АПэшка рассказывает о редакционной коллекции сов

11:23 / 03.11.2019
458
Пасля школы я адразу іду ў рэдакцыю. Але, па праў­дзе кажучы, сумна мне крыху з гэтымі бацькамі-журналістамі: яны ўвесь час занятыя – то са сваімі героямі сустракаюцца, то артыкулы пішуць, то чарговы нумар газеты да друку рыхтуюць. А я ўрокі хуценька зраблю – і баўлюся: кніжкі чытаю, малюю, мульцікі гляджу.

А яшчэ я люблю рэдакцыйную калекцыю соў разглядваць. Яны такія розныя: вялікія і маленькія, чорныя, белыя і рознакаляровыя. Ёсць у нас сава-падушка і сава-мыла – толькі спаць на іх і мыцца мне не дазваляюць. А яшчэ – кубкі і скарбонкі (у адной – я правярала! – нават грошыкі звіняць!), брошкі і падсвечнікі, падстаўкі для алоўкаў і нават для патэльні. Совы драўляныя, керамічныя, шкляныя, крыштальныя, пластыкавыя, жалезныя, васковыя, парафінавыя, пашытыя з тканіны, вышытыя крыжыкам і бісерам, выразаныя з дрэва і фанеры. І нават пудзіла сапраўднай савы, якая, мне казалі, загінула, цяпер жыве ў рэдакцыйнай калекцыі – гэтую саву Касяй завуць. 

12.jpg



Амаль кожны дзень я разглядвала птушак, якія, кажуць, вельмі мудрыя, а яшчэ славяцца тым, што знішчаюць шкоднікаў – гэтым, мне здаецца, яны нечым нагадваюць маіх бацькоў-журналістаў. Прыдумвала пра іх нейкія гісторыі і казкі – і ніколі не цікавілася: чаму ў рэдакцыі столькі соў, больш за 70 экзэмпляраў! І адкуль яны ўзяліся?

А на Дзень пісьменства ў Слонім мама Генрыхаўна з мамай Рыбік і мяне з сабой узялі. Яны там прэзентавалі рэдакцыйную калекцыю соў –  і столькі людзей да нас падыходзіла, захаплялася, цікавілася, чым гэтыя птушкі з нашай газетай звязаны,  – нават намеснік міністра інфармацыі гісторыю нашых соў выслухаў з цікавасцю! 

4.jpg



Я, канешне, парадавалася за сваіх бацькоў – але пры тым крыху крыўдна мне стала: нейкім чужым дзядзькам, цёткам і дзецям яны расказваюць пра нашых соў, – а я дык нічога пра іх не ведаю. Калі мама Рыбік даведалася, з-за чаго ў мяне настрой сапсаваўся, то ўсю дарогу назад расказвала пра рэдакцыйную  калекцыю. Так цікава! Аказваецца, што гэта не проста розныя фігуркі, а ў кожнай савы – свая гісторыя.

Я даведалася, што першую саву мае бацькі-журналісты атрымалі дзесяць гадоў таму за перамогу ў інтэлектуальным турніры ў Ашмянах – яны так захапіліся гэтымі гульнямі, што і ўвесь наш раён на іх падсадзілі. А затым сённяшні капітан рэдакцыйнай каманды «Востраў шанцавання» дзядзечка Гена Галяк з Грэцыі магніцік з савой прывёз – з гэтага і пачалася калекцыя. 

І ведаеце, усе рэдакцыйныя совы звязаны з нейкімі газетнымі артыкуламі, рубрыкамі, праектамі, героямі публікацый, супрацоўнікамі ці сябрамі газеты. Да прыкладу, тры савы на жэрдачцы пашыла сваімі залатымі ручкамі Оля Рэбка – тая самая, што вяла ў нашай газеце праект «Неабмежаваныя магчымасці», які ў 2016 годзе атрымаў самую галоўную ўзнагароду друкаваных СМІ – Гран-пры конкурсу «Залатая Ліцера»! А саву, зробленую са звычайнага шклянога слоіка, нам падарыла пераможца навагодняга конкурсу сям’я Якавец. Крыштальную саву-падсвечнік прывезла з горада-пабраціма Астраўца Сасновага Бора журналістка Аліна Цішчанка. А кубак з савой падарыў уладальнік вялікай крыштальнай савы, капітан тэлевізійнай каманды знатакоў Фёдар Шведаў.

Але найбольш соў у калекцыі журналісты і сябры газеты прывезлі са сваіх вандровак – яны тыя яшчэ жабкі-падарожніцы, вось толькі мяне пакуль нікуды не бяруць… Я, калі даведалася, колькі соў да нас прыляцела з розных краін свету, разлажыла на падлозе геаграфічную карту – і давай птушак вяртаць на іх радзіму. І цяпер я ведаю, дзе знаходзіцца Іспанія – адтуль, дзядзя Гена Галяк прывёз дзве вельмі прыгожыя драўляныя савы: адна зробленая з пробкавага дрэва, а другая – мазаічная. А дзве птушкі нават з Афрыкі, з Егіпта, да нас прыляцелі: іх прывезлі мама Генрыхаўна і наша прыгажунька Ангелінка Мікліс. А яшчэ я ведаю, дзе знаходзяцца і чым знакамітыя Шры-Ланка, Кітай, Грэцыя, Італія, Сан-Марына, Чэхія, Польшча. І з Шатландыі, з самага вялікага ў свеце цэнтра соў, дзе бралі крылатых «артыстак», каб здымаць у фільме пра Гары Потэра, у нас ёсць сава! А яшчэ – з украінскіх Кіева, Адэсы і Львова, з расійскіх Екацерынбурга, Навасібірска, Санкт-Пецярбурга, Сасновага Бора, Пскова, Петразаводска, Йашкар-Алы. 

І геаграфію роднай Беларусі со­вы мне дапамаглі вывучыць. Ця­пер я на карце беспамылкова знаходжу Дудуткі, адкуль «прыляцелі» сава – васковая свечка і сава, зробленая са звычайнай шышкі; Траецкае прадмесце Мінска, дзе зрабілі металічную жалезную птушку; Гродна – там падчас Казюкаў знай­шлася вельмі мудрая самаробная сава, якая раіць ніколі не засмучацца, не спяшацца і заўсёды ўсміхацца – так і буду рабіць! Некалькі соў з’явілася ў калекцыі пасля вандровак маіх бацькоў-журналістаў у Мядзел, Іўе, Шчучын, Мір, Слуцк – апошнюю, дарэчы, яны таксама на інтэлектуальным турніры атрымалі. І, безумоўна ж, з Дня пісьменства ў Слоніме мамы Рыбік і Генрыхаўна соў прывезлі – ажно тры. 
А колькі іх нам сябры «Астравецкай праўды» падарылі –  нават не злічыць!

IMG_7845.jpg

Сава з Шатландыі



І вось, разгледзеўшы ўсіх соў і пад­ву­чыўшы з іх дапамогай геаг­ра­фію Беларусі і свету, я злавіла сябе на думцы: астравецкіх мудрых птушак у нашай калекцыі няшмат… Так, ёсць экзэмпляр, вышыты крыжыкам Наталляй Волк-Леановіч і бісерам – супрацоўнікамі  тэрыта­рыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва; выразаная з фанеры дзецьмі ў цэнтры творчасці і пашытая нашай Светачкай Фёдаравай, падораная на дзень нараджэння газеты Аляксандрам Марозавым і на наваселле Андрэем Касцюком, сплеценая з газетных трубачак Ленай Грабоўскай. І ўсё?! А ў нас жа столькі народных майстроў, якія працуюць у самых розных тэх­ніках: вяжуць, шыюць, з дрэва выразаюць, з металу куюць, з саломы плятуць, стужкамі вышываюць – злічыць немагчыма! 

Дык вось, думаю я, што хутка па рэдакцыйных совах можна будзе не толькі газетныя рубрыкі і геаграфію вывучаць, а яшчэ і імёны нашых майстроў-рукадзельнікаў – і расказваць пра іх дзецям, якія часта прыходзяць у рэдакцыю.  Хай ведаюць пра таленты зямлі астравецкай! 
А я згодна правесці экскурсію… Але толькі пасля ўрокаў!


Ваша АПэшка



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений