Насколько востребован Островецкий ФОК?

14:23 / 09.11.2019
829

Больш за год мінула з таго часу, як у Астраўцы адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Што змянілася з таго часу, ці запатрабаваны яго паслугі, мы пацікавіліся ў людзей, што тут працуюць , і тых, хто наведвае ФАК.


Таццяна Баранава, дырэктар фізкультурна-аздараўленчага комплексу:

IMG_4366 в печать.jpg

– За год з невялікім пасля адкрыцця комплексу ў яго рабоце змянілася многае.

Зрэшты, змены адбываюцца пастаянна: новыя паслугі адкрываюцца, а тыя, што дзейнічалі і карысталіся папулярнасцю, здараецца, закрываюцца. Усё залежыць ад наяўнасці спецыялістаў – у Астраўцы з гэтым вялікая праблема. Да прыкладу, жанчынам падабаліся заняткі па аквааэробіцы – але звольніўся трэнер, і пакуль яны прыпыніліся. У хуткім часе павінен прыйсці новы спецыяліст, і тады яны адновяцца. З-за той жа прычыны спыніліся і заняткі па гімнастыцы.

Затое набіраюць папулярнасць нядаўна адкрытыя лазневыя праграмы – шакаладная, імбірная, ідэальная фігура і іншыя – яны будуць развівацца і пашырацца. Запатрабаваны заняткі па навучанні дзяцей і дарослых плаванню, гульні ў настольны тэніс.

З апошняга: закупілі батуты, знайшлі трэнера – і ў хуткім часе адкрыем джампінг – гэта, калі хто не ведае, фітнес на батуце.

Так што развіццё нашага комплексу працягваецца. А галоўнае – людзі цяпер не пытаюць: «ФАК? А гэта дзе? І што там?» У нас ужо склалася пэўнае кола кліентаў, і яно ўвесь час пашыраецца. Тым больш што нават маршрут руху гарадскога аўтобуса зменены з тым, каб людзям было зручна даехаць.

Вераніка Сулікоўская, адміністратар ФАКа:

– Кіраўніцтва комплексу настройвае нас, адміністратараў, каб мы самі прайшлі праз усе паслугі, што прапануе кліентам ФАК – і гэта, я лічу, правільна: трэба ж ведаць, што параіць людзям. Скажам, некаторыя жанчыны баяцца наведваць трэнажорную залу, каб не «накачаць» мышцы – але ж гэта не прафесійныя трэніроўкі, ад некалькіх заняткаў вашы мышцы толькі прыйдуць у тонус! Да таго ж у нас у «трэнажорцы» працуюць выдатныя трэнеры – да прыкладу, Васіль Жвірко, майстар спорту па паўрліфтынгу, і раскажа, і пакажа, што і як рабіць. Наташа Рыбак вядзе спецыяльную праграму «Здаровая спіна», якая дазваляе падкарэкціраваць праблемы з пазваночнікам з дапамогай спецыяльных фізічных практыкаванняў.

IMG_4342.jpg

Найбольш запатрабаваны ў нас заняткі па дзіцячым плаванні, якія вядзе Андрэй Баранаў, – ужо створана пяць груп па 20 дзяцей, і набор працягваецца. Дарэчы, гэты ж трэнер вядзе заняткі па настольным тэнісе – яны таксама карыстаюцца папулярнасцю.

Людзей у ФАК прыходзіць шмат, праўда, пераважна мужчыны. Прыязджаюць з раёна і нават з суседніх гарадоў – з Ашмян, Смаргоні, нават з Вільнюса.

Крысціна Ляшчонак, вёска Лазоўка:

Я цяпер знаходжуся ў адпачынку па догляду малодшай дачкі – неяк не да забаў. У фізкультурна-аздараўленчы комплекс трапіла, можна сказаць, выпадкова: выйграла абанемент на заняткі аквааэробікай, што разыгрывалі ў сацыяльных сетках «Астравецкая праўда» і ФАК. Падумала: а чаму б і не? Не прападаць жа выйгрышу! Падгаварыла яшчэ адну аднавяскоўку – і ўдваіх ездзілі вечарамі ў басейн. Вам не расказаць, як нам спадабалася! Выходзіш з вады зусім іншым чалавекам – стомлены, але шчаслівы, сам сабе падабаешся!

Хацелі з сяброўкай прадоўжыць заняткі, але, на жаль, трэнер звольніўся.

Пётр Давідовіч, г. Ашмяны:

– Са спортам я сябрую даўно, з маладых гадоў актыўна займаюся валейболам. Увогуле ў нашым горадзе спартыўная база неблагая, толькі вось басейна няма, і, каб паплаваць, мы з сябрамі ці з сям’ёй прыязджаем у Астравец. Мне ў вашым новым ФАКу падабаецца: чыста, утульна, прасторны басейн, ветлівы і граматны персанал. А што другі горад, дык што за бяда – 20 хвілін на машыне! У Мінску, пэўна ж, даўжэй трэба было б дабірацца.

Эдуард Свірыд, г. Астравец:

– З усіх паслуг, якія прапануе наведвальнікам наш фізкультурна-спартыўны комплекс, я аддаю перавагу лазні. З першага свайго наведвання ёй не здраджваю, хіба што са сваёй хатняй. Цудоўна, канешне, што ёсць і іншыя – хай у людзей будзе права выбару, але я даўні і адданы прыхільнік лёгкай пары. Спрабаваў пасябраваць і з басейнам, ды неяк не атрымалася: гадзіны плавання мне мнагавата. Да таго ж басейн ёсць і ў лазні, так што задвальнення хапае.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений