Пра кур’ёзы ў дарозе расказваюць астраўчане

11:43 / 27.10.2019
Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка наш карэспандэнт папрасіў вадзіцеляў з розным стажам прыгадаць кур’ёзны выпадак за рулём ці ў дарозе.

Леанід БОГДАН, вадзіцель рэдакцыі:

Богдан.jpg



– Амаль сорак гадоў за рулём. Тут галоўнае – не траціць пільнасці і ўваж­лі­васці, бо на дарозе ўсялякае можа быць. Дзякаваць богу, кур’ёзныя выпадкі са мной не здараліся. 

А вось некаторым вадзіцелям дзіву даюся! Неяк еду і бачу на ўзбочыне бландынку ля машыны. Па выразу твару жанчыны зразумеў, што нешта здарылася. Спыніўся і  прапанаваў дапамогу – ну не здужае яна памяняць прабітае кола! Як аказалася потым, ажно два колы прабіла. А ў прыгажуні з сабой ні насоса, ні дамкрата, ні запаскі. Вы б чулі, як яна па тэлефоне мужа адчысціла! Вось што значыць жанчына за рулём.

Іван БАРАДЫНКА, вадзіцель Белдзяржстраха па Астравецкім раёне:

Барадынка.jpg



– Ой, колькі вясёлых і не вельмі гісторый ведаю! Неяк знаёмы папрасіў яго машыну ўзяць на буксір і зацягнуць у аўтасервіс. Пра тое, што рулявая калонка няспраўная, гад, змаўчаў. Едзем-едзем… Думаю, паддам газу, а то да заўтра будзем цягнуцца. Ну я і газануў! А ў Славіка руль у руках застаўся. А я ж нічога не ведаю – і пасігналіць ён не можа. Даехалі да суседскага плоту, машыну не пабілі, але штыкеціны параўнялі. 

А аднаго разу ехаў на машыне з прычэпам – бульбу вёз. На выездзе з Астраўца тармозіць дзядок і просіць падвезці ў Малі. Вымушаны быў адмовіць старому – салон завалены гароднінай. Прыязджаю ў Варняны, глянуў у прычэп – і ледзь не зваліўся: сярод мяхоў з бульбай гэты стары сядзіць!  

Рэната ЯФІМАВА, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

Ефимова.jpg



– Самы, напэўна, кур’ёзны выпадак здарыўся, калі я вучылася вадзіць машыну. Маім першым інструктарам быў муж. Я ўжо ўпэўнена адчувала сябе за рулём, вось толькі не магла адрозніць, калі гарыць бліжняе, а калі дальняе святло. Едзем, вечарэе.  Пытаю ў мужа: 

– Миш, а на каком мы свете?

Ён не разгубіўся:

– На этом, дорогая, на этом!

Святлана РАМАНОЎСКАЯ, выконваючая абавязкі дырэктара спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву:

Раманоўская.jpg



– Вадзіцельскія правы я атрымала ў 2005 го­дзе. Ваджэнне здавала ў Смаргоні на іншай, чым вучылася ў аўташколе, машыне. Праехала скрыжаванне без праблем. Даішнік, які прымаў экзамен, скамандаваў развярнуцца на светлафоры, што я і зрабіла. Пакуль разварочвалася, вочы светлафора патухлі. Што рабіць?! Спрабую скінуць перадачу – не атрымліваецца. На нервах я з усяе сілы ўхапілася за рычаг – і ён застаўся ў руках. Экзамен я тады не здала, а ў Смаргоні яшчэ доўга ўспаміналі астравецкую дзяўчыну, якая вырвала каробку перадач. (Усміхаецца). 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич