Дзе выступалі і што заваявалі юныя таленты Астравеччыны
У мінулым вучэбным годзе выхаванцы Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў заваявалі 144 дыпломы: 41 – міжнароднага, 20 – рэспубліканскага, 7 – абласнога і 76 – рэгіянальнага ўзроўня. У гэтым годзе юныя таленты са сваімі настаўнікамі таксама актыўна ўключыліся ў работу і ўжо прынеслі школе шэраг узнагарод.
Міжнародны конкурс мастацтва «Крыштальны васілёк».
Конкурс праходзіў у Мінску і яго ўдзельнікі дэманстравалі свае здольнасці ў некалькіх намінацыях. Астраўчане ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў.
Сярод вакалістаў народнага спеву Дыпломам лаўрэата І ступені ўзнагароджаны Раман Віткевіч, Дыпломам лаўрэата ІІ ступені – Альбіна Тымрук. Абое займаюцца ў Святланы Шаблінскай. Яшчэ адна яе вучаніца Нэлі Філіпчык адзначана Дыпломам ІІ ступені, а Нерынга Лукша, якую вучыць спяваць Алена Субач, атрымала Дыплом ІІІ ступені.
У намінацыі «Выяўленчае мастацтва» журы адзначыла Дыпломамі лаўрэата І ступені работы вучняў Вікторыі Варановіч, Данііла Гасперскага і Вікторыі Радчык.
Дыпломам І ступені ўзнагароджаны харэаграфічны калектыў AZART, кіраўнік Таццяна Лістратава. А юная цымбалістка Эмілія Далінчык, якая займаецца ў Людмілы Столяр, атрымала Дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Інструментальнае выкананне».
Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага народнага песеннага мастацтва «Жывая крыніца».
Уразіць прыгожым вакалам сталічнае журы рызыкнулі вучні Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама яе Варнянскага і Гервяцкага філіялаў.
Вучань Святланы Шаблінскай Раман Віткевіч неаднаразова заваёўваў самыя высокія ўзнагароды на розных конкурсах па народнаму спеву. Звонкі голас, прафесійнае выкананне і дзіцячая непасрэднасць і на гэты раз не засталіся незаўважанымі – астраўчанін узнагароджаны Дыплом лаўрэата І ступені.
Юныя спявачкі з Гервят Надзея Бразевіч і Паліна Урбановіч, якія займаюцца ў Алены Субач, вярнуліся дадому з Дыпломамі ІІІ ступені. Такую ж узнагароду атрымалі і вучаніцы Варнянскага філіяла школы мастацтваў Надзея Аўгуль і Эвеліна Навашынская (настаўніца Марына Кіб).
Рэспубліканскі конкурс «Дарога да мары».
Прайсці, а дакладней, станцаваць свой шлях да дасягнення запаветных мэт на конкурс адправіліся і няўрымслівыя «запальнічкі” харэаграфічнага калектыву AZART разам са сваёй настаўніцай Таццянай Лістратавай. Журы адзначыла задор, пластыку і харызму юных танцораў і ўзнагародзіла іх Дыпломам лаўрэата ІІ ступені.
Не менш паспяхова выступіла на конкурсе і абаяльная скрыпачка Яна Яльніцкая, якая займаецца ў Вольгі Гульбіцкай. Дзяўчынка атрымала Дыплом лаўрэта ІІІ ступені.