Заказаць дровы ці самому нарыхтаваць – што танней

14:50 / 01.11.2019

Ведаю, што дровы можна заказаць у любым лясніцтве. А колькі давядзецца чакаць у чарзе жадаючых і ці змогуць іх прывесці прама пад хату?

(З тэлефанавання ў рэдакцыю)


Гэтыя пытанні мы пераадрасавалі начальніку аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Алегу Бондзікаву.

– Каб выпісаць дровы, трэба звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства. Забраць іх з лесасекі можна ўласным транспартам ці тэхнікай лясніцтва, калі яна будзе свабоднай. Колькі давядзецца чакаць, залежыць ад чаргі на вываз дроў. Да прыкладу, на 1 лістапада ў Астравецкім лясніцтве яна складае чатыры чалавекі, у Гервяцкім – усяго адзін.


У залежнасці ад таго, які са спосабаў вывазу дроў вы абярэце, будуць адрознівацца і цэны – яны, дарэчы, аднолькавыя ва ўсіх лясніцтвах. Цялежка (каля сямі кубаметраў) бярозавых дроў пры самавывазе будзе кашаваць каля 130 рублёў. Дастаўка транспартам лясніцтва на адлегласць да трыццаці кіламетраў – каля 190 рублёў.

Дровы можна нарыхтаваць і самастойна, аднак толькі на вызначаных участках. Для гэтага з заявай трэба звярнуцца ў лясніцтва. На працягу двух дзён вам прапануюць ўчастак для высечкі. Калі ён вас задаволіць, трэба будзе зрабіць аплату ў касе лясніцтва. Пасля гэтага вам выдадуць ордар на нарыхтоўку дроў на корані і вызначаць яе тэрмін. Варта адзначыць, што дрэвы для высечкі пазначаюць пэўным колерам. Пра вываз драўніны абавязкова трэба папярэдзіць работнікаў лясной гаспадаркі – для фіксацыі колькасці кубаметраў. Калі ўсё будзе ў парадку, у ордары ляснічы ці майстар лесу зробіць адпаведную пазнаку – дазвол на вываз. Фізічныя асобы могуць нарыхтоўваць не больш за 50 кубаметраў дроў на корані за год.

Пры самастойнай нарыхтоўцы дроў цана кубаметра елкі і сасны складзе 7 капеек, бярозы – 11, асіны – 3, дуба – 12 капеек.

Дарэчы, у дрэваапрацоўчым цэху можна набыць адходы лесапілавання: гарбыль, абрэзкі і паліўныя брыкеты (тона каштуе 180 рублёў).

Текст: