Чекист-орденоносец Павел Гаспер

13:09 / 08.11.2019
451
Паўла Міхайлавіча Гаспера добра ведаюць у клюшчанскім краі і навакольных вёсках. Адносіны да яго заўсёды былі неадназначнымі: нехта лічыць яго героем, іншы – злачынцам. Але бясспрэчна тое, што гэты чалавек – адна з выбітных асоб нашай мясцовасці і варты таго, каб пра яго, па меншай меры, ведалі і помнілі. А ўжо як да яго адносіцца – хай кожны вырашае сам. Зрэшты, не нам судзіць і мілаваць – у кожнага некалі будзе адзін і той жа суддзя, які і аддасць кожнаму па заслугах.

Матэрыял пра Паўла Гаспера я сабрала даўно  – ён ляжаў, чакаючы свайго часу. Неаднойчы з вядомым краязнаўцам Яськам Драўніцкім мы абмяркоўвалі гэтую тэму,  думалі, ці варта дасылаць у рэдакцыю – але стрымлівала тое, што па афіцыйных  звестках Гаспер лічыцца літоўцам. Месцам яго нараджэння значыцца засценак Рудабесць, які зараз знаходзіцца на літоўскай тэрыторыі, у некалькіх кіламетрах  ад мяжы з Беларуссю. Мне ж неаднойчы расказвалі, што Гаспер паходзіць з Рудні, якая належала да былога Спондаўскага сельсавета (зараз вёска пустуе). 

Сёлета шчыльна занялася пошукам сведкаў і інфармацыі аб паходжанні Гаспера. Усе кропкі над «і»  дапамагла расставіць Зофія Шапель, якая ў свой час зрабіла поўную ксеракопію касцёльнай кнігі Клюшчанскай парафіі за 1909-1913 гады, дзе ксяндзом Уладыславам Сарасекам зроблены запіс аб тым, што Гаспер Міхаіл Крыштофавіч з жонкай Аленай, у дзявоцтве Кімбар, і шасцю дзецьмі  жыў у Рудні.

Старэйшым з дзяцей быў  сын Павел  1895 г.н. У Рудабесці ж на той час, згодна той жа кнізе, не было ніводнага чалавека з прозвішчам Гаспер.  Значыць, рэвалюцыянер, чэкіст, ардэнаносец Павел Міхайлавіч Гаспер мае дачыненне да нашага краю не толькі тым, што пахаваны на клюшчанскіх могілках, але і фактам свайго нараджэння.

З розных крыніц удалося атрымаць  афіцыйныя звесткі пра Паўла Гаспера – праўда, не абышлося без нестыковак у біяграфіі. Але ёсць яшчэ сведкі, якія дапамаглі ўзнавіць некаторыя старонкі яго жыцця.

i (6).jpg


Нарадзіўся Павел Гаспер у 1895 годзе ў, як мы высветлілі, вёсцы Рудня ў сям’і селяніна-серадняка. Пазней сям’я пераехала на жыхарства ў Рудабесць, якая знаходзіцца побач – але на тэрыторыі Літвы, адсюль і блытаніна з месцам нараджэння. У Вільні жыве Ана Вайцяховіч, дзед якой, Петр Тадэвушавіч Вайцяховіч,  сябраваў з Гасперам. Яна і яе мама Францішка Францаўна, а таксама Ліля Семашкевіч дапамаглі  ўзнавіць некаторыя прабелы біяграфіі. 

Першая жонка Паўла была з суседняй літоў­скай вёскі Світайлішкі, з ёй у яго нарадзілася двое дзяцей – сын і дачка. Невядома, ці забраў ён першую сям’ю ў Петраград – хутчэй за ўсё, яны заставаліся тут, на радзіме. Пазней у Маскве ў яго з’явілася другая сям’я, дзе таксама было двое дзяцей. 

Павел Гаспер рэзка асуджаў сына ад першага шлюбу за тое, што той не прыняў ідэалы Кастрычніка, не абараняў іх са зброяй у руках. Дарэчы, сын Паўла Гаспера загінуў у 1944 годзе – яго выпадкова застрэліў сяржант, які стаяў на ахове Руднянскага маста. Мост меў стратэгічнае значэнне, яго часта ўзрывалі і псавалі, там выставілі ўзброеную ахову, пад кулю якой па невядомай прычыне і трапіў малодшы хлопец.

Пазней, ужо пасля смерці Паўла,  яго першая жонка з дачкой выехалі ў Польшчу. 

Адна з сясцёр Паўла Гаспера Антаніна жыла ў Рудні.  Мясцовыя жыхары часта бачылі яе брата, на той час ужо вядомага чэкіста, калі ён прыязджаў у госці да радні. Сям’я Семашкеві­чаў жыла ў Ружаполлі, і Ліля ўспамінае, як Гаспер, ідучы з чыгуначнай станцыі Гелядня, заходзіў да іх адпачыць і распытаць пра мясцовыя навіны. Яе і бабулю маскоўскі госць частаваў шакаладам. Калі бываў на радзіме, не цураўся землякоў, любіў пагаварыць з вяскоўцамі ў Клюшчанах, Казаноўцы.  Расказваў пра падзеі ў краіне, пра службу, ганарыўся сваёй пасадай і ўладай,  якую яна дае. Хваліўся, што ад яго рукі загінула ворагаў народа больш, чым пахавана людзей на клюшчанскіх могілках. Хадзілі чуткі, што ён служыў у ахове Сталіна і на яго нават быў зроблены замах. Сваім пляменнікам ён увесь час наказваў, каб ішлі вучыцца.

Пятага сакавіка 1953 года памёр Сталін. Гэта важная ў маштабах СССР падзея не паўплывала на размеранае цячэнне жыцця ў Клюшчанах. Затое смерць Паўла Гаспера праз няпоўных два месяцы мела ў наваколлі шырокі розгалас і доўга абмяркоўвалася сярод сялян. Некаторыя ўзгадвалі, як ён гаварыў у свой апошні прыезд: «Запомніце: хутка памрэ Сталін, а за ім адыду і я».  Словы яго аказаліся прарочымі: слынны чэкіст нядоўга перажыў свайго ідэйнага правадыра.

Калі стала падводзіць здароўе, Гаспер падаў у адстаўку з-за хваробы сэрца. На адным з сайтаў прачытала, што інфармацыі аб яго смерці няма. Напэўна, таму, што, маючы дзве сям’і і шэраг важкіх дзяржаўных узнагарод, апошнія месяцы жыцця ён правёў у малодшай сястры Зосі ў вёсцы Рудабесць – аб гэтым расказала Францішка Вайцяховіч. Перад смерцю ён, нязломны пажыццёвы  партыец, сказаў сястры: «Калі Бог ёсць, то я прапаў, а калі не, то выйграў».

Памёр Павел Гаспер 26 красавіка 1953 года ва ўзросце 58 гадоў.

Пахавалі яго на клюшчанскіх могілках. 

Дзень пахавання добра памятае Ліля Семашкевіч, хоць ёй і было толькі 10 гадоў. У Клюшчанскую васьмігодку паступіла дэпеша, каб настаўнікі разам са школьнікамі сабраліся на пахаванне ганаровага земляка.

Дзень выдаўся халодны і ветраны, нябожчыка доўга не прывозілі, дзеці моцна замерзлі. Хавалі праслаўленага чэкіста з усімі ўшанаваннямі: павозку, на якой стаяла труна, накрылі чырвоным прасцірадлам, побач з труной ляжала падушачка з узнагародамі, выступалі прамоўцы, стаяла ганаровая варта, прагучаў ружэйны залп. 

На пахаванні сустрэліся абедзве яго жонкі: маскоўская з сынам гадоў 15-ці і дзяўчынкай гадоў 12-ці і світайлішская з дачкой – прычым масквічка нічога не ведала аб існаванні другой сям’і, была моцна здзіўлена і пакрыўджана.

…На магіле Гаспера нейкі час стаяў абеліск з чырвонай зоркай, якую неўзабаве нехта скінуў. Хто і калі замяніў абеліск на помнік, невядома – мяркуюць, што гэта зрабіла маскоўская сям’я, таму што надпіс на помніку на рускай мове. 

Медальён з фотаздымкам, на жаль, страціўся. Але я памятаю, што калі ўбачыла  партрэт на помніку, то падзівілася падабенству Гаспера са Сталіным. І не толькі знешняму – валасы, рысы твару: такі ж непахісна-рашучы і цвёрды погляд цёмных вачэй. Магчыма, гэта прыроднае падабенства – а можа, доўгія гады вернага, нават фанатычнага служэння свайму ідэйнаму правадыру налажылі адбітак не толькі на характар, але і на знешнасць мужчыны…

Сёння помнік Гасперу стаіць занядбаны, нават перад вялікімі святамі памінання продкаў ніхто не спяшаецца запаліць тут свечкі ці хоць бы абарваць навокал траву. Ці заслужыў такіх адносін да сваёй памяці чэкіст-ардэнаносец – не мне судзіць. Яго можна паважаць ці ненавідзець – але, безумоўна, гэты чалавек варты таго, каб пра яго ведалі і памяталі. 

3.jpg



Старонкі біяграфіі

У 1915 годзе Павел Гаспер вы­ехаў у Петраград і з ліпеня 1915-га па сакавік 1918 года працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам трубачнага завода. 

У красавіку 1917 года ўступіў у рады ВКП(б). 

З сакавіка 1918-га па красавік 1919 года быў камандзірам узвода інтэрнацыянальнага батальёна войскаў ВЧК у горадзе Самары. 

З красавіка па жнівень 1919 года знаходзіўся на Заходнім фронце як чырвонаармеец і старшыня ячэйкі ВКП(б) браняпоезда №2 на станцыі Дукшты. 

Са жніўня па кастрычнік 1919-га з’яўляўся курсантам савецка-партыйнай школы ў Маскве, пасля заканчэння якой па жнівень 1923 года працаваў начальнікам асобага аддзела ГубЧК горада Арэнбурга, а з 1923-га па 1927 год – упаўнаважаным і намеснікам начальніка асобага аддзела 2-й туркестанскай дывізіі ў Сярэдняй Азіі. 

Са студзеня 1927-га па сакавік 1928 года з’яўляўся слухачом Вышэйшай пагранічнай ваенна-партыйнай школы ОГПУ горада Масквы, пасля заканчэння якой па лістапад 1928 года быў намеснікам упаўнаважанага ГПУ горада Пакроўска Нямецкай аўтаномнай рэспублікі, а потым па май 1930 года працаваў камендантам і памочнікам прадстаўніка ОГПУ ў горадзе Саратаве. 

У маі 1930 года яго накіравалі ўпаўнаважаным асобага аддзела МВА горада Масквы, дзе пра­цаваў да красавіка 1932 года. Потым быў прызначаны начальнікам ОГПУ райОГУ горада Масквы. На гэтай пасадзе зна­ходзіўся па лістапад 1934 года. 

У снежні 1934 года прызначаны начальнікам Ляфортаўскага ізалятара. 

У чэрвені 1936 года, калі ў органах пачалася хваля рэпрэсій, Павел Гаспер прадбачліва падаў у адстаўку па хваробе і ў органах больш не працаваў. 

З 1932-га па 1934 год з’яўляўся членам бюро РК Мажайскага раёна Маскоўскай вобласці. 

Па май 1945 года – намеснік начальніка Бутырскай турмы.

У 1936-м атрымаў званне старшага лейтэнанта дзяржаўнай бяспекі, 20 верасня 1943 года – падпалкоўніка дзяржаўнай бяспекі.  

За бязлітасную барацьбу з контррэвалюцыяй у 1927 годзе начальнік ОДПУ ўзнагародзіў Гаспера баявой зброяй, у 1928 годзе за ліквідацыю бандытызму РВС СССР таксама ўручыў баявую зброю.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (12.05.1945),  Чырвонага Сцяга (03.11.1944), медалём «За баявыя заслугі» (20.09.1943), знакам «Ганаровы работнік ВЧК ОДПУ (XV)» (ВЧК ОГПУ) (31.08.1937)


Дзве гісторыі пра Гаспера (а можа, і не зусім пра яго)

Гісторыя першая

Пра гэты выпадак мне неаднойчы расказваў Іван Пятровіч Драўніцкі.  

Неяк ноччу ў завіруху яму, тады яшчэ маладому на­стаўніку, давялося пасля рэпетыцыі ў клубе ісці з Клюшчан у Казаноўку, дзе здымаў кватэру. Снегу намяло роўна з каменнай агароджай могілак. Праз свіст ветру чулася металічнае пазвякванне. «Гэта шаргацяць вянкі на магіле» – супакойваў сябе Яська. І тут нехта нібы кастлявым пальцам шкрабнуў яго па шапцы і пацягнуў за каўнер. Аглядацца, хто гэта, хлопец не стаў -- рвануў што ёсць моцы наўцёкі. 

Засопшыся, ускочыў у хату.

– Што з вамі? – устрывожана спытала гаспадыня кватаранта. 

Той расказаў. Гэта не здзівіла вясковую жанчыну: 

– Гэта, відаць, непрыкаяная душа Гаспера – за грахі яе зямля не прымае, вось яна і блукае па свеце. Я змоўлю пацеры, і яна больш вас не кране.

Але Драўніцкі не знаходзіў сабе месца – і адказу, што ж яго так напужала. Меркаваў, што, можа, хлопцы пажартавалі ці рысь ускочыла – ляснік Казімір Хадорскі пра такія выпадкі расказваў.

Як толькі развіднела, вырашыў Іван Пятровіч даследаваць месца начной прыгоды. 

На снезе віднеліся сляды дзяцей, што пайшлі ранкам у школу. Захаваліся і яго сляды – крокі спачатку звычайныя, а пасля таго месца, дзе  юнака нехта спужаў, – незвычайна шырокія. А тым самым месцы, акрамя ягоных, увогуле ніякіх слядоў, ні чалавечых, ні звярыных. Містыка! 

І тут нехта зноў шкрабнуў Яську па шапцы. Глянуў уверх: сухі бярозавы сук! Раней, калі ён хадзіў гэтай сцежкай, сук быў вышэй, а як намяло снегу, то ён і «схапіў» за шыварат.

Гісторыя другая

І ў мяне быў амаль містычны выпадак, звязаны з Гасперам.

Увосень, перад Усімі  Святымі, пайшлі мы са школьнікамі прыбраць могілкі ў Клюшчанах. Прыбралі магілы ветэранаў вайны і працы, знакамітых землякоў:  Клімовіча, Галіча, Яна Семашкевіча і іншых. Я расказвала дзецям пра пахаваных тут вядомых людзей, хацела паказаць ім і магілу Гаспера. Памятала, што яго пахаванне знаходзіцца каля тоўстай бярозы. Шукалі-шукалі – і ніяк не маглі знайсці. Тады спыніліся каля дрэва, і я расказала гісторыю Гаспера, як ён у дзяцінстве здзёр скуру з жывога сабакі, зрабіў бубен і грукаў па ім: існавала павер’е, што калі так зрабіць, то слава пра цябе далёка пойдзе. Так і атрымалася – пастушок з Рудні стаў вядомым чалавекам, служыў у сталінскай ахове.  

Усё гэта я расказала дзецям, пашкадавала, што не знайшлі месца пахавання, – і тут, азірнуўшыся, убачыла, што мы стаім каля самай яго магілы.  

Дзеці кінуліся за абгародку прыбіраць лісце. Я таксама нагнулася, каб парваць траву. І тут дзяўчынка выкінула лампадку, поўную бруднай смярдзючай вады – і ўсё гэта пырснула мне проста ў рот, на твар і ў вочы! Я аслупянела, не ведала, што рабіць –  было сорамна, брыдка, некамфортна. Хацела заплакаць, накрычаць на дзяўчынку – але яна сама разгубілася: ненаўмысна ж так зрабіла. 

Доўга я потым плявалася, мылася, выціралася – і баялася глянуць на помнік Гасперу: здавалася, гэта ён адпомсціў мне за тое, што расказвала дзецям непатрэбныя рэчы.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений