Будут ли развиваться личные подсобные хозяйства?

08:38 / 29.10.2019
610
Адышлі ў нябыт часы, калі на кожным вясковым падвор’і  трымалі карову ці некалькі і нават у невялікіх вёсках статкі асабістай жывёлы налічвалі да сотні галоў. Зараз слова «радоўка» ўжо забыліся нават у вялікіх вёс­ках: калі і трымае хто карову, то навязвае яе каля хаты.

Чаму так? Ці прайшлі мы ў развіцці асабістых падсобных гаспадарак кропку невяртання? Пра гэта я задумалася, калі падчас пасяджэння Варнянскага сельвыканкама разглядалі работу КСУП «Варняны» і іншых арганізацый па развіцці асабістых падсобных гаспадарак і закупу лішкаў сельгаспрадукцыі.


Толькі лічбы

У 61 населеным пункце Варнянскага сельскага Савета пражывае 3 458 чалавек, маецца 1 416 гаспадарак, утрымліваецца 203 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 163 каровы.

Найбольш кароў трымаюць жыхары аддаленых вёсак. Так, у Дубніках 23 рагулі, прычым усе – на адным павор’і. У Жарнэлях засталося 10 кароў, у Петраполі – 9, у Карвэлях – 12. І ў той жа час у аграгарадках Варняны – 13, Варона – 12

З пачатку года насельніцтва прадало 266 тон малака, што на 36 тон менш, чым за той жа перыяд летась.

У сярэднім ад адной каровы ў гэтым годзе закуплена 1 630 кілаграмаў малака. 

Куплю! Прадам… А хто заплаціць?

Мінуў і той час, калі вёскі аб’язджала конная павозка, застаўленая бітонамі, і малака­зборшчык, спыняючыся каля кожнага панадворка, зліваў у агульную тару ў каго тры літры малака, у каго – пяць. Цяпер прадукцыі з асабістых падвор’яў прадаюць непараўнальна менш – але закуп яе пастаўлены на сучасную аснову: у Варнянскім сельскім Савеце гэтым займаецца прыватны прадпрымальнік Антаніна Трот.

08110004 Фото Юрия Горида.jpg



– Працаваць зараз больш скла­дана, нават у параўнанні з 2014 годам, калі мы пачыналі, – гаворыць Антаніна Ягораўна. – Патрабаванні да якасці малака цяпер вельмі жорсткія. А людзі розныя бываюць. Хоць да многіх, з кім мы супрацоўнічаем не адзін год, ніколі не ўзнікае прэтэнзій.

Антаніна Трот называе про­звішчы сваіх шматгадовых доб­ра­сумленных кліентаў: Ра­гоў­скія з Дубнікаў, Валянціна і Тарэса Масойці з Жарнэляў, Кучэўскія з Варнян, Вашкевіч з Беразоўкі –  і працягваць яна можа доўга…

– Але ёсць і такія, хто з санітарыяй «не сябруе», не хоча ці не можа ахаладзіць малако, спрабуе выліць у агульны бітон удой ад хворай каровы – і тады ўзнікаюць канфлікты. Да слова, мы прымаем толькі ахалоджанае малако, тэмпература якога павінна быць не больш за 10 градусаў. Разумеем, што летам зрабіць гэта не так проста – не ў кожнага ёсць халадзільнікі дастатковай умяшчальнасці. Аднак да нас таксама прад’яўляюць вельмі жорсткія патрабаванні. І калі раптам малако скісне, завод яго вяртае – тады ў накладзе застаюцца ўсе: і добрасумленныя малаказдатчыкі, і тыя, па чыёй віне адбылося надзвычайнае здарэнне. 

З тымі, хто спрабуе «схі­мі­чыць» – здаць прадукцыю недастаткова чыстую, разбаўленую вадой ці ад хворай каровы, – малаказборшчыкі размаўляюць не менш жорстка, чым з імі самімі на заводзе. І калі папярэджанні не дзейнічаюць, не прымаюць тавар ад нядобрасумленных мала­каздатчыкаў.  

– Але не гэта галоўная бяда, – дзеліцца набалелым Антаніна Ягораўна. – Асноўная на сёння праблема – разлікі за малако. Пакуль Смаргонскі завод выплачваў грошы кожныя 10 дзён непасрэдна малаказдатчыкам, усё было добра. Сёлета сістэма змянілася: завод пералічвае «малочныя» грошы КСУПам, а тыя ўжо разлічваюцца з людзьмі і з намі. Фінансавае становішча КСУП «Варняны» цяжкае – і людзям затрымліваюць выплаты.

Малаказдатчыкі тэлефануюць мне, патрабуюць, нават скандаляць – а што я магу зрабіць? З намі гаспадарка таксама не разлічылася яшчэ за жнівень (наша размова адбылася 22 кастрычніка – Н.Р.). А трэба купляць расходныя матэрыялы, паліва, зараз вось машына сапсавалася – рамонт дарагі…

Калі сітуацыя з разлікамі не выправіцца, то, думаю, закупляць малако будзе яшчэ цяжэй – і без таго невялікая колькасць малаказдатчыкаў яшчэ зменшыцца. 

– Хоць для многіх, ведаю, гэта добрае падспор’е, – працягвае Антаніна Ягораўна. – Асабліва для тых, хто жыве ў аддаленых вёсках і не мае магчымасці ўладкавацца на работу. За літр малака гаспадар атрымлівае 0,51267 рубля. Калі людзі трымаюць дзве-тры каровы, то за дзесяцідзёнку атрымліваюць па 200-300 рублёў ці нават больш. Пагадзіцеся, не шмат знойдзеш на вёсцы работ, дзе б за месяц можна было зарабіць да тысячы рублёў. 

«Палацаў не пабудавалі, але капейкі не лічым»

Як гэта – мець вялікую гаспадарку і жыць за кошт малака, мы вырашылі пацікавіцца ў жыхаркі Дубнікаў Соф’і Ра­гоўскай, якая трымае – вы толькі задумайцеся! – 23 каровы!

На парозе вясковай хаты нас сустрэлі немаладая ўжо, але рухавая жанчына і яе сын Мікалай. Даведаўшыся прычыну нашай цікавасці, здзівіліся: ну, трымаем гаспадарку – дык што ж тут незвычайнага? Раней у кожным двары кароўка стаяла…

IMG_0141.jpg



– Я заўсёды гаспадарку трымала: авечак, коз. Ну і кароў – адну ці дзве, – расказвае Соф’я Яўгенаўна. – Да работы з маленства прывучаная. Працавала медсястрой у доме-інтэрнаце. А калі яго закрылі, шкада стала ўсяго, што засталося. Адкупіла кароўнік, кармакухню, трактар, прэс-падборшчык…

Зямлю ў арэнду ўзяла. І завяла кароў. Колькі іх зараз? Ды нават не скажу дакладна. Больш за дваццаць… Сама, канешне б, не справілася: толькі падаіць іх колькі сілы трэба. Купілі даільны апарат, каб лягчэй было, – але з ім сыны займаюцца, куды ўжо мне, старой… Хлопцы дапамагаюць: адзін са мной жыве, другі ў Астраўцы, але таксама больш тут, на гаспадарцы. Ну і муж, Тадэвуш Альфонсавіч, – што ж без мужчыны можна зрабіць?

Зямлі малавата, трэба яшчэ прасіць у арэнду – кармоў на зіму не хапае. Вось і сёлета будзем сена дакупліваць. Калгас дапамагае, калі звернешся: салому дазваляе падабраць, якая  застаецца на полі. Але ж гэтым, як кажуць, не падапрэшся. Праца з жывёлай, вядома, цяжкая – але жывём з яе! Канешне, палацаў не пабудавалі – затое дзеці і ўнукі ўсё сваё ядуць, натуральнае: малако, смятану, тварог. Мяса закончыцца – зарэжам цялятка ці бычка. І грошы за здадзенае малако –  добрая прыбаўка да пенсіі. 

– Скажу так: я ў магазіне гля­джу не на цану, а на тавар, – дадае сын. – Спадабаецца рэч – куп­лю, колькі б яна ні каштавала. Хоць, вядома ж, каб тыя грошы зарабіць, папрацаваць трэба, і нямала. 

І маладыя працаваць не лянуюцца

Нехта скажа: людзі старэйшага пакалення – той яшчэ, савецкай, загартоўкі не могуць без працы, таму і трымаюць гаспадарку. А маладыя зараз лянівыя, не хочуць напружвацца, калі ўсё можна ў магазіне купіць. Толькі не варта ўсіх стрыгчы пад адзін грэбень: маладыя, як і пажылыя, – розныя. 

У Варнянах давялося пазнаё­міцца са шматдзетнай маці Інай Шапура, у гаспадарцы якой дзве каровы.

– У нас трое дзяцей, – расказвае Іна Міхайлаўна. – Да дэк­рэтнага адпачынку я працавала ў школе тэх­работнікам. Калі дзеці пайшлі, завялі карову: на стале ўсё сваё, эка­лагічна чыстае, а лішкі можна здаваць – неслабая капейчына атрымліваецца. Паглядзелі з мужам, што ад продажу малака маем столькі ж, як я зарабляю, – вырашылі яшчэ адну карову купіць. Я цяпер працую дома: сям’ю гляджу, дзяцей, гаспадарку. Даход ад малака нармальны, адна бяда – затрымліваюць апош­нім часам выплаты. А калі з гэтага жывеш, то адразу адчуваеш прарэху ў бюджэце. І з кармамі праблемы. Калгас нічым не дапамагае – у іншых гаспадарках, ведаю, выдзяляюць сенакос, пашу, а ў «Варнянах» – нічога. Добра, што мы на ўскрайку вёскі жывём, дык хоць ёсць дзе карову навязаць. А калі б у цэнтры хата стаяла, то і не ведаю, што рабілі б. І з сенам цяжка, асабліва ў засушлівы год.

IMG_0110.jpg


Хто дапаможа? 

Пра тое, што ў КСУП «Варняны» людзей, якія трымаюць гаспадарку, пакінулі сам-насам з іх праблемамі, гаварылі і падчас вышэй узгаданага пасяджэння сельвыканкама. 

Натураплату, як было раней, ды і зараз ёсць у іншых гаспадарках, у «Варнянах» не выдаюць, кармоў – таксама. Адзіная «льгота» для «сваіх» – магчымасць купіць салому ў рулонах ці самастойна сабраць яе ў пракосах. А ў «чужакоў», якія жывуць у вёсцы, але не працуюць у гаспадарцы, і такой магчымасці няма.

– Я да 2015 года трымаў карову, – расказаў пра набалелае адзін з удзельнікаў пасяджэння. – Трымаў бы і далей – але як? Сенакос не даюць – а касіць на калгасным, па сутнасці, красці, я не прывучаны. Паша была такая, што каровы толькі ногі траўміруюць. Кармоў на зіму нарыхтаваць няма дзе.

Плюнуў – і стаў, як усе,  «гарадскім»: за малаком і смятанай іду ў магазін.

– Хоць, калі б была магчымасць, – з настальгіяй працягвае мужчына, – я б зноў завёў гаспадарку. Бо сырадой і магазіннае малако – гэта дзве вялікія розніцы. Дый попыт на натуральную сельгаспрадукцыю ёсць, гэтай справай можна займацца.

Асабістая гаспадарка – ці выгадны бізнес?

Попыт на натуральную прадукцыю не проста ёсць – ён увесь час павышаецца. Жыхары прыгарадных вёсак малако не здаюць – яго раскупляюць суседзі і гараджане. 

39680010 Фото Юрия Горида.jpg



Так, пакупнікі рызыкуюць – ні­хто не пытае ў прадаўцоў санітарнай кніжкі і аналізу прадукцыі, як таго патрабуе санстанцыя, – але не заўсёды пра якасць прадукцыі сведчыць штамп у кніжцы. Злёту раскупляюцца на гарадскім рынку ці за яго межамі хатнія тварог, смятана, яйкі, сыр. «Новыя астраўчане» часта цікавяцца, дзе можна набыць сапраўдную бараніну ці цяляціну, – і знаходзяць, прычым па саліднай цане. У гаспадароў, што трымаюць коз, чарга за карысным і пажыўным малаком. Да слова, у тым жа Варнянскім сельсавеце гараджане, што пераехалі ў вёску Даўнарышкі, трымаюць больш за сотню коз. 

Не трэба быць вялікім эка­намістам, каб прадказаць, што з улікам росту нашага горада і павышэння дабрабыту яго жыхароў попыт на натуральную сельгаспрадукцыю з прыватных гаспадарак  будзе толькі павышацца. І людзі, якія сёння вырашаць заняцца падсобнай гаспадаркай, заўтра будуць у выйгрышы. А значыць, выйграе і наш раён, і ўся краіна.

Вось толькі без дапамогі і падтрымкі асабістым падсобным гаспадаркам развівацца будзе ўсё ж складана... І важная справа можа заглухнуць на корані.

Дарэчы, на тым жа пасяджэнні Варнянскага сельвыканкама было прынята рашэнне, якое абавязвае сельвыканкам, кіраўніцтва КСУП «Варняны», гандлёвыя прадпрыемствы стымуляваць развіццё асабістых падсобных гаспадарак і аказваць ім патрэбную дапамогу.

Але што канкрэтна будзе зроб­лена ў гэтым накірунку і ці будзе зроблена ўвогуле – сказаць цяжка.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, Юрий Горид
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений