У Варнянах смакавалі булкі

16:03 / 24.10.2019

Духмяныя пірагі ды булкі, выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і канцэрт – на свяце «Смак Варнянскай булкі» маглі атрымаць не толькі эстэтычную асалоду, але і страўнік смачнасцямі пацешыць.

P0282676.jpg

Чаго толькі не было ў той дзень у аддзеле культуры і вольнага часу аг. Варняны! Пірагі ды булкі розных памераў, рознакаляровыя пернікі, арыгінальнай формы пячэнне – салодкі водар печыва распаўсюджваўся па ўсёй вуліцы і запрашаў вяскоўцаў завітаць на свята. Варнянцы і госці аграгарадка маглі не толькі паглядзець на гэту прыгажосць, але набыць прысмакі і вырабы мясцовых рамеснікаў.

На працягу дня працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Таленавітыя людзі Варнян». Вязаныя сурвэткі ды кофтачкі, вышытыя карціны ды падушачкі, выразаныя з дрэва шкатулкі, плеценыя кошыкі, вырабы ў тэхніцы арыгамі і многае іншае – ад разнастайнасці вочы разбягаліся.

1.jpg

Для дзяцей працавала гульнявая пляцоўка, дзе яны маглі пагуляць у бяспройгрышную латарэю ды паласавацца папкорнам.

Кульмінацыяй свята стаў канцэрт «Хлеб – жыцця ўсяго аснова». Артысты падрыхтавалі насычаную музычную праграму, а гледачы аддзячылі ім шчырымі апладысментамі. Свята атрымалася цёплым і душэўным – як той смак варнянскай булкі.

Наталля СТАКУН,
мастацкі кіраўнік аддзела культуры і вольнага часу аг. Варняны

Текст: Главный администратор