На МТК «Германішкі» раскрылі сакрэт вялікіх надояў
09:21 / 16.11.2019
Мы завіталі на гэту малочную фабрыку, каб даведацца, з якім настроем працуюць работнікі, чым можа пахваліцца комплекс і чаму з году ў год тут самыя высокія ў раёне надоі.
З начальнікам комплексу Галінай Карвэцкай сустракаемся на парозе малочнага блока. Цікаўлюся, колькі цяпер дояць у «Германішках».
– Спачатку года надой ад каровы складае каля 9 150 кілаграмаў малака – а гэта больш амаль на 1 000 кілаграмаў, чым у мінулым годзе. Валавы надой перавысіў 5 600 тон малака – плюс 700 тон. Напэўна, хочаце спытаць пра сакрэт вялікага малака? – з усмешкай пытае жанчына. – Ён крыецца ў людзях. У нас дружны працавіты калектыў: кожны працаўнік разумее, што ад яго работы залежыць агульны вынік.
МТК «Германішкі» ў 2016 годзе заняў ІІІ месца сярод малочна-таварных комплексаў Гродзеншчыны. А звяно аператараў машыннага даення ў складзе Ванды Ягоравай, Ніны Сальмановіч, Ірыны Свілы, Алены Ельяшэвіч было прызнана лепшым у вобласці.
Аператар машыннага даення Ванда Ягорава працуе з дня заснавання комплексу
У прафсаюзным конкурсе «Наш жывёлавод» даярка Ірына Свіла за прафесійнае майстэрства ўзяла «бронзу» сярод аператараў машыннага даення, а ветэрынарны ўрач-гінеколаг Анатоль Сільвановіч пазалетась быў прызнаны чалавекам года Гродзеншчыны.
І гэта далёка не ўвесь пералік узнагарод…
Шлях да прызнання малочна-таварнага комплексу і яго работнікаў быў няпростым.
– Не адзін год я адпрацавала даяркай, праўда, на іншай ферме, – успамінае начальніца комплексу. – Дваццаць гадоў таму перадавымі працаўніцамі лічыліся тыя, хто ад каровы атрымліваў тры тысячы кілаграмаў малака. Тады нават і падумаць не магла, што нашы дзяўчаты будуць даіць больш за дзевяць тысяч кілаграмаў.
За кошт тэхналогіі, племянной работы прадуктыўнасць кароў павысілася ў некалькі разоў. Калі ферму «Германішкі» пераабсталявалі пад малочна-таварны комплекс, задача нумар адзін, якую паставіла перад сабой кіраўніцтва гаспадаркі і калектыў, была – сфарміраваць дойны статак высокапрадуктыўных кароў. На гэта пайшоў цэлы год.
Ветурач Андрэй Авіжэнь – з мясцовых. Пасля службы ў арміі юнак плануе вярнуцца на комплекс
Па словах ветэрынарнага ўрача-гінеколага і па сумяшчальніцтву аператара па штучным асемяненні Анатоля Сільвановіча, на комплексе спачатку зменшылі пагалоўе, выбракаваўшы кароў са схаваным масцітам. Потым завезлі новых рагуль. Сталі нараджацца цяляты, захаванасць якіх дасягала 100%. Так МТК «Германішкі» стаў комплексам з закрытым цыклам: уся жывёла тут, як кажуць, сваёй гадоўлі. Дойны статак цяпер складае 635 кароў, а ўсяго тут утрымліваецца больш за 1 800 галоў буйной рагатай жывёлы.
Таццяна Высоцкая даглядае 200 цялят
Зразумела, што ў пераходны перыяд «Германішкі» не выканалі прагнозных паказчыкаў па малаку – аднак намаганні і цярпенне былі недарэмнымі: праз год на комплексе выйшлі на новы ўзровень работы, а галоўнае – змянілася якасць малака. Цяпер на перапрацоўчыя прадпрыемствы больш за 90% германішскага малака паступае гатункам экстра.
Даільная зала комплексу разлічана на 32 каровы ў адзін заход. Першая дойка доўжыцца з 5.00 да 9.00, другая – 12.00 да 16.00, трэцяя – з 18.00 да 21.00. У абед не доіцца толькі група кароў перад запускам.
Склад даярак у апошні час крыху змяніўся: некаторыя пайшлі на заслужаны адпачынак, затое з’явіліся новыя – Таццяна Жукоўская і Ірына Андрушкевіч.
Даярка Таццяна Жукоўская ў «Германішкі» перайшла з фермы «Індрубка»
Хуткія і ўвішныя дзяўчаты апрацоўваюць вымя спецыяльным сродкам, уручную здойваюць першыя кроплі малака, абціраюць папяровай сурвэткай, а ўжо потым прымацоўваюць даільны апарат – пасля кожнай жывёліны яго трэба прамыць, а таксама пачысціць платформу.
Да пальцаў цялятніцы Наталлі Кандратовіч, як да вымені мамы, цягнуцца малышы
Да слова, працэс дойкі тут цалкам камп’ютарызаваны. Разумная машына не прапусіць праз спецыяльныя вароты кароў са схаваным масцітам. Хворых і навацельных рагуль у асобным памяшканні дояць Ганна Дарашкевіч, Таццяна Войдак, Ганна Гурштын і Тамара Букічова.
Ганна Дарашкевіч доіць хворых і навацельных кароў
А дапамагае ёй у гэтым Таццяна Войдак, якая сёлета атрымала ордэн Маці
Заатэхнік-селекцыянер Ірына Кузьміцкая адказвае за сарціроўку груп і ідэнтыфікацыю: з моманту нараджэння каровы пра фізіялагічны стан каровы, ветэрынарныя маніпуляцыі, яе прадукцыйнасць, ацёлы ўносяцца ў спецыяльную праграму. Гэта значна спрашчае работу спецыяліста: камп’ютар дапаможа сфарміраваць групы і падкажа, якая з рагуль патрабуе асаблівай увагі.
Заатэхнік-селекцыянер Ірына Кузьміцкая вядзе камп’ютарную базу, куды заносяцца ўсе звесткі пра жывёл
Зразумела, што вялікія надоі без збалансаванага кармлення дойнага статка проста немагчымыя. Летась на МТК «Германішкі» з’явіўся самаходны кормараздатчык нямецкай вытворчасці Silaking – падобнай машынай, абсталяванай камерамі відэаназірання, парктронікам і іншымі навамоднымі штукамі, не можа пахваліцца ніводзін малочна-таварны комплекс у раёне. На кармавы стол рагуль некалькі разоў на дзень трапляе спецыяльны камбікорм, які ўтрымлівае шэраг энергетычных дабавак.
Суперсучасным кормараздатчыкам кіруе Дзяніс Сідарэнка
У планах германішскіх жывёлаводаў надаіць ад каровы 10 тысяч кілаграмаў малака. Гледзячы на энергічную начальніцу комплексу, спрытных даярак, клапатлівых цялятніц, прафесійных ветэрынарных урачоў і заатэхнікаў, можна не сумнявацца, што ў іх гэта атрымаецца.