Вадзіцель сельгастэхнікі Аляксандр Сянюць дапамагае аграрыям вазіць ураджай
12:01 / 16.11.2019
Штогод вадзіцель Астравецкай сельгастэхнікі Аляксандр Сянюць дапамагае гаспадаркам раёна вазіць збожжа, буракі, траву і арганіку.
Трэба сказаць, што атрымліваецца гэта ў мужчыны добра. Летась падчас раённых «Дажынак» Аляксандр Сянюць быў прызнаны лепшым вадзіцелем цэнтравывазу з вынікам 368 умоўных тон збожжа.
– Яно само так атрымалася. У перадавікі ніколі не імкнуўся, стараўся працаваць добрасумленна – адсюль і такі вынік, – расказвае вадзіцель. – Перавозіць ураджай два гады запар дапамагаем тром гаспадаркам: КСУП «Варняны», «Міхалішкі» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». За дзень робім каля дванаццаці рэйсаў.
Цікаўлюся ў мужчыны, ці ўзнікалі ў яго думкі сысці з сельскай гаспадаркі ў больш прыбытковую галіну: падацца ў «дальнабоі» ці пайсці на будоўлю атамнай электрастанцыі.
– Была спроба – некалькі месяцаў на «міксеры» вазіў бетон. Але не маё гэта, чужое. Ды і я там чужы, – прызнаецца малады мужчына. Далёкія рэйсы таксама не па мне, не хачу надоўга пакідаць сваіх любімых дзяўчат – жонку Марыну і дачушку Танечку. Няма нічога даражэйшага на цэлым свеце за абдымкі свайго дзіцяці. Не паспею пераступіць парог, а мая шчабятушка бяжыць да мяне з усіх ног – «Та-а-а-тачка!». У такія імгненні я самы шчаслівы на свеце чалавек.
Сенюці жывуць у Беразоўцы разам з маці Аляксандра. Дарэчы, Тарэса Нарцызаўна шмат гадоў аддала сельскай гаспадарцы – працавала даяркай, цялятніцай, загадчыцай малочна-таварнага комплексу.
– Любоў да тэхнікі ў мяне ад бацькі, светлая яму памяць, – гаворыць Аляксандр. – Тата працаваў вадзіцелем у калгасе Карла Маркса, вазіў старшыню. У камандзіроўкі ў Мінск ці ў Гродна часта браў нас з братам.
Чамусьці запомнілася, як падчас адной з паездак у сталіцу тата абяцаў звадзіць нас у цырк, але нешта не атрымалася. Львоў і мядзведзяў мы не ўбачылі, але смачнага марожанага з’елі.
Добра там, дзе нас няма, – гэта не па чутках ведае Аляксандр Сянюць, які з дня ў дзень дапамагае вазіць ураджай вяскоўцам. А вечарам спяшаецца дадому, дзе яго чакаюць любімыя дзяўчаты.