Почему старики просятся в дом престарелых?

13:23 / 29.10.2019
629
На прыём да дэпутата бабулька прыйшла – старэнькая, чысценькая, акуратная. Пра жыццё сваё расказала, дзе і кім працавала, якія ўзнагароды мае, як дзяцей цяжка падымала без мужа.

А затым з просьбай звярнулася:

– Каб вы мне як дапамаглі ў дом састарэлых уладкавацца…

Дэпутат, які не чакаў такога павароту размовы, аслупянеў:

– Як? Чаму? У вас жа, вы казалі, дзеці ёсць.

– Так, ёсць, – заківала бабулька. – Два сыны. Але цяжка ім… Адзін хворы, жонка яго кінула, дзеці не паказваюцца – хоць бы ён сам сябе дагледзеў, не тое, што мяне. А другі далёка, у горадзе, сям’я ў яго, жонка гарадская – што мне там рабіць, старой вясковай бабе: не так стану, не так сяду… Вось каб мне ў дом састарэлых, дзе ўсе такія ж, як і я, – дык, здаецца, нічога болей не хацела б…

– Ну добра, калі вы так хочаце, – пасля роздуму пагадзіўся дэпутат. – Зараз арганізуем!

– Але ж я не хачу, каб у нашым раёне! – выказала другую, самую цяжкую для ажыццяўлення, частку просьбы бабуля. – Каб вы як дапамаглі мне на радзіму вярнуцца, у той раён, адкуль я сюды ў юнацтве прыехала. Нікога ў мяне там не засталося – але ж там і сонца вышэйшае, і дрэвы зелянейшыя.

А галоўнае – там ніхто ні мяне, ні маіх дзяцей не ведае і не будзе папракаць сыноў, што аддалі матку ў дом састарэлых. Гэта ж не яны мяне выпраўляюць – я сама так захацела, навошта ім жыць з пачуццём віны і слухаць кпіны…



…Размова гэтая, міжволь­ным сведкам якой мне давялося стаць, выконваючы свае журналісцкія абавязкі, адбылася падчас  аднаго з прыёмаў грамадзян. Па праўдзе кажучы, не ведаю, ці ўдалося народнаму абранніку выканаць незвычайную просьбу бабулі. 

А ўспомніла я гэтую гісторыю падчас сёлетняй перадвыбарчай кампаніі невыпадкова. Значная частка пастаяльцаў і ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы,  і ў Падольскім доме сумеснага пражывання пажылых людзей – нечые бацькі. Не, я не збіраюся асуджаць і ганьбаваць іх дзяцей – не маю на гэта ніякага права. У кожнага свая жыццёвая сітуацыя: магчыма, дзеці ці іншыя родзічы і сапраўды не маюць магчымасці даглядаць састарэлых бацькоў, а мо, бацькі самі некалі дзяцей не глядзелі і цяпер пажынаюць тое, што ў свой час пасеялі. 

Але трэба, мне здаецца, на заканадаўчым узроўні прыняць рашэнне, па якім дарослыя дзеці  павінны ўтрымліваць  сваіх састарэлых нямоглых бацькоў. А калі ў іх па нейкай прычыне няма магчымасці гэта зрабіць, і дом састарэлых ці прыватны пансіянат для догляду старых, якіх зараз з’яўляецца нямала,  для ўсіх – найлепшае выйсце, то няхай кампенсуюць расходы на ўтрыманне сваіх бацькоў ці родзічаў, і не толькі прыватнікам, якія ў любым выпадку ў накладзе не застануцца, але і дзяржаве.

Зрэшты, ёсць жа ў нас Дэкрэт №18, які абвязвае бацькоў, што не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей,  кампенсаваць расходы на іх утрыманне. Чаму б не прыняць такі  і ў адносінах да дзяцей, якія не клапоцяцца пра бацькоў? Дзіцячых дамоў у Беларусі амаль не засталося – мо, такім чынам і дамоў састарэлых паменшае, а ў тых, што застануцца, будуць хатнія, камфортныя ўмовы для пажылых.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений