Калі з’явіцца лёд…

14:57 / 31.10.2019

Невыкананне правілаў бяспекі на вадаёмах восенню можа пашкодзіць здароўю ці ўвогуле адняць жыццё.

Восеньскі лёд, пакуль яшчэ няма ўстойлівых маразоў, нетрывалы. Пакрысе з вечара ён скоўвае вадаёмы, але ўдзень адтае і робіцца рыхлым, хоць і захоўвае таўшчыну. Вось тут і хаваецца зманлівая бяспека.


У вадзе арганізм астуджаецца хутчэй, чым на паветры.


Звярніце ўвагу:

– у вадзе з тэмпературай 24℃ чалавек можа знаходзіцца 7-9 гадзін;

– пры 5-15℃ – 3,5-4,5 гадзіны;

– калі тэмпература вады 2-3℃, нават 10-15 хвілін у ёй могуць стаць смяротнымі;

– пры тэмпературы менш за 2℃ смерць можа наступіць праз 6-8 хвілін.


Акрамя пераахладжэння, прычынай смерці можа стаць халадавы шок, які з’яўляецца ў выніку раптоўнага траплення ў халодную ваду, – адбываецца спазма дыхальных шляхоў.

Калі вы выбраліся з вады ці некага выратавалі, трэба сагрэцца любым спосабам: можна рабіць фізічныя практыкаванні, дзе-небудзь атуліцца, выпіць гарачага чаю.

Пры нізкай тэмпературы паветра і немагчымасці высушыць адзенне, не здымайце яго.


Для сугрэву забараняюцца:

– гарачы душ ці ванна;

– расціранне скуры;

– адкрыты агонь;

– алкаголь.

Аксана КАРДАШ,
старшыня раённай арганізацыі ТВВАД

Аляксандр САЧАК,
існпектар Астравецкага РАНС

Текст: Главный администратор