заатэхнія мне была больш  блізкай і зразумелай, чым агранамія. Вучыўся я ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Вытворчую практыку праходзіў у роднай гаспадарцы. Там, дарэчы, мог і застацца пасля вучобы: прапаноўвалі пасаду галоўнага заатэхніка, давалі новы службовы аўтамабіль і жыллё. Але я адмовіўся. Хацелася самастойна нечага дасягнуць. 

Яшчэ да размеркавання ва ўніверсітэт прыязджаў старшыня тады СВК «Варняны» Уладзіслаў Эдвардавіч Рук, які і прапанаваў мне работу. Хоць Астравец і лічыўся канцом свету, але ўсе імкнуліся размеркавацца бліжэй да дома. А ў «Гервяты» мяне перацягнуў Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, які пасля далучэння калгаса Карла Маркса да СВК «Варняны» працаваў намеснікам старшыні варнянскай гаспадаркі. 

2 Самы напружаны час – корма­нарых­тоўка. У сельскай гаспадарцы найбольшы прыбытак прыносіць жывёлагадоўля, таму ад таго, колькі і якой якасці кармоў мы нарыхтуем, залежыць дабрабыт усяго прадпрыемства. Раніца звычайна пачынаецца з планёркі, на якой размяркоўваем фронт работ на дзень. Зламаўся камбайн, нехта не выйшаў на работу – пытанняў, якія трэба тэрмінова вырашаць, узнікае шмат. У шэсць раніцы заскочыў у машыну – а выйшаў з яе толькі пасля дзевяці гадзін вечара. І так кожны дзень. Але мне не прывыкаць.  

3 Я раздзяляю паняцці «сям’я» і «работа». З вясны да позняй восені працую без выхадных. Дома бываю нячаста. Жонка не крыўдзіцца – яна працуе ў КСУП «Гервяты» галоўным эканамістам і добра разумее спецыфіку сельскай гаспадаркі. Затое зімой мы больш часу праводзім разам. У нашай сям’і ёсць некалькі традыцый: калі я дома, то ў нядзелю на сняданак у нас абавязкова бліны і скваркі. А яшчэ доўгімі зімовымі вечарамі я, жонка і сын лепім пельмені – гэтую традыцыю ў сям’ю я прынёс са студэнцкіх часоў. З аднагрупнікамі, якія жылі ў інстэрнаце, мы кожную суботу рабілі пельмені і ў адну закручвалі не фарш, а гарошыны перцу. «Шчасліўчык», які з’еў гэтую пельменіну, мыў увесь посуд. 

4 Ёсць добрае выказванне: багаты не той, хто шмат мае, а той, каму мала трэба. Так, напэўна, і са шчасцем. Калі ў цябе ёсць дом, дзе заўсёды чакаюць і прымаюць любым – здаровым і хворым, багатым і бедным, – гэта і ёсць шчасце. Я цаню імгненні, праведзеныя разам з блізкімі, а не матэрыяльныя здабыткі.

5 Не з маім шчасцем выцягнуць залатую рыбку: у жыцці я ўсяго дасягаў сам. Але ж памарыць ніхто не забараняе. Для сябе і сваіх блізкіх я папрасіў бы здароўя. Калі яно ёсць – тады і горы можна з месца ссунуць. Галоўнае толькі жаданне. Важна ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Калі нешта баліць ці турбуе – тады ўсё не ў радасць. Хоць КСУП «Гервяты» далёка не ў аўтсайдарах сярод гаспадарак раёна, але ж грошы лішнімі не бываюць. Залатая рыбка, чуеш? (Усміхаецца.) 

Ірына КЯЖУН, аграном-садавод КСУП «Варняны»

Кежун.jpg


1 У варнянскай гаспадарцы працую больш за пятнаццаць гадоў. Пачынала загадчыцай зернесклада. У 2011 годзе ў межах рэспубліканскай праграмы ў «Варнянах» закладвалі сучасны прамысловы сад, і тагачасны старшыня гаспадаркі Аляксандр Часлававіч Вярбовіч прапанаваў мне ўзяць гэтую справу пад сваё крыло. Страшна было – не расказаць,  але я вырашыла рызыкнуць. Пад сад выдзелілі сто гектараў, на якіх дрэвы высаджваліся на працягу пяці гадоў – кожны год па дваццаць гектараў. Моцна перажывала і хвалявалася, каб  саджанцы прыжыліся. Дзякаваць богу, кожная яблынька выжыла. 

2 Самая напружаная пара – восень, калі трэба сабраць ураджай. Рук не хапае, тады на дапамогу прыходзяць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць кожнаму, хто сёлета і ў мінулыя гады дапамагаў нам убіраць яблыкі. 

А ўвогуле работы ў садзе хапае круглы год. 

Гэта раней пасадзіў сад – і забыў. 

Найбольш мне запомнілася наша першая пасадка: холад, дождж бесперастанку барабаніць, пад нагамі вада хлюпае... А мы з дзяўчатамі справіліся. Дарэчы, многія з іх працуюць у садзе і па гэты час.

Садаводства – тонкая справа. У аптымальныя тэрміны не апрацуеш дрэўцы ад шкоднікаў – не атрымаеш ураджай. Яблыньку важна апрацаваць падчас растрэсквання першай пупышкі. А яшчэ абрэзаць лішнія галіны – так фарміруецца ўраджай на наступны год, абараніць ад грызуноў. Шмат клопатаў!

3 Асноўнае месца ў маім жыцці займае сям’я. Думаю, гэта закладзена прыродай у існасць кожнай жанчыны. Мне пашчасціла сустрэць сваю другую палавінку – Мечыслава. Пазнаёміліся мы, калі мне было шаснаццаць, а яму сямнаццаць гадоў. Я яго чакала з арміі, потым пабраліся шлюбам, нарадзілі дзетак. Старэйшы сын Павел выпускнік ваеннай акадэміі, а малодшы Артур яшчэ школьнік. 

Два гады таму мы купілі ў Варнянах дом. Усё ў маім жыцці склалася найлепшым чынам – побач мае мужчыны. Кажуць, што ў першага кахання кароткі век. Няпраўда! (Усміхаецца.) Нашае з Мечыславам доўжыцца ўжо дваццаць шэсць гадоў. 

4 Шчаслівай мяне робяць мае блізкія і работа. Калі ў дзяцей і мужа ўсё добра, я спакойная. Люблю сад вясной: яблыні стаяць у аблоках белай квецені, нібыта нявесты. А водар які! У такія імгненні разумею, што ў мяне самая класная работа ў свеце. Ператварэнне кветачкі ў яблык – сапраўдны цуд, сведкай якога я кожны год станаўлюся.

5 Хацела б адпачыць разам з сям’ёй на беразе яко­га-небудзь мора ці нават акіяна. Хоць, калі задумацца, гэту мару можна ажыццявіць. Для блізкіх папрасіла б у залатой рыбкі здароўя, а для нашай гаспадаркі – адраджэння. Вось каб «Варняны», як птушка фенікс, паўсталі з попелу і сталі б ранейшымі – паспяховымі і багатымі!


Текст:
Фото: Алёна Ганулич, Нина Рыбик